Судзьдзяў 17 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

У гарах Эфраіма быў нейкі чалавек на імя Міха.
 
Быў адзін чалавек на гары Яфрэмавай, імем Міха.

І ён сказаў маці сваёй: «Тысяча і сто срэбнікаў, якія ў цябе ўкрадзеныя і дзеля якіх ты праклінала і казала, каб я чуў, яны ў мяне, гэта я іх узяў». Яна яму сказала: «Няхай ГОСПАД дабраславіць сына майго!»
 
Ён сказаў маці сваёй: тысяча сто сікляў срэбра, якія ў цябе ўзятыя і за якія ты пры мне вымавіла праклён, гэта срэбра ў мяне, я ўзяў яго. Маці ягоная сказала: дабраславёны сын мой у Госпада!

І вярнуў ён іх маці сваёй, якая сказала яму: «Гэтае срэбра я прысьвяціла ГОСПАДУ, з рукі маёй прызначана яно для сына майго, каб з