Ёва 21 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І адказаў Ёў, і сказаў:
 

«Паслухайце ўважліва словы мае, і няхай будуць яны на пацяшэньне вашае.
 

Дазвольце, і я буду казаць, а пасьля словаў маіх сьмейцеся сабе.
 

Ці ж я гавару супраць чалавека, і ці ж няслушна маю быць нецярплівы?
 

Паглядзіце на мяне і аслупянейце, і ўдарце рукою ў вусны свае.
 

Калі я ўзгадваю гэта, я палохаюся, і дрыжаньне калоціць цела маё.
 

Чаму жывуць бязбожнікі, дажываюць да старасьці, і багацеюць?
 

Насеньне іхняе моцнае ў іх, і ўнукі іхнія гадуюцца на вачах іхніх.
 

Дамы ў іх забясьпечаныя ад страху, і няма кары Божай над імі.
 

Бугай у іх заўсёды плодны і не зьнемагае, і карова целіцца, і не скідае [цяляці].
 

Дзеці іхнія, як статак, выходзяць, і малыя іхнія гуляюць вакол іх.
 

Яны сьпяваюць пад бубны і гусьлі і весяляцца пры гуках жалейкі,
 

і праводзяць у радасьці дні свае, і спакойна зыходзяць у адхлань.
 

Яны кажуць Богу: “Адыйдзіся ад нас! Ня хочам ведаць шляхоў Тваіх.
 

Хто такі Усемагутны, каб служыць Яму, і што Ён нам дапаможа, калі будзем маліць Яго?”
 

Маюць яны ў руках сваіх дабрабыт, хоць думкі іхнія далёка ад Яго.
 

Як часта тухне лямпа бязбожнікаў і нахлынае на іх загуба? Ці [часта] ў гневе [Божым] прыходзяць на іх пакуты?
 

Ці яны падобныя да мякіны на ветры і да попелу гарачага, які вецер разносіць?
 

[Скажаш:] “Бог захоўвае для дзяцей ягоных кару Сваю”. Няхай аднагародзіць Ён яму, каб ён ведаў.
 

Няхай убачаць вочы ягоныя загубу яго, і няхай нап’ецца ён гневу Усемагутнага.
 

Бо які будзе клопат яму пра дом ягоны, калі лік месяцаў ягоных спыніцца?
 

Ці ж можа хто вучыць веданьню Бога? А Ён судзіць найвышэйшых.
 

Адзін памірае ў сіле і здаровы, багаты і ў супакоі.
 

Начыньні ягоныя поўныя малака, і косткі ягоныя напоўнены сьвежым шпікам.
 

А іншы памірае ў горычы душы і ня цешыўся дабром.
 

Аднак разам будуць яны спаць у парахне, і абодвух апануюць чэрві.
 

Вось, я ведаю думкі вашыя і намеры вашыя, каб нашкодзіць.
 

Бо вы кажаце: “Дзе дом шляхетнага, а дзе намёт бязбожніка?”
 

Ці вы не пыталіся некага з падарожнікаў і словаў іхніх вы не зразумелі,
 

што ліхотнік захаваны ў дзень загубы і збаўлены ў дзень гневу?
 

Хто будзе дакараць яго за шляхі ягоныя? І за тое, што ён зрабіў, хто аднагародзіць яму?
 

Яго прынясуць да магілы, і пра дамавіну ягоную задбаюць.
 

Салодкімі яму будуць груды зямлі, бо за ім ідуць усе людзі, і перад ім — безьліч.
 

Дык чаму ж вы надарма пацяшаеце, калі ў адказе вашым адзін падман?»