Яна 3 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Быў жа сярод фарысэяў чалавек на імя Нікадэм, начальнік юдэйскі.
Быў жа чалавек з фарысеяў, імя́ яму Нікадзíм, начальнік Іудзейскі;
Ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: «Раббі! Мы ведаем, што Ты Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі б ня быў з ім Бог».
ён прыйшоў да Іісуса ўначы́ і сказаў Яму: Раввí! мы ведаем, што Ты Вучыцель, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто не можа твары́ць такіх цу́даў, якія Ты тво́рыш, калі Бог не будзе з ім.
Адказаў яму Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца звыш, ня можа ўбачыць Валадарства Божага».
У адказ Іісус сказаў яму: праўду, праўду кажу табе: калі хто не наро́дзіцца звыш, не можа ўба́чыць Царства Божага.
Кажа Яму Нікадэм: «Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маці сваёй і нарадзіцца?»
Кажа Яму Нікадзíм: як можа чалавек нарадзíцца, калі ён стары́? хіба́ можа ён другі раз увайсці ва ўло́нне маці сваёй і нарадзíцца?
Адказаў Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Валадарства Божае.
Адказаў Іісус: праўду, праўду кажу табе: калі хто не наро́дзіцца ад вады і Духа, не можа ўвайсці ў Царства Божае:
Народжанае з цела ёсьць цела, а народжанае з Духа ёсьць дух.
наро́джанае ад плоці ёсць плоць, а наро́джанае ад Духа ёсць дух.
Не зьдзіўляйся, што Я сказаў табе: Трэба вам нарадзіцца звыш.
Не здзіўля́йся, што Я сказаў табе: «трэба вам нарадзíцца звыш».
Дух дыхае, дзе хоча, і голас Яго чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды адыходзіць; гэтак і ўсякі, народжаны з Духа».
Вецер вее, дзе хоча , і голас яго чуеш, а не ведаеш, адкуль прыхо́дзіць і куды адыхо́дзіць; так і з кожным наро́джаным ад Духа.
Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: «Як гэта можа стацца?»
Тады Нікадзíм сказаў Яму: як гэта можа быць?
Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты — настаўнік Ізраіля, і гэтага ня ведаеш?
У адказ Іісус сказаў яму: ты вучыцель Ізра́ілеў, і гэтага не ведаеш?
Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, і вы сьведчаньня Нашага не прыймаеце.
Праўду, праўду кажу табе: што́ Мы ведаем, пра тое гаворым, і што́ бачылі, пра тое све́дчым, і вы све́дчання Нашага не прыма́еце;
Калі Я сказаў вам пра зямное, і ня верыце, як паверыце, калі буду гаварыць пра нябеснае?
калі Я пра зямное сказаў вам, і вы не верыце, як паверыце, калі скажу вам пра нябеснае?
І ніхто не ўзыйшоў у неба, толькі Сын Чалавечы, Які ў небе, Які з неба зыйшоў.
Ніхто не ўзыхо́дзіў на неба, толькі Сын Чалавечы, Які, бу́дучы на небе, сышоў з неба;
І, як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,
і, як Маісей узняў зме́я ў пустыні, так нале́жыць быць узня́тым Сыну Чалавечаму,
каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
каб кожны, хто ве́руе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.
Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае.
Бо так узлюбíў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто ве́руе ў Яго, не загíнуў, але меў жыццё вечнае;
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго.
бо не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзíць свет, але каб свет быў спасёны праз Яго;
Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
хто ве́руе ў Яго, не будзе асу́джаны, а хто не ве́руе, той ужо асу́джаны, бо не ўве́раваў у імя́ Адзінароднага Сына Божага.
Суд жа такі, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі злыя.
А суд у тым, што святло прыйшло ў свет, але палюбíлі людзі це́мру больш за святло, бо ўчынкі іх былí ліхíя;
Бо кожны, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да сьвятла, каб не былі дакараныя ўчынкі ягоныя.
