Біблія » Пераклады » Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

Лукі 18 Паводле Лукі 18 разьдзел

1 Пра несправядлівага суддзю і удаву. 2 Малітва фарысея і мытніка. 15 Прыйміце Божае Царства, як дзіця. 18 Як увайсці ў вечнае жыццё. 28 Хто атрымае вечнае жыццё. 31 Ісус трэці раз гаворыць пра Сваю смерць і ўваскрэсенне. 35 Вылечванне сляпога.
1 І сказаў Ён ім прыпадабненне пра тое, што ім трэба заусёды маліцца і не знемагаць,
2 кажучы: «У нейкім горадзе быў адзін суддзя, што Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
3 І была ў тым горадзе ўдава, і прыходзіла яна да яго і казала: «Абарані мяне ад майго праціўнка».
4 Ды ён доўга не хацеў. А пасля сказаў сам сабе: «Хоць і Бога я не баюся і людзей не саромеюся,
5 але з-за таго, што гэтая ўдава назаляе мне, абараню яе, каб яна ўрэшце не хадзіла і не дакучала мне».
6 І сказаў Госпад: «Ці чуеце, што гаворыць несправядлівы суддзя?
7 А ці ж Бог не возьме ў абарону Сваіх абраных, што заклікаюць Яго дзень і ноч, і будзе марудзіць ім?
8 Кажу вам, што Ён падасць неўзабаве ім абарону. Толькі Чалавечы Сын, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»
9 Сказаў жа і для некаторых, упэўненых у сабе, што яны праведнікі, а іншых мелі за нішто, такое прыпадабненне:
10 два чалавекі ўвайшлі ў святыню памаліцца, адзін — фарысей, а другі — мытнік.
11 Фарысей, стаўшы, маліўся сам сабе так: «Божа, дзякую Табе, што я не як астатнія людзі: рабаўнікі, несправядліўцы, пералюбцы ці нават як гэты мытнік;
12 я пашчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю».
13 Мытнік жа, стоячы здалёку, не важыўся і вачэй падняць да неба, а біў сябе ў грудзі, кажучы: «Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшніка».
14 Кажу вам: гэты пайшоў у свой дом апраўданым, а не той; бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, хто ж паніжае сябе, будзе ўзвышаны.
15 Прыносілі ж да Яго і немаўлят, каб да іх дакрануўся; а вучні убачыўшы, дакаралі іх.
16 Ісус жа паклікаў дзяцей, кажучы: «Пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не забараняйце ім; бо такіх ёсць Божае Царства.
17 Папраўдзе кажу вам, хто не прыйме Божага Царства, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго».
18 І спытаўся ў Яго адзім з начальнікаў, кажучы: «Дасканалы Настаўніку, што рабіць мне, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё?»
19 Ісус жа сказаў яму: «Што ты Мяне называеш дасканалым? Ніхто не дасканалы, — толькі адзін Бог.
20 Ты ведаеш запаведзі: «Не чыні пералюбу, не забі не украдзі, не сведчы фальшыва, шануй свайго бацьку і маці».
21 Ён жа сказаў: «Усё гэта я выконваў з маладосці».
22 Пачуўшы ж, Ісус сказаў яму: «Яшчэ аднаго табе не стае: усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах, і прыходзь сюды, і ідзі ўслед за Мною».
23 Пачуўшы ж гэта, ён зажурыўся, бо быў надта багаты.
24 Убачыўшы, што той зажурыўся, Ісус сказаў: «Як цяжка тым, што маюць багацце, увайсці ў Божае Царства.
25 Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму увайсці у Божае Царства».
26 І сказалі тыя, што чулі: «Хто ж можа ўратавацца?»
27 Ён жа сказаў: «Немажлівае людзям — мажліва Богу».
28 І сказаў Пятро: «Вось, мы, пакінуўшы тое, што мелі, пайшлі ўслед за Табою».
29 Ён жа сказаў ім: «Папраўдзе кажу вам: няма нікога, хто, пакінуўшы дом, ці жонку, ці братоў, ці бацькоў, ці дзяцей дзеля Божага Царства,
30 не атрымаў бы ў шмат разоў больш у гэты час, а ў наступным веку — вечнае жыццё».
31 І, узяўшы Дванаццаць, Ён сказаў ім: «Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і збудзецца ўсё напісанае праз Прарокаў пра Чалавечага Сына:
32 бо Ён будзе выдадзены язычнікам, і будзе асмяяны, і зняслаўлены, і апляваны,
33 І збічаваўшы, заб’юць Яго, але трэцяга дня Ён уваскрэсне!»
34 Ды яны нічога з гэтага не зразумелі, і гэтае слова было схована ад іх, і сказанага яны не разумелі.
35 І было: калі Ён набліжаўся да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе жабруючы.
36 А пачуўшы, што праходзіць натоўп, ён пытаўся: «Што гэта такое?»
37 Яму ж адказалі што праходзіць Ісус Назаранін.
38 І ён закрычаў, кажучы: «Ісусе, Сыне Давідаў, злітуйся нада мною!»
39 І тыя, што ішлі спераду, дакаралі яго, каб замоўк, ён жа яшчэ больш крычаў: «Сыне Давідаў, злітуйся нада мною!» .
40 І спыніўся Ісус, і казаў прывесці яго да Сябе. Калі ж той наблізіўся, Ён спытаўся ў яго:
41 «Што ты хочаш, каб Я зрабіў табе?» А той сказаў: «Госпадзе, каб стаў я відушчы».
42 І Ісус сказаў яму: «Стань відушчы! Твая вера ўратавала цябе».
43 І ён зараз жа стаў відушчы і пайшоў услед за Ім, праслаўляючы Бога. І ўвесь народ, бачачы, аддаў хвалу Богу.

Каментары ці зноскі:

18:1−8. Гэта значыць, калі нават несправядлівы суддзя не ўстояў перад настойлівымі просьбамі ўдавы, то што ўжо казаць пра міласэрнага Бога, які дбае, рупіцца пра вернікаў.

18:12. Поснымі дням: фарысеяў былі чацвер і панядзелак у памяць таго, што ў чацвер Майсей падняўся на Сіёнскую гару, а ў панядзелак спусціўся.

18:25. Есць два тлумачэнні паходжання выслоўя пра вярблюда і ігольнае вушка.

Першае: у Ерусаліме побач з вялікаю гарадскою брамаю, праз якую ішоў асноўны рух, былі і маленья веснічкі (эваныя «ігольныя вушы»), праз якія мог прайсці чалавек, але надзвычай цяжка вярблюд.

Другое: па-грэцку вярблюд (ка́мэлос) і тоўстая вяроўка, канат (ка́мілос) гучаць падобна. Таму мажлівы сэнс выслоўя быў: лягчэй канат пройдзе праз ігольнае вушка, чым багацей — у Божае Царства.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Лукі Святое Дабравесце, 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.