3 царстваў 11 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Дабравесце паводле Марка. З аўдыёкасет

 
 

І валадар Салямон кахаў шмат жанчынаў чужынскіх, і дачку фараона, і Мааўлянак, і Аманянак, і Эдомак, і Сідонак, і Хетак,
 

з тых народаў, пра якія ГОСПАД сказаў сынам Ізраіля: «Не ўваходзьце да іх, і яны няхай не ўваходзяць да вас, бо яны прывабяць сэрцы вашыя да багоў іхніх». І да іх прыхіліўся Салямон каханьнем.
 

І меў ён семсот жонак княгіняў і трыста наложніцаў. І жонкі ягоныя прывабілі сэрца ягонае.
 

Калі быў ён ужо стары, жонкі ягоныя прывабілі сэрца ягонае да багоў чужых, і сэрца ягонае не было аддадзенае ГОСПАДУ, Богу ягонаму, як сэрца Давіда, бацькі ягонага.
 

І стаў Салямон хадзіць за Астартай, багіняй Сідонцаў, і за Мількомам, брыдотай Аманянаў.
 

І рабіў Салямон ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і ня быў цалкам з ГОСПАДАМ як Давід, бацька ягоны.
 

І тады пабудаваў Салямон ахвярнік для Кемоша, брыдоты Мааўскай, на гары насупраць Ерусаліму, і для Малек, брыдоты сыноў Амона.
 

І тое самае зрабіў ён усім сваім жонкам чужынкам, палячы кадзіла і складаючы ахвяры багам іхнім.
 

І загневаўся ГОСПАД на Салямона за тое, што ён адвярнуў сэрца сваё ад ГОСПАДА, Бога Ізраіля, Які зьяўляўся яму двойчы
 

і загадаў яму не хадзіць за багамі чужымі. Але ён не захаваў таго, што загадаў ГОСПАД.
 

І сказаў ГОСПАД Салямону: «За тое, што ты [зрабіў] гэтае і не захаваў запавету Майго і пастановаў Маіх, якія Я загадаў табе, Я, забіраючы, забяру валадараньне ад цябе і аддам яго слузе твайму.
 

У дні твае, аднак, не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго, але з рукі сына твайго забяру яго.
 

І ўсё валадарства не забяру, але адно пакаленьне дам сыну твайму дзеля Давіда, слугі Майго, і дзеля Ерусаліму, які Я выбраў».
 

І паставіў ГОСПАД супраціўніка Салямону, Гадада Эдомца, з насеньня валадароў, якія [былі] ў Эдоме.
 

Калі Давід перамог Эдом, Ёаў, начальнік войска, прыйшоў хаваць забітых і выбіў усіх мужчынаў Эдомскіх,
 

бо быў там Ёаў і ўвесь Ізраіль шэсьць месяцаў, аж пакуль ня выбілі ўсіх мужчынаў у Эдоме.
 

І ўцёк Гадад, ён і Эдомцы, слугі бацькі ягонага, з ім, і зыйшоў у Эгіпет, а Гадад быў яшчэ малым хлопцам.
 

І выйшлі яны з Мадыяну, і прыйшлі ў Паран, і ўзялі з сабою людзей з Парану, і прыйшлі ў Эгіпет да фараона, валадара Эгіпецкага. А ён даў ім дом і харчаваньне і выдзяліў яму зямлю.
 

І знайшоў Гадад вялікую ласку ў вачах фараона, і ён даў Гададу за жонку сястру жонкі сваёй, сястру валадаркі Тахпэнэс.
 

І сястра Тахпэнэс нарадзіла яму Гэнубата, сына ягонага. І Тахпэнэс выгадавала яго ў доме фараона. І быў Гэнубат разам з сынамі фараона ў доме фараона.
 

І пачуў Гадад у Эгіпце, што Давід заснуў з бацькамі сваімі і што памёр Ёаў, начальнік войска, і сказаў Гадад фараону: «Дазволь мне вярнуцца ў зямлю сваю».
 