бо кожны, хто робіць зло, той ненавíдзіць святло і не ідзе да святла, каб не былí вы́крыты ўчы́нкі яго, бо яны ліхíя;
А хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб відочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу ўчынены».
а хто робіць па праўдзе, той ідзе да святла, каб вы́явіліся ўчы́нкі яго, бо яны ў Богу зро́блены.
Пасьля гэтага прыйшоў Ісус і вучні Ягоныя ў зямлю Юдэйскую, і там быў з імі, і хрысьціў.
Пасля гэтага прыйшоў Іісус і вучні Яго ў Іудзейскую зямлю́; і там Ён жыў з імі і хрысцíў.
Ян жа таксама хрысьціў у Эноне, недалёка ад Салему, бо вады там было шмат, і прыходзілі туды, і хрысьціліся,
Іаан жа таксама хрысцíў у Эно́не, недалёка ад Салíма, бо там было́ многа вады, і прыхо́дзілі туды і хрысцíліся;
бо Ян яшчэ ня быў кінуты ў вязьніцу.
таму што не быў яшчэ паса́джаны ў цямнíцу Іаан.
І сталася спрэчка ў Янавых вучняў з Юдэямі пра ачышчэньне.
І ўзнíкла спрэ́чка ў вучняў Іаанавых з Іудзеямі пра ачышчэ́нне;
І прыйшлі да Яна, і сказалі яму: «Раббі! Той, Які быў з табою за Ярданам, пра Якога ты сьведчыў, вось, Ён хрысьціць, і ўсе ідуць да Яго».
і прыйшлі да Іаана і сказалі яму: раввí! Той, Хто быў з табою на тым баку́ Іардана і пра Каго ты све́дчыў, вось, Ён хры́сціць, і ўсе ідуць да Яго.
Адказаў Ян і сказаў: «Ня можа чалавек нічога ўзяць, калі яму ня будзе дадзена з неба.
У адказ Іаан сказаў: не можа чалавек нічога браць на сябе, калі не будзе да́дзена яму з неба.
Самі вы сьведкі мне ў тым, што я сказаў: “Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім”.
Вы самі мне све́дчыце, што я сказаў: «я не Хрыстос, але я пасла́ны перад Ім».
Хто мае нявесту, той жаніх, а сябра жаніха, які стаіць і слухае яго, радасьцю радуецца дзеля голасу жаніха. Вось гэтая радасьць мая споўнілася.
Хто ма́е нявесту, той жаніх, а друг жаніха, які стаіць і слухае яго, ра́дасцю ра́дуецца, чу́ючы голас жаніха; гэтая вось ра́дасць мая спо́ўнілася;
Яму трэба расьці, а мне — малець».
Яму нале́жыць узраста́ць, а мне ме́ншаць.
Хто з вышыні прыходзіць, Той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, Той вышэй за ўсіх,
Хто прыхо́дзіць з вышынí, Той над усімі, а хто ад зямлí, той зямны́ і па-зямному гаво́рыць; Хто прыхо́дзіць з неба, Той над усімі,
і што бачыў і чуў, пра тое сьведчыць, і ніхто не прыймае сьведчаньня Ягонага.
і што Ён бачыў і чуў, пра тое све́дчыць, ды све́дчання Яго ніхто не прыма́е;
Хто ж прыняў Яго сьведчаньне, той запячатаў, што Бог праўдзівы.
хто прыня́ў Яго све́дчанне, той сцве́рдзіў, што Бог íсцінны.
Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня мераючы дае Бог Духа.
Бо Той, Каго паслаў Бог, словы Божыя гаворыць, таму што не ме́раю дае Бог Духа.
Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у руку Яго.
Бо Айцец лю́біць Сына і ўсё даў у руку́ Яго.
Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ў Сына ня верыць, ня ўгледзіць жыцьця, але гнеў Божы будзе на ім.
Хто ве́руе ў Сына, той ма́е жыццё вечнае, а хто не ве́руе ў Сына, той не ўбачыць жыцця́, але гнеў Божы застае́цца на ім.