Біблія » Пераклады » Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

Лукі 10 Паводле Лукі 10 разьдзел

1 Ісус пасылае перад сабою семдзесят вучняў. 21 Ісус славіць Свайго Бацьку. 25 Міласэрны самаранін. 38 Ісус ў Марты і Марыі.
1 Пасля ж таго прызначыў Госпад і іншых семдзесят [двух] і паслаў іх па двух перад Сабою ў кожны горад і месца, куды Сам намерваўся прыйсці.
2 Сказаў жа ім: «Жніво вялікае, а работнікаў мала; дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на Сваё жніво.
3 Ідзіце! Вось пасылаю вас як ягнят паміж ваўкоў.
4 Не насіце з сабою ні каліты, ні торбы, ні сандаляў, і нікога ў дарозе не вітайце!
5 І ў які б вы дом ні ўвайшлі, найперш кажыце: «Спакой гэтаму дому!»
6 І калі будзе там сын спакою, то спачыне на ім ваш спакой калі ж не, то да вас вернецца.
7 І ў гэтым самым доме заставайцеся, ядучы і п’ючы, што яны маюць; бо варты работнік сваёй платы. Не пераходзьце з дому ў дом!
8 І ў які б вы горад ні ўваходзілі — калі прыймаюць вас, ешце, што вам пададуць.
9 І вылечвайце ў ім хворых і кажыце ім: «Наблізілася да вас Божае Царства».
10 І ў які б вы горад ні ўвайшлі, — калі не прыймаюць вас, то, выйшаўшы на яго вуліцы, скажьце:
11 «Нават пыл, што прыліп да нашых ног з вашага горада, мы страсаем вам. Ды гэта ведайце, што блізка Божае Царства».
12 Кажу вам, што Садому ў той дзень будзе лягчэй, чым таму гораду.
13 Бяда табе, Харадзіне! Бяда табе, Віфсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне адбыліся цуды, што адбыліся ў вас, яны б даўно, седзячы ў валасяніцы і попеле, пакаяліся.
14 Але Тыру і Сідону будзе лягчэй на судзе, чым вам.
15 І ты, Капернауме, ці аж да неба ўзнясешся? Ажно ў пекла сыдзеш.
16 Хто спухае вас, Мяне слухае, а хто вас адкідае, Мяне адкідае, хто ж Мяне адкідае, адкідае Таго, Хто паслаў Мяне.
17 Вярнуліся ж семдзесят [два] з радасцю, кажучы: «Госпадзе, і дэманы паддаюцца нам у Тваё імя».
18 Ён жа сказаў ім: «Я бачыў сатану, што як маланка спадаў з неба.
19 Вось, Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не зашкодзіць вам.
20 Але не цешцеся з таго, што духі вам паддаюцца, а цешцеся, што вашы імёны запісаны ў нябёсах».
21 У гэты самы час узрадаваўся Ён Святым Духам і сказаў: «Слаўлю Цябе, Бацька, Госпадзе неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта малым; так, Бацька, бо гэтак было Табе даспадобы.
22 Усё перададзена Мне Маім Бацькам; і ніхто не ведае, хто ёсць Сын, толькі Бацька, і хто ёсць Бацька — толькі Сын і каму Сын хоча адкрыць».
23 І, звярнуўшыся да вучняў, на адзіноце сказаў: «Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце.
24 Бо кажу вам: «Шмат прарокаў і цароў хацелі ўбачыць тое, што бачыце вы, а не ўбачылі, і пачуць, што чуеце вы, а не пачулі.
25 І вось устаў адзін законнік і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўніку, што я павінен зрабіць, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё?»
26 Ён жа сказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?»
27 Той жа ў адказ сказаў: «Любі Госпада Бога свайго, усім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і усёю моцай сваёю, і ўсім розумам сваім», і: «свайго бліжняга, як самога сябе».
28 Ён жа сказаў яму: «Ты правільна адказаў: рабі гэта і будзеш жыць».
29 Той жа, хочучы апраўдаць сябе, сказаў Ісусу: «А хто мой блліжні?»
30 У адказ Ісус сказаў: «Адзін чалавек спускаўся з Ерусаліма ў Ерыхон і трапіў разбойнікам, якія раздзелі яго, і паранілі, і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога.
31 Выпадкам спускаўся тою дарогаю адзін святар, і убачыўшы яго, перайшоў на другі бок.
32 Гэтак жа і левіт, прыйшоўшы на тое месца і ўбачыўшы, перайшоў на другі бок.
33 А адзін самаранін, быўшы ў дарозе, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся
34 І падышоўшы, перавязаў яму раны, узліваючы алеем і віном; і пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу і паклапаціўся пра яго.
35 І на другі дзень, выняўшы два дынарыі, даў гаспадару гасцініцы і сказаў: «Заапекуйся ім, а што больш патраціш, я, вяртаючыся, аддам табе».
36 Хто з гэтых трох, думаецца табе, быў бліжні таму, што трапіўся разбойнікам?»
37 Ён жа сказаў: «Той, хто ўчыніў міласэрнасць над ім». Сказаў жа яму Ісус: «Ідзі і ты рабі гэтак».
38 ў часе іх дарогі прыйшоў Ён у адно сяло. І пэўная жанчына, на імя Марта, прыняла Яго.
39 Была ж у яе сястра — звалася Марыя, седзячы ў нагах у Ісуса, яна слухала Яго слова.
40 Марта ж завіхалася ў розных паслугах. І, падышоўшы, сказала: «Госпадзе, ці ж не абыходзіць Табе, што мая сястра адну мяне пакінула прыслугоўваць? Скажы ёй, каб яна мне дапамагла».
41 ў адказ жа сказаў ёй Госпад: «Марта, Марта, турбуешся ты і непакоішся пра многае,
42 а патрэбна адно; Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе».

Каментары ці зноскі:

10:29. Рабіны часта зводзілі разуменне слова «бліжні» да іудзеяў.

10:31. Святар, пэўна, спачуваў чалавеку на дарозе. Аднак ведаў, што, паводле закона, калі ён дакранецца да мёртвага, будзе пасля сем дзён нячысты. І не хацеў траціць сваёй чаргі служыць ў святыні. Свой абрад ён палічыу вышэйшым за міласэрнасць.

10:32. Левіт — памочнік святара пры служэнні ў скініі, іудзейскім свяцілішчы, — нешта на ўзор дыякана ў сучаснай царкве. Ён, відаць, палічыў падарожнага за разбойніка, які прытварыўся раненым. І пабаяўся падысці да яго, каб той не схапіў яго,— такія выпадкі здараліся не раз. І не захацеў рызыкаваць сабою.

10:33−34. І святар і левіт павінны былі б асабліва пільнавацца закона любові да бліжняга. Аднак іншаверац самаранін пераўзышоў іх. Яго чалавечнасць аказалася мацнейшая за рэлігійныя і племянныя спрэчкі. Ісус праз гэты абразок яшчэ раз падкрэслівае дадзеную Ім новую запаведзь аб любові да ворагаў.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Лукі Святое Дабравесце, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.