Фараон сказаў яму: «Ці табе чаго не хапае ў мяне, што ты хочаш ісьці ў зямлю сваю?» Ён адказаў: «Няма [недахопу], але прашу, адпусьці мяне».
 

І паставіў Бог яшчэ супраціўніка [Салямону], Рэзона, сына Эліяды, які ўцёк ад Гададэзэра, валадара Цовы, гаспадара свайго.
 

Ён сабраў да сябе людзей і стаўся правадыром аддзелу. І калі Давід перамог іх, яны пайшлі ў Дамаск, і там жылі, і валадарылі ў Дамаску.
 

І быў ён супраціўнікам Ізраіля ў-ва ўсе дні Салямона. І ненавідзеў ён Ізраіля, як і Гадад, і ён валадарыў у Сірыі.
 

І Ерабаам, сын Навата, Эфрацянін з Цэрэды, маці ягоная мела на імя Цэруя, удава. Гэты слуга Салямона падняў руку на валадара.
 

І вось такая была прычына, што ён падняў руку на валадара. Салямон будаваў Мілло і замураваў вылом [у муры] ў горадзе Давіда, бацькі свайго.
 

А Ерабаам быў ваяр мужны. І бачыў Салямон юнака, што ён выконвае працу, і паставіў яго наглядчыкам над усімі работнікамі з дому Язэпа.
 

І сталася ў той час, што Ерабаам выйшаў з Ерусаліму, і знайшоў яго на шляху прарок Ахія з Шыло. А быў ён апрануты ў новы плашч, і толькі яны адны былі ў полі.
 

І зьняў Ахія новы плашч, які быў на ім, і падзёр яго на дванаццаць частак,
 

і сказаў Ерабааму: «Вазьмі сабе дзесяць частак, бо гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Вось, Я вырываю валадарства з рукі Салямона і даю табе дзесяць каленаў.
 

І толькі адно калена застанецца яму дзеля слугі Майго, Давіда, і дзеля гораду Ерусаліму, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраіля,
 

бо яны пакінулі Мяне і пакланяліся Астарце, багіні Сідонцаў, і Кемошу, богу Мааву, і Мількому, богу сыноў Амона, і не хадзілі шляхамі Маімі, каб рабіць слушнае ў вачах Маіх, [выконваць] пастановы Мае і прысуды Мае, як Давід, бацька ягоны.
 

Але Я не забяру з рукі ягонай усяго валадарства, бо Я паставіў яго князем у-ва ўсе дні жыцьця ягонага дзеля Давіда, слугі Майго, якога Я выбраў і які захоўваў прыказаньні Мае і пастановы Мае.
 

І Я забяру валадарства з рукі сына ягонага, і дам табе дзесяць каленаў.
 

А сыну ягонаму Я дам адно калена, каб [заставаўся] сьветач Давіда, слугі Майго, перад абліччам Маім у-ва ўсе дні ў горадзе Ерусаліме, які Я выбраў Сабе, каб было там імя Маё.
 

А цябе Я ўзяў, і ты будзеш валадарыць над усім, чаго зажадае душа твая, і будзеш валадаром над Ізраілем.
 

І станецца, калі ты будзеш слухаць усё, што Я загадаю табе, і будзеш хадзіць шляхамі Маімі, і будзеш рабіць слушнае ў вачах Маіх, захоўваючы пастановы Мае і прыказаньні Мае, як рабіў Давід, слуга Мой, Я буду з табой і пабудую табе дом трывалы, як пабудаваў Давіду, і дам табе Ізраіль.
 

І Я пакараю нашчадкаў Давіда, але не на ўсе дні”».
 

І спрабаваў Салямон забіць Ерабаама, і ўстаў Ерабаам, і ўцёк у Эгіпет да Шышака, валадара Эгіпецкага, і быў у Эгіпце да сьмерці Салямона.
 

А іншыя дзеяньні Салямона, і ўсё, што ён рабіў, і мудрасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў Салямона.
 

І дзён, калі Салямон валадарыў над усім Ізраілем у Ерусаліме [было] сорак гадоў.
 

І супачыў Салямон з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І пачаў валадарыць замест яго Рэхабаам, сын ягоны.