3 царстваў 21 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сталася пасьля тых падзеяў. Набот з Езрээлю меў вінаграднік у Езрээлі побач з палацам Ахава, валадара Самарыі.
 
А пасля сталася гэта. Набот з Езрагэля меў вінаграднік у Езрагэлі побач з палацам Ахаба, цара Самарыі.

І прамовіў Ахаў да Набота, кажучы: «Дай мне вінаграднік твой, а я [зраблю] для сябе сад, бо ён блізка каля дому майго. І я дам табе за яго лепшы вінаграднік, або калі будзе добра ў вачах тваіх, дам табе адпаведную плату срэбра».
 
Дык Ахаб звярнуўся да Набота і сказаў: «Дай мне вінаграднік твой, а я зраблю з яго агарод, бо блізка ён і побач з домам маім. І дам табе за яго лепшы вінаграднік, або, калі табе гэта зручней, дам табе адпаведную плату срэбрам».

І Набот сказаў Ахаву: «Барані мяне ГОСПАД, каб я аддаў спадчыну бацькоў маіх табе».
 
Набот адказаў яму: «Хай будзе ласкавы да мяне Госпад, каб я не аддаў табе спадчыну бацькоў маіх».

І прыйшоў Ахаў дадому сумны і загневаны з прычыны таго слова, якое прамовіў да яго Набот з Езрээлю, які сказаў: «Ня дам табе спадчыны бацькоў маіх». І лёг ён на ложак свой, і адвярнуў аблічча сваё, і ня еў хлеба.
 
Такім чынам, прыйшоў Ахаб у свой дом сумны і разгневаны дзеля таго, што сказаў яму Набот з Езрагэля, кажучы: «Не дам табе спадчыны бацькоў маіх». І, лёгшы на ложак свой, адвярнуўся тварам да сцяны, і не еў хлеба.

І прыйшла да яго Езабэль, жонка ягоная, і сказала яму: «Чаму смутны дух твой і ты не ясі хлеба?»
 
І прыйшла да яго Езабэль, жонка яго, і спытала ў яго: «Што здарылася, чаму засумавала душа твая? І чаму ты не ясі хлеба?»

І ён сказаў ёй: «Бо гаварыў я з Наботам з Езрээлю і сказаў яму: “Дай мне вінаграднік твой за срэбра, або, калі хочаш, дам табе за яго другі вінаграднік”. А ён сказаў: “Ня дам табе вінаграднік мой”».
 
Ён адказаў ёй: «Бо гаварыў я з Наботам езрагэльцам і прасіў яго: “Дай мне вінаграднік твой, узяўшы плату; або, калі хочаш, дам табе за яго другі вінаграднік”. І ён сказаў: “Не дам табе майго вінаградніку”».

І сказала яму Езабэль, жонка ягоная: «Так ты кіруеш валадарствам Ізраіля! Устань і еш хлеб, і няхай будзе добра на сэрцы тваім. Я дам табе вінаграднік Набота з Езрээлю».
 
І сказала яму Езабэль, жонка яго: «Ты маеш вялікую ўладу і добра кіруеш царствам Ізраэля! Устань, і еж хлеб, і будзь спакойны: я дам табе вінаграднік Набота з Езрагэля».

І напісала яна лісты ў імя Ахава, і запячатала іх пячаткай ягонай, і паслала лісты старшыням і магнатам, якія жылі з Наботам у горадзе ягоным.
 
Такім чынам, напісала яна ліст ад імя Ахаба і запячаткавала яго пярсцёнкам яго, і паслала старэйшынам і магнатам, якія жылі разам з Наботам у яго горадзе.

І напісала яна ў лістах, кажучы: «Абвясьціце пост і пасадзіце Набота перад народам.
 
А змест пісьма быў такі: «Аб’явіце пост і пасадзіце Набота на чале народа,

А насупраць яго пасадзіце двух чалавек, сыноў Бэліяла, і яны засьведчаць супраць яго, кажучы: “Ты блюзьніў супраць Бога і валадара”. І выведзіце яго, і ўкамянуйце, і забіце [яго]».
 
і насупраць яго пасадзіце двух людзей, сыноў Бэліяла, і хай яны засведчаць: “Ты зняважыў Бога і цара”; і выведзіце яго, і ўкамянуйце, каб памёр».

І людзі гораду ягонага, і старшыні, і магнаты, якія жылі з ім у горадзе ягоным, зрабілі так, як ім загадала Езабэль і як было напісана ў лістах, які яна паслала ім.
 
Такім чынам, грамадзяне яго, старэйшыны і магнаты, якія жылі разам з ім у горадзе, зрабілі так, як ім загадала Езабэль і як было напісана ў лісце, які яна паслала ім.

І абвясьцілі яны пост, і пасадзілі Набота перад народам.
 
Аб’явілі яны пост, і пасадзілі Набота на чале народа;

І прыйшлі два сыны Бэліяла, і селі насупраць яго, і сьведчылі супраць Набота сыны Бэліяла перад народам, кажучы: «Набот блюзьніў супраць Бога і валадара». І вывелі яго за горад, і ўкаменавалі яго камянямі, і ён памёр.
 
і прыйшлі два чалавекі, сыны Бэліяла, і селі насупраць яго, і сведчылі яны, як людзі д’ябальскія, супраць яго перад натоўпам людзей: «Набот блюзніў супраць Бога і цара». Таму вывелі яго за горад і ўкаменавалі.

І паслалі яны да Езабэлі, кажучы: «Набот укаменаваны і памёр».
 
І паслалі яны да Езабэлі, паведамляючы: «Набот укаменаваны і памёр».

