Ёва 21 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І адказваў Ёў і сказаў:
 

выслухайце ўважліва слова маё, і гэта будзе мне суцяшэньнем ад вас.
 

Патрывайце мяне, і я буду гаварыць; а пасьля таго, як пагавару, насьміхайцеся.
 

Хіба да чалавека слова маё? як жа мне і не маладушнічаць?
 

Паглядзеце на мяне і жахнецеся, і пакладзеце палец на вусны.
 

Як толькі я згадаю, — уздрыгваю, і трымценьне абдымае цела маё.
 

Чаму беззаконныя жывуць, дасягаюць старасьці, ды і сілаю моцныя?
 

Дзеці іхнія зь імі перад абліччам ў іх, і ўнукі іхнія перад вачыма ў іх.
 

Дамы іхнія ўбясьпечаны ад страху, і няма жазла Божага на іх.
 

Бык іхні апладняе і ня выкідае, карова іхняя зачынае, і ня скідае.
 

Як статак, выпускаюць яны малечу сваю, і дзеці іхнія скачуць.
 

Усклікаюць пад тымпан і цытру і весяляцца пад жалейку;
 

бавяць дні свае ў шчасьці і імгненна сыходзяць у апраметную.
 

А тым часам яны кажуць Богу: адыдзі ад нас, ня хочам мы ведаць шляхоў Тваіх!
 

што нам Усеўладны, каб слугаваць Яму? і якая карысьць хінуцца да Яго?
 

Бачыш, шчасьце іхняе не ад іхніх рук. — Парада бязбожных, будзь далёкая ад мяне!
 

Ці часта тухне сьвяцільня ў беззаконных, і нападае на іх бяда, і Ён дае ім на долю пакуты ў гневе Сваім?
 

Яны павінны быць, як саломінка перад ветрам, і як мякіна, якую нясе віхура.
 

Скажаш: Бог ашчаджае дзецям ягоным няшчасьце ягонае. — Хай аддасьць ён яму самому, каб ён гэта ведаў.
 

Хай яго вочы ўбачаць няшчасьце ягонае, і хай ён сам п’е ад гневу Ўсеўладнага.
 

Бо які яму клопат да дому свайго пасьля яго, калі лік месяцаў ягоных скончыцца?
 

Але ці Бога вучыць мудрасьці, калі Ён судзіць і вышніх?
 

Адзін памірае ў самай поўніцы сілы сваёй, цалкам спакойны і мірны;
 

нутроба ягоная поўная тлушчу, і косткі ягоныя напоены мозакам.
 

А другі памірае з душою засмучанаю, не зазнаўшы дабра.
 

І яны разам будуць ляжаць у пыле, і чэрві пакрыюць іх.
 

Ведаю я вашыя думкі і ўлоўкі, якія вы супраць мяне плецяце.
 

Вы скажаце: дзе дом князя, і дзе намёт, у якім жылі беззаконныя?
 

Хіба вы ня пыталіся ў вандроўнікаў і не знаёмыя зь іхнімі назіраньнямі,
 

што ў дзень пагібелі літаваны бывае злодзей, у дзень гневу адводзіцца ўбок?
 

Хто паставіць яму перад аблічча ягонае шлях ягоны, і хто аддасьць яму за тое, што ён учыняў?
 

Яго праводзяць да магілы і на яго магіле ставяць варту.
 

Салодкія яму камлыгі даліны, і за ім ідзе натоўп людзей, а тым, што ідуць перад ім, ліку няма.
 

Як жа вы хочаце суцяшаць мяне пустым? У вашых адказах застаецца толькі мана.