Яна 11 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Быў жа нейкі хворы Лазар з Бэтаніі, мястэчка Марыі і Марты, сястры ейнай.
 
Быў жа хворы нейкі Лазар з Віфа́ніі, з пасе́лішча Марыі і Марфы, сястры яе.

А Марыя, якой брат Лазар быў хворы, была тая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Ягоныя валасамі сваімі.
 
Марыя ж была́ тая, што пама́зала Госпада мíрам і абце́рла Яго ногі валаса́мі сваімі; яе брат Лазар быў хворы.

Дык сёстры паслалі да Яго, кажучы: «Госпадзе! Вось той, з кім Ты сябруеш, нядужы».
 
Тады пасла́лі сёстры сказаць Яму: Госпадзі! вось, той, каго Ты лю́біш, хворы.

Ісус, пачуўшы, сказаў: «Гэтая нядужасьць не на сьмерць, але на славу Божую, каб Сын Божы быў праслаўлены праз яе».
 
Пачуўшы гэта, Іісус сказаў: гэтая хвароба не на смерць, а дзе́ля сла́вы Божай, каб прасла́ўлены быў Сын Божы праз яе.

А Ісус любіў Марту, і сястру ейную, і Лазара.
 
А Іісус любіў Марфу, і сястру яе, і Лазара;

Калі ж пачуў, што той хворы, дык заставаўся два дні ў тым месцы, дзе знаходзіўся.
 
калі ж пачуў, што той хворы, тады прабы́ў у тым месцы, дзе знаходзіўся, два дні;

Пасьля гэтага кажа вучням: «Пойдзем ізноў у Юдэю».
 
пасля гэтага кажа вучням: пойдзем у Іудзею зноў.

Вучні кажуць Яму: «Раббі! Толькі што Юдэі шукалі ўкаменаваць Цябе, і Ты ізноў ідзеш туды?»
 
Кажуць Яму вучні: Раввí! нядаўна Іудзеі шука́лі пабіць Цябе камяня́мі, і Ты зноў ідзе́ш туды?

Ісус адказаў: «Ці не дванаццаць гадзінаў мае дзень? Хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, бо бачыць сьвятло гэтага сьвету,
 
Адказаў Іісус: хіба́ не дванаццаць гадзíн у дні? хто ходзіць удзе́нь, той не спатыка́ецца, бо святло свету гэтага бачыць;

а хто ходзіць уначы, спатыкаецца, бо сьвятла няма ў ім».
 
а хто ходзіць уначы́, той спатыка́ецца, бо няма святла ў ім.

Сказаў гэта, і пасьля кажа ім: «Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду пабудзіць яго».
 
Сказаў Ён гэта і потым гаворыць ім: Лазар, друг наш, засну́ў, але Я іду, каб разбудзíць яго.

Сказалі тады вучні Ягоныя: «Госпадзе! Калі заснуў, будзе здаровы».
 
Сказалі тады вучні Яго: Госпадзі! калі засну́ў, то вы́здаравее.

Ісус жа гаварыў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сонны супачынак.
 
Гаварыў Іісус пра смерць яго; а яны думалі, што Ён гаворыць пра спачы́нак у сне.

Тады Ісус сказаў ім адкрыта: «Лазар памёр;
 
Тады сказаў ім Іісус адкрыта: Лазар памёр;

і Я радуюся дзеля вас, што Я ня быў там, каб вы паверылі; але пойдзем да яго».
 
і Я рады за вас, што Мяне там не было́, каб вы ўве́равалі; але пойдзем да яго.

Тады Тамаш, называны Блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: «Пойдзем і мы, каб памерці з ім».
 
Тады Фама, якога называлі Блізню́к, сказаў іншым вучням: пойдзем і мы, каб паме́рці з Ім.

Прыйшоўшы, Ісус знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.
 
Прыйшо́ўшы, Іісус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.

Бэтанія ж была блізка ад Ерусаліму, каля пятнаццаці стадыяў.
 
Віфа́нія ж была́ блізка ад Іерусаліма, ста́дыяў за пятнаццаць,

І шмат Юдэяў прыйшлі да Марты і Марыі пацешыць іх па браце іхнім.
 
і многія з Іудзеяў папрыхо́дзілі да Марфы і Марыі, каб суце́шыць іх у сму́тку па браце іх.

Марта, калі пачула, што ідзе Ісус, выйшла напярэймы Яму, а Марыя сядзела ў доме.
 
Марфа, калі пачула, што Іісус ідзе, пайшла насу́страч Яму; Марыя ж дома сядзела.