І сталася, калі Езабэль пачула, што Набот укаменаваны і памёр, яна сказала Ахаву: «Устань і вазьмі вінаграднік Набота з Езрээлю, які не згадзіўся за срэбра аддаць яго табе, бо Набот ужо не жыве, але памёр».
 
І сталася, калі Езабэль пачула, што Набот укаменаваны і памёр, сказала яна Ахабу: «Устань і вазьмі вінаграднік Набота езрагэльца, які не захацеў згадзіцца з табою і за грошы аддаць яго табе; бо Набот ужо не жыве, але памёр».

І сталася, калі Ахаў пачуў, што Набот памёр, устаў Ахаў і пайшоў у вінаграднік Набота з Езрээлю, каб узяць яго на ўласнасьць.
 
Калі Ахаб пачуў, што, напэўна, Набот памёр, ён устаў і пайшоў у вінаграднік Набота езрагэльца, каб узяць яго ва ўласнасць.

І было слова ГОСПАДА да Ільлі з Тэшбы, кажучы:
 
Дык прамовіў Госпад да Іллі з Тэсбы гэтыя словы:

«Устань і выйдзі насустрач Ахаву, валадару Ізраіля, які ў Самарыі. Вось, ён у вінаградніку Набота, куды ён прыйшоў, каб узяць яго на ўласнасьць.
 
«Устань і выйдзі насустрач Ахабу, цару Ізраэля, які ў Самарыі; вось, ён у вінаградніку Набота, куды ён прыйшоў, каб узяць яго ва ўласнасць.

І прамовіш да яго, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД: "Ты ўчыніў забойства, а цяпер хочаш узяць на ўласнасьць?"” І прамовіш да яго, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД: "На тым месцы, на якім сабакі лізалі кроў Набота, будуць яны лізаць таксама кроў тваю"”.
 
І скажаш яму вось што: “Гэта кажа Госпад: “Ты забіў, а звыш таго і абрабаваў?” І пасля гэтага дадасі: “Гэта кажа Госпад: “На тым месцы, на якім сабакі лізалі кроў Набота, будуць яны таксама лізаць тваю кроў”».

І сказаў Ахаў Ільлі: «Ты знайшоў мяне, вораг мой». А ён сказаў: «Знайшоў, бо ты запрадаўся, каб чыніць ліхоту ў вачах ГОСПАДА.
 
І сказаў Ахаб Іллі: «Ці ты знайшоў мяне, вораг мой?» А ён адказаў: «Знайшоў, бо ты запрадаўся, каб чыніць ліхое перад абліччам Госпада.

[Госпад кажа]: “Вось, Я навяду на цябе ліха і вымяту бруд твой, і выб’ю ў Ахава тых, якія мочацца на сьцяну, і нявольніка, і вольнага ў Ізраілю.
 
[І сказаў Госпад:] Вось, Я навяду на цябе ліха і адкіну будучыню тваю, і заб’ю ў Ахаба ўсіх мужчынскага роду, ці то падлетка, ці дарослага ў Ізраэлі.

І зраблю з домам тваім, як зрабіў з домам Ерабаама, сына Навата, і з домам Баашы, сына Ахіі, бо ты рабіў усё, каб гнявіць Мяне, і ўводзіў у грэх Ізраіля”.
 
І зраблю з домам тваім, як зрабіў з домам Ерабаама, сына Набата, і як з домам Баасы, сына Ахіі, бо ты рабіў усё, каб гнявіць Мяне, і Ізраэль уводзіў у грэх».

І адносна Езабэль прамовіў ГОСПАД, кажучы: “Езабэль зьядуць сабакі на полі Езрээля.
 
Але і адносна Езабэль сказаў Госпад, кажучы: «Езабэль з’ядуць сабакі на полі Езрагэля.

Хто ў Ахава памрэ ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ ў полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя”».
 
Хто ў Ахаба памрэ ў горадзе, таго з’ядуць сабакі; а хто памрэ на полі, таго з’ядуць паднебныя птушкі».

Бо не было яшчэ такога, як Ахаў, які запрадаўся рабіць ліхоту ў вачах ГОСПАДА, на што намовіла яго Езабэль, жонка ягоная.
 
Такім чынам, не было другога такога, як Ахаб, які запрадаўся рабіць зло перад абліччам Госпада; бо намовіла яго Езабэль, жонка яго,

І рабіў ён ганебнае, ходзячы за ідаламі і [робячы] ўсё, што рабілі Амарэйцы, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
 
і зрабіўся ён агідным настолькі, што служыў ідалам, робячы ўсё, што рабілі амарэі, якіх знішчыў Госпад з-прад аблічча сыноў Ізраэля.

І сталася, калі Ахаў пачуў словы гэтыя, ён разьдзёр адзеньне сваё, апрануў зрэбніцу на цела сваё, і посьціў, і спаў у зрэбніцы, і хадзіў сумны.
 
Такім чынам, калі Ахаб пачуў словы гэтыя, раздзёр ён адзенне сваё і апрануў на цела сваё зрэбніцу, і пасціў, і спаў у зрэбніцы, і хадзіў з паніклай галавою.

І было слова ГОСПАДА да Ільлі з Тэшбы, кажучы:
 
І зноў прамовіў Госпад да Іллі з Тэсбы, кажучы:

«Ці ты бачыш, як Ахаў упакорыўся перад абліччам Маім? За тое, што ён упакорыўся перад абліччам Маім, Я не навяду ліха ў дні ягоныя, але ў дні сына ягонага ўчыню ліха дому ягонаму».
 
«Ці ты заўважыў, як Ахаб упакорыўся перада Мною? Дык за тое, што ён упакорыўся перада Мною, Я не навяду бяды ў яго дні, але ў дні сына яго навяду бяду на дом яго».