Псалтыр 14 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Кіраўніку хору. Давіда. Сказаў бязглузды ў сэрцы сваім: «Няма Бога!» Сапсаваліся яны і агідныя рэчы робяць, няма таго, хто робіць дабро.
 

Глянуў ГОСПАД з неба на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць разумны, які Бога шукае.
 

Усе ўхіліліся, усе разам нягодныя; няма нікога, хто робіць дабро, няма аніводнага!
 

Няўжо ня маюць пазнаньня ўсе злачынцы, якія народ мой зьядаюць, быццам хлеб ядуць, і ГОСПАДА ня клічуць?
 

І будуць яны там у страху вялікім, бо ёсьць ГОСПАД у пакаленьні праведнікаў!
 

Радай прыгнечанага вы пагарджаеце, але ГОСПАД — прыстанішча ягонае.
 

Хто дасьць збаўленьне з Сыёну для Ізраіля? Калі ГОСПАД верне палонных народу Свайго, будзе радавацца Якуб і будзе весяліцца Ізраіль!