1 Абвяшчаючы, не бойцесяі. 13 Засцярога ад хцівасці. 22 Ускладзіце на Бога сваю надзею. 32 Збірайце скарбы сабе на небе.
1 Тым часам, калі сабраліся процьмы народу, так што тапталі адзін аднаго, Ён пачаў казаць спярша Сваім вучням: «Беражыце сябе ад закісі, гэта значыць крывадушнасці, фарысеяў.
2 Няма ж нічога схаванага, што не адкрыецца, і таемнага, што не выявіцца.
3 Таму, што казалі вы ў цемры, пры святле будзе ўчута, і што вы прамовілі на вуха ў каморах, будзе абвешчана на дахах.
4 Кажу ж вам, Сваім сябрам: не бойцеся тых, што забіваюць цела, і пасля гэтага больш нічога не могуць зрабіць.
5 Але пакажу вам, каго баяцца. Бойцеся таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену. Так, кажу вам: гэтага бойцеся.
6 Ці не пяць вераб’ёу прадаюць за два асарыі? І ніводзін з іх не забыты перад Богам.
7 А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Не бойцеся: вы за шмат вераб’ёў даражэйшыя.
8 Кажу ж вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Чалавечы Сын вызнае перад Божымі анёламі;
9 а хто адцураецца Мяне перад людзьмі таго адцураюцца перад Божымі анёламі.
10 І кожнаму, хто скажа слова на Чалавечага Сына, яму даруецца; а таму, хто зняважыць Святога Духа, — не даруецца.
11 А калі будуць прыводзіць вас у сінагогі і да начальства і да ўлад, не турбуйцеся, як або чым апраўдацца, ці што сказаць;
12 бо Святы Дух навучыць вас у тую гадзіну, што трэба сказаць».
13 І сказаў Яму нехта з натоўпу: «Настаўніку, скажы майму брату, каб ён падзяліўся са мною спадчынаю».
14 Ён жа сказаў яму: «Чалавеча, хто Мяне паставіў суддзёю або дзялільшчыкам між вас?»
15 І сказаў Ён ім: «Глядзіце, асцерагайцеся ўсялякай хцівасці, бо калі хто і ў багацці купаецца, жыццё яго не залежыць ад яго дастаткау».
16 І сказаў ім упадабненне, мовячы: «У аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла зямля.
17 І ён разважаў сам сабе, кажучы: «Што мне рабіць, бо не маю куды скласці свае плады?»
18 І сказаў: «Вось што зраблю, разбяру свае гумны і прасторнейшыя пастаўлю і збяру туды ўсё збожжа і ўсё сваё дабро,
19 І скажу сваёй душы: «Душа, маеш шмат дабра, на шмат гадоў складзенага. Спачывай, еш, пі, весяліся».
20 Ды сказаў яму Бог: «Неразумны, гэтай начы тваю душу спагоняць ад цябе; а тое, што ты нарыхтаваў, каму дастанецца?»
21 «Так бывае з тым, хто збірае для сябе, а не багацце ў Бога».
22 І сказаў Ён Сваім вучням: «Дзеля таго кажу вам: не турбуйцеся пра жыццё што вы будзеце есці, ані пра цела, у што вы будзеце адзявацца.
23 Бо жыццё важнейшае за яду і цела — за адзенне.
24 Паглядзіце на крумкачоў, што не сеюць, ані жнуць, няма ў іх ні кладоўкі, ані гумна, а Бог жывіць іх; наколькі больш вы даражэйшыя за птушак.
25 Хто ж з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго веку хоць на локаць?
26 Калі ж вы і найменшага не можаце, чаго турбуецеся пра астатняе?
27 Паглядзіце на лілеі, як яны растуць: не працуюць цяжка, ані прадуць; але кажу вам, што і Саламон ува ўсёй славе не адзяваўся, як кожная з іх.
28 Калі ж траву, якая сёння ёсць у полі, а заўтра ў печ будзе ўкінута, Бог так убірае, тым больш вас, малаверы!
29 І вы не шукайце, што будзеце есці і што будзеце піць, і не трывожцеся.
30 Бо ўсяго гэтага шукаюць народы свету, Бацька ж ваш ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым.
31 Толькі шукайце Яго Царства і гэта дадасца вам.
32 Не бойцеся, малая чародка, бо ўпадабалася вашаму Бацьку даць вам Царства.
33 Прадавайце вашы дастаткі і раздайце міласцінаю; рабіце сабе мяшкі якія не старэюць, надзейны скарб у нябёсах, куды злодзей не прыблізіцца і дзе моль не псуе.
34 Бо дзе ваш скарб, там і ваша сэрца будзе.
