Ёны 2 разьдзел

Кніга прарока Ёны
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

І вызначыў ГОСПАД вялікую рыбу, каб праглынула Ёну, і быў Ёна ў нутры рыбы тры дні і тры ночы.
 
І загадаў Госпад вялікай рыбе праглынуць Ёну; і быў Ёна ў чэраве гэтае рыбы тры дні і тры ночы.

І маліўся Ёна да ГОСПАДА, Бога свайго, з нутра рыбы,
 
І маліўся Ёна Госпаду Богу свайму ў чэраве гэтае рыбы.

і сказаў: «Я клікаў да ГОСПАДА з нядолі маёй, і Ён адказаў мне; з нутра адхлані я загаласіў, і Ты пачуў голас мой.
 
І прамовіў: да Госпада клікаў я ў бядзе маёй, — і Ён мяне выслухаў; із нутра дамавіны я клікаў, — і Ты пачуў голас мой.

Ты кінуў мяне глыбока ў сэрца мораў, і вір акружыў мяне, усе плыні Твае і хвалі Твае прайшлі праз мяне.
 
Ты кінуў мяне ў глыбіню, у сэрца мора, і патокі абкружылі мяне, усе воды Твае і хвалі Твае прайшлі нада мною.

І я сказаў: “Я прагнаны ад вачэй Тваіх. Як я пагляджу яшчэ на сьвятую сьвятыню Тваю?”
 
І я сказаў: адкінуты я ад вачэй Тваіх, аднак-жа я зноў убачу сьвяты хорам Твой.

Нахлынулі воды на мяне аж да душы, глыбіня агарнула мяне навокал, травы марскія абвілі галаву маю.
 
Агарнулі мяне воды аж да душы маёй, бяздоньне акружыла мяне, морскія травы абвілі галаву маю.

Да падвалінаў гор я зыйшоў, зямля заваламі сваімі замкнула мяне на вякі. Але Ты вывеў са зьнішчэньня жыцьцё маё, ГОСПАДЗЕ, Божа мой.
 
Да падставы гораў я зыйшоў, зямля сваімі запорамі загарадзіла мяне на век; але Ты, Госпадзе, Божа мой вывядзет душу маю з дамавіны.

Калі млела душа мая ў-ва мне, я ўзгадаў ГОСПАДА, і малітва мая прыйшла да Цябе, да сьвятой сьвятыні Тваёй.
 
Калі зьнемагала ў-ва мне душа мая, я ўспомніў аб Госпадзе, і малітва мая дайшла да Цябе, да хораму сьвятога Твайго.

Тыя, што захоўваюць марнасьці манлівыя, адкідаюць міласэрнасьць ад сябе.
 
Тыя, што захоўваюць марнасьці спамыльныя, пакінулі Ягоную міласэрднасьць,

Але я з голасам падзякі прынясу ахвяру Табе, споўню, што абяцаў. Збаўленьне ў ГОСПАДА».
 
А я голасам хвалы прынясу Табе ахвяру; што прырок, выканаю; бо ратунак у Госпада!

І сказаў ГОСПАД рыбе, і яна выкінула Ёну на сухазем’е.
 
І сказаў Госпад рыбе, і яна выкінула Ёну на сухазём.