Тады Марта сказала Ісусу: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
 
Сказала тады Марфа Іісусу: Госпадзі! калі б Ты быў тут, брат мой не памёр бы;

Але і цяпер ведаю, што чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог».
 
але я і цяпер ведаю, што ўсё, чаго Ты папросіш у Бога, дасць Табе Бог.

Кажа ёй Ісус: «Уваскрэсьне брат твой».
 
Кажа ёй Іісус: уваскрэ́сне брат твой.

Кажа Яму Марта: «Ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрасеньне, у апошні дзень».
 
Кажа Яму Марфа: ведаю, што ўваскрэ́сне ў час уваскрасе́ння, у апошні дзень.

Ісус сказаў ёй: «Я ёсьць уваскрасеньне і жыцьцё. Хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе.
 
Сказаў ёй Іісус: Я — уваскрасе́нне і жыццё; хто ве́руе ў Мяне, калі і памрэ́, будзе жыць;

І ўсякі, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ на вякі. Ці верыш гэтаму?»
 
і кожны, хто жыве́ і веруе ў Мяне, не памрэ́ даве́ку. Ты верыш у гэта?

Яна кажа Яму: «Так, Госпадзе! Я веру, што Ты — Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у сьвет».
 
Яна кажа Яму: так, Госпадзі! я ўве́равала, што Ты Хрыстос, Сын Божы, Які прыхо́дзіць у свет.

І, сказаўшы гэтае, пайшла і паклікала цішком Марыю, сястру сваю, кажучы: «Настаўнік прыйшоў і кліча цябе».
 
І, сказаўшы гэта, яна пайшла і ўпо́тай паклíкала Марыю, сястру сваю, ка́жучы: Настаўнік тут і клíча цябе.

Яна, як толькі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго.
 
Та́я, як толькі пачу́ла, устала спе́шна і пайшла да Яго.

Ісус жа яшчэ не ўвайшоў у мястэчка, але быў на тым месцы, дзе пераняла Яго Марта.
 
Іісус яшчэ не ўвайшоў у пасе́лішча, а быў на тым месцы, дзе сустрэ́ла Яго Марфа.

Юдэі ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе, бачачы, што Марыя хутка ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы, што ідзе на магілу плакаць там.
 
Іудзеі ж, якія былí з ёю ў доме і суцяша́лі яе, убачыўшы, як Марыя ўстала спе́шна і выйшла, пайшлі за ёю, ка́жучы, што яна ідзе на магілу, каб плакаць там.

Марыя ж, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала да ног Ягоных, кажучы Яму: «Госпадзе! Калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой».
 
А Марыя, калі прыйшла туды, дзе быў Іісус, уба́чыўшы Яго, упа́ла Яму ў ногі і сказала Яму: Госпадзі! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.

Ісус, калі ўбачыў, што яна плача і што плачуць Юдэі, якія з ёй прыйшлі, уздыхнуў у духу, і ўсхваляваўся,
 
Іісус жа, калі ўбачыў, што яна пла́ча і пла́чуць Іудзеі, якія прыйшлі з ёю, Сам узру́шыўся духам і расхвалява́ўся,

і сказаў: «Дзе вы палажылі яго?» Кажуць Яму: «Госпадзе! Прыйдзі і паглядзі».
 
і сказаў: дзе вы пакла́лі яго? Кажуць Яму: Госпадзі! пайдзí і паглядзí.

Ісус заплакаў.
 
Праслязíўся Іісус;

Казалі тады Юдэі: «Глядзі, як Ён любіў яго».
 
гаварылі тады Іудзеі: бач, як Ён любіў яго!

А некаторыя з іх сказалі: «Ці ня мог Ён, Які адчыніў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»
 
А некато́рыя з іх казалі: хіба́ не мог Ён, Які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?

Ісус жа, ізноў уздыхнуўшы ў духу, прыходзіць да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй.
 
Іісус жа, зноў узру́шаны ў Сабе, падыхо́дзіць да магілы. Гэта была пячора, і ка́мень ляжаў на ёй.

Кажа Ісус: «Падыміце камень!» Кажа Яму сястра нябожчыка, Марта: «Госпадзе, ужо сьмярдзіць, бо ўжо чацьвёрты дзень».
 
Кажа Іісус: адымíце ка́мень. Кажа Яму сястра паме́рлага, Марфа: Госпадзі, ужо смярдзíць, бо чацвёрты дзень ляжы́ць.

Кажа ёй Ісус: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, угледзіш славу Божую?»
 
Кажа ёй Іісус: ці не гаварыў Я табе, што, калі ўверуеш, то ўбачыш славу Божую?

Тады паднялі камень, дзе ляжаў нябожчык. А Ісус падняў вочы ўгору і сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.
 
Тады аднялí ка́мень ад пячоры, дзе ляжаў паме́рлы. Іісус жа ўзвёў вочы ўгару́ і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;

Бо Я ведаю, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але Я сказаў дзеля натоўпу, які тут стаіць, каб яны паверылі, што Ты паслаў Мяне».
 
Я і ведаў, што Ты заўсёды Мяне чуеш, але сказаў гэта дзе́ля людзей, якія стаяць вако́л, каб яны ўве́равалі, што Ты Мяне паслаў.

І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: «Лазар! Выйдзі вонкі!»
 
І, сказаўшы гэта, Ён моцным голасам усклíкнуў: Лазар! вы́йдзі сюды́.

І выйшаў нябожчык са зьвязанымі пахавальнай тканінай нагамі і рукамі, і твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Ісус: «Разьвяжыце яго і дайце хадзіць».
 
І вы́йшаў паме́рлы, абвíты па нагах і руках пахава́льным палатно́м, і твар яго быў абвя́заны ху́стаю. Кажа ім Іісус: развяжы́це яго і пусцíце, няхай ідзе.

Тады многія з Юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Ісус, паверылі ў Яго.
 
Тады многія з Іудзеяў, якія прыйшлі да Марыі і ўбачылі, што́ зрабіў Іісус, уве́равалі ў Яго;

А некаторыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што зрабіў Ісус.
 
А некато́рыя з іх пайшлі да фарысеяў і сказалі ім, што́ зрабіў Іісус.

Тады першасьвятары і фарысэі склікалі сынэдрыён і казалі: «Што нам рабіць? Гэты Чалавек робіць шмат знакаў.
 
Сабра́лі тады першасвятары́ і фарысеі ра́ду і гаварылі: што́ нам рабіць? Чалавек Гэты многа цу́даў робіць;

Калі пакінем Яго гэтак, дык усе павераць у Яго, і прыйдуць Рымляне, і забяруць месца [гэтае] і народ».
 
калі пакíнем Яго так, то ўсе ўве́руюць у Яго; і пры́йдуць Ры́мляне і захопяць месца наша і народ.

Адзін жа з іх, нехта Каяфа, які быў той год першасьвятаром, сказаў ім: «Вы нічога ня ведаеце,
 
Адзін жа з іх, нехта Каіа́фа, які быў першасвятаро́м у той год, сказаў ім: вы не ве́даеце нічога

і ня думаеце, што карысьней для нас, каб адзін чалавек памёр за народ, чым каб увесь народ загінуў».
 
і не разуме́еце, што лепш нам, каб адзін чалавек памёр за людзей, а не ўвесь народ загíнуў.

Гэтае ж ён сказаў не ад сябе, але, быўшы той год першасьвятаром, прарочыў, што Ісус мае памерці за народ,
 
Гэта ж ён не ад сябе сказаў, а, пако́лькі быў першасвятаро́м у той год, прарочыў, што Іісусу нале́жала памерці за народ,

і ня толькі за народ, але каб і расьцярушаных дзяцей Божых сабраць у адно.
 
і не толькі за народ, але каб і параскіда́ных дзяце́й Божых сабра́ць у адно.

Ад гэтага дня яны пастанавілі, каб забіць Яго.
 
З таго дня яны пастанавíлі забіць Яго.

Тады Ісус ужо не хадзіў адкрыта між імі, але пайшоў адтуль у краіну ля пустыні, у горад, называны Эфраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.
 
Таму Іісус ужо не хадзіў адкрыта сярод Іудзеяў, а пайшоў адтуль у краіну каля пусты́ні, у горад, называ́ны Ефраíм, і там заста́ўся з вучнямі Сваімі.

Была ж блізка Пасха юдэйская, і з усяго Краю многія ўзыйшлі ў Ерусалім перад Пасхай, каб ачысьціцца.
 
А набліжа́лася Пасха Іудзейская, і прыйшлі многія ў Іерусалім з усёй краіны перад Пасхаю, каб ачы́сціцца.

Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў сьвятыні, гаварылі між сабою: «Як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?»
 
Шукалі тады Іісуса і гаварылі паміж сабою, стоячы ў храме: як вы думаеце, ці не пры́йдзе Ён на свята?

А першасьвятары і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб схапіць Яго.
 
А першасвятары́ і фарысеі далí загад: калі хто даве́даецца, дзе Ён, няхай данясе́, каб схапíць Яго.