35 Няхай будуць вашы паясніцы падпяразаныя і каганцы запалены;
36 а вы падобнымі да людзей, што чакаюць свайго пана, калі ён вернецца з вяселля, каб, як прыйдзе і пастукае, тут жа адчыніць яму.
37 Шчаслівыя тыя рабы, якіх, прыйшоўшы, пан знойдзе на нагах. Папраўдзе кажу вам: падпяраджацца ён і дасць ім месца ўзлегчы і, падышоўшы, будзе слугаваць ім.
38 І калі ў другую, і калі ў трэцюю варту прыйдзе і знойдзе іх гэтак, шчаслівыя тыя!
39 Разумейце ж гэта, што калі б гаспадар дома ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, не дапусціу бы ён падкапаць свайго дому.
40 І вы будзьце гатовы, бо ў гадзіну, у якую не думаеце, прыйдзе Чалавечы Сын.»
41 Сказаў тады Пятро: «Госпадзе, ці нам кажаш гэтае ўпадабненне, ці і ўсім?»
42 І сказаў Госпад: «Хто ж верны эканом, разумны, якога пан паставщь над сваёю чэляддзю, каб даваць у свой час адмераную долю збожжа?
43 Шчаслівы той раб, якога яго пан, прыйшоўшы, знойдзе, што ён робіць гэтак.
44 Праўдзіва кажу вам, што над усім сваім маёнткам паставіць яго.
45 А калі той раб скажа ў сэрцы сваім: «Марудзіць мой пан прыйсці», і пачне біць слуг і служанак, і есці і піць, і напівацца,
46 прыйдзе пан раба таго ў дзень, у які той не спадзяваецца, і ў гадзіну, якой той не ведае, і адлучыць яго і вызначыць яму месца з нявернымі.
47 Той жа раб, што ведаў волю свайго пана, а не падрыхтаваў або не зрабіў згодна з воляй яго, будзе многа біты.
48 А той, што не ведаў, але зрабіў нешта вартае біцця, будзе мала біты. Кожнаму, каму шмат дадзена, з таго шмат спагоніцца, і каму шмат даручана, з таго і больш запатрабуецца.
49 Агонь Я прыйшоў кінуць на зямлю, і як Я хачу, каб ён ужо запалаў!
50 Хрышчэннем Я павінен хрысціцца, і як Я мучуся пакуль гэта спраўдзіцца.
51 Ці вы думаеце, што Я прыйшоў даць спакой на зямлі? Не, кажу вам, а падзел!
52 Бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзелены: тры супроць двух і два супроць троіх.
53 Падзеляцца: бацька супроць сына, і сын супроць бацькі, маці супроць дачкі і дачка супроць маці; свякроў супроць свае нявесткі і нявестка супроць свекрыві».
54 Казаў жа і натоўпу: «Калі бачыце, што хмара падымаецца з захаду, вы тут жа кажаце: «Надыходзіць лівень», і бывае так.
55 А кал; вее пауднёвы вецер, то кажаце: «Будзе спёка», і бывае.
56 Двурушнікі, твар зямлі і неба распазнаваць вы ўмееце, як жа часу гэтага не можаце распазнаць?
57 Што ж вы і самі з сябе не судзіце, што справядлівае?
58 Бо калі ты ідзеш са сваім праціўнікам да начальства, то ў дарозе зрабі ўсё, каб прыйсці з ім да згоды, каб не пацягнуў ён цябе да суддзі, а суддзя не аддаў цябе выканаўцу, а выканаўца не кінуў цябе ў цямніцу.
59 Кажу табе, не выйдзеш ты адтуль пакуль не аддасі апошняга медзяка».
Каментары ці зноскі:
12:13. У тыя часы рабіны адначасова былі і суддзямі ў спадчынных спрэчках. Гэтым, відаць, і тлумачыцца, чаму адзін з пакрыўджаных звярнуўся да Ісуса.
12:25 Мажлівы і такі пераклад: росту.
12:35. У Палесціне насілі доўгую вопратку і, каб яна не замінала пры рабоце, падпяразваліся. Таму падрыхтаванасць да сустрэчы з Госпадам і вызначаецца «падпяразанасцю» (калі вопратка ужо не будзе стрымліваць рухаў цела).
12:36. Вяселле звычайна пачыналася увечары і цягнулася далёка за поўнач.
12:46. Гэта значыць, асудзіць яго на вечныя пакуты.
12:49. Агнём сваёй любові і самаахвярнасці Ісус прыйшоў запаліць людскя душы прагаю дабрадзейства.
12:57. Гэта значыць, чаму вы звяртаецеся да судоў, а не самі уладжваеце ўсё паводле справядлівасці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Лукі Святое Дабравесце, 12 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.