1 Як трэба маліцца. 14 Ліхія закіды Ісусу. 27 Шчаслівыя, што слухаюць Божае Слова і выконваюць яго. 30 Прарок Іёна — прадвеснік Хрыста. 33 Святла не схаваеш. 37 Не занядбайце найважнейшага ў запавеце.
1 І было: у той час, калі Ён у нейкім месцы маліўся і перастаў, хтосьці з Яго вучняў сказаў Яму: «Госпадзе, навучы нас маліцца, як і Іаан навучыў сваіх вучняў».
2 Ён жа сказаў ім: «Калі моліцеся, кажьце: «Ойча [наш, які ў нябёсах], няхай будзе ў святасці імя Тваё; няхай прыйдзе Царства Тваё;
3 хлеба нашага надзённага давай нам на кожны дзень;
4 і даруй нам нашы грахі, бо і мы даруем кожнаму, хто вінаваты нам; і не дапусці нас да спакусы».
5 І сказаў ім: «Хтосьці з вас будзе мець сябра і прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: «Сябра, пазыч мне тры хлябы,
6 таму што мой друг прыйшоў да мяне з дарогі, а я не маю чаго падаць яму»;
7 І той у адказ з дому скажа: «Не рабі мне клопату; ужо зачынены дзверы, і дзеці мае са мною ў ложку; не магу я ўстаць і даць табе».
8 Кажу вам: калі ён і не ўстане і не дасць яму з-за дружбы з ім, то з-за назойлівасці яго падымецца і дасць яму, колькі трэба.
9 І я вам кажу: прасіце і дадуць вам, шукайце і знойдзеце, стукайце і адчыняць вам;
10 бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і таму, хто стукае, адчыняюць.
11 І які з вас бацька, калі сын папросіць рыбу, а замест рыбы змяю падасць яму?
12 Або таксама калі папросіць яйка, падасць яму скарпіёна?
13 Дык вось калі вы, будучы ліхімі умееце даваць добрыя дары сваім дзецям, на колькі больш Нябесны Бацька дасць Святога Духа тым, што просяць у Яго.
14 І выганяў Ён дэмана, які быў нямы; і было: калі дэман выйшаў, нямы загаварыў і дзівіліся натоўпы.
15 А некаторыя з іх сказалі: «Вельзевулам, уладаром дэманаў, выганяе Ён дэманаў».
16 А іншыя, выпрабоўваючы, патрабавалі ад Яго знака з неба.
17 Ён жа, ведаючы іх думкі сказаў ім: «Кожнае царства, само супроць сябе падзеленае, пустошыцца, і дом на дом падае.
18 Калі ж і сатана сам супроць сябе падзяліўся, як устоіць яго царства? А вы кажаце, што я Вельзевулам выганяю дэманаў.
19 Калі ж Я Вельзевулам выганяю дэманаў, то вашы сыны кім выганяюць? Таму яны будуць вам суддзямі.
20 Калі ж Божым пальцам [Я] выганяю дэманаў, то сапраўды прыйшло да вас Божае Царства.
21 Калі дужы са зброяй ахоўвае свой двор, то яго маёмасць у бяспецы.
22 Калі ж дужэйшы за яго, напаўшы, пераможа яго, то бярэ ўсю яго зброю, на якую той спадзяваўся, і раздае яго здабычу.
23 Хто не са Мною, той супроць Мяне, і хто не збірае са Мною, той раскідае.
24 Калі нячысты дух выходзіць з чалавека, то блукае бязводным мясцінамі, шукаючы спакою і не знаходзячы; [тады] кажа: «Вярнуся ў свой дом, адкуль выйшаў»;
25 І, прыйшоўшы, знаходзіць яго вымеценым і прыбраным.
26 Тады ён ідзе ! бярэ іншых духаў, люцейшых за сябе, лікам сем і, увайшоўшы, яны пасяляюцца там, і апошняе таму чалавека горшае за першае.
27 І было: калі Ён гаварыў гэта, адна жанчына, узвысіўшы гопас з натоўпу, сказала Яму: «Шчаслівае лона, якое насіла Цябе, і грудзі, якія Ты ссаў».
28 А Ён сказаў: «Так, сапраўды, шчаслівыя, што слухаюць Божае слова і выконваюць яго».
29 А калі збіраліся натоўпы, Ён пачаў казаць: «Род гэты — род ліхі, ён знаку вымагае, ды знаку яму не будзе дадзена, толькі знак Іёны.
30 Бо як Іёна быў знакам для ніневіцян, так будзе і Чалавечы Сын для гэтага роду.
31 Царыца Поўдня паўстане на судзе з людзьмі гэтага роду і асудзіць іх, таму што яна прыйшла з канцоў зямлі паслухаць Саламонаву мудрасць, і вось тут больш за Саламона.
32 Людзі ніневійскія ўстануць на судзе з гэтым родам і асудзяць яго; бо яны пакаяліся ад Іёнавай казані, і вось тут больш за Іёну.
33 Ніхто, запаліўшы каганец, не ставіць у тайніку, [ні пад пасудзіну], але на падстаўку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
34 Каганец цела — тваё вока. Калі тваё вока чыстае, то і усё тваё цела яснае; калі ж — ліхое, то і цела тваё цёмнае.
35 Дык зважай: святло, што ў табе, ці не цемра?
36 Калі ж усё тваё цела светлае і не мае ніводнай цёмнай часцінкі, то будзе яно ўсё светлае, нібы каганец сваім бляскам асвятляе цябе».
37 І калі Ён гэта сказаў, просіць Яго фарысей, каб папалуднаваў у яго; і Ён, увайшоўшы, узлёг.
38 Фарысей жа, убачыўшы, здзівіўся, што Ён найперш не памыўся перад абедам.
39 Госпад жа сказаў яму: «Цяпер вы, фарысеі чару і міску ачышчаеце звонку, а ваша нутро поўнае хцівасці і зласлівамці.
40 Неразумныя! Хто стварыў вонкавае ці не стварыў і ўнутранае?
41 Лепей дайце тое, што ўсярэдзіне, на міласціну і вось, усё ў вас — чыстае.
42 Але бяда вам, фарысеям, што даяце дзесяціну з мяты, руты і ўсялякай агародніны, а абмінаеце суд і Божую любоў; і гэта належала рабіць, і таго не апусцщіць.
43 Бяда вам, фарысеям, што любіце першыя месцы у сінагогах і прывітанні на рынках.
44 Бяда вам, што вы — як магілы невідочныя, людзі ходзяць зверху, ды не ведаюць».
45 І, адазваўшыся, хтосьці з законнікаў казаў Яму: «Настаўніку, кажучы гэта, Ты і нас зневажаеш».
46 А Ён сказаў: «І вам, законнікам, бяда, што ўскладаеце на людзей непамерныя цяжары, а самі ні адным свай пальцам не дакранаецеся да гэтых цяжараў.
47 Бяда вам, што ўзводзіце помнкі прарокам, — вашы ж бацькі забілі іх.
48 Значыць, вы сведкі і ўхваляеце ўчынкі сваіх бацькоў, бо яны забілі іх, вы ж узводзіце.
49 Таму і Божая мудрасць сказала: «Пашлю ім прарокаў і апосталаў, і некаторых з іх заб’юць і будуць і будуць гнаць,
50 каб кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету, была спагнана з гэтага роду,
51 Ад крыві Авеля да крыві Захарыя, які загінуў між ахвярнікам і святыняю. Так, кажу вам: яна будзе спагнана з гэтага роду.
52 Бяда вам, законнікам, што вы ўзялі ключ ведаў: самі не увайшлі і перашкодзілі тым, што хацелі ўвайсці».
53 І калі Ён выйшаў адтуль, пачалі кніжнікі і фарысеі моцна наступаць на Яго і выпытваць у Яго шмат пра што,
54 ставячы Яму пасткі, каб прылавіць на чым-небудзь з Яго вуснаў.
Каментары ці зноскі:
11:4 Гасподняя малітва перакладзена тут з тэкста найстаражытнейшых рукапісаў, больш кароткага, чым паралельнае месца Мацв 6:9−13.
11:31−32. Царыца Саўская, дачуўшыся пра Саламонаву мудрасць, за тысячы кіламетраў ехала, каб набрацца ад яго мудрасці; людзі Ніневіі, пачуўшы ў Іёне Божы голас, пакаяліся, дык чаму ж тады іудзеі, маючы мажлівасць чуць Ісуса, не паслухаліся? Вось таму ў Судны дзень і будуць яны асуджаны. Гэтыя словы тым самым звернуты і да ўсіх, хто мае цяпер мажлівасць далучыцца да Святога Пісьма, да Бібліі, ды не робіць гэтага. Гісторыя памятае, якой падзеяй быў прыход яе на роднай мове пасля вякоў забароны і нават пакарання смерцю. У Англіі, напрыклад, аддавалі воз сена за некалькі раздзелаў са святога Якава або святога Паўла, напісаныя на англійскай мове.
11:47−48. Законнікі толькі выстаўляюць сябе, узводзячы помнікі прарокам, але гэта не загладжвае іх віны, бо сэрцы іх не змяніліся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Лукі Святое Дабравесце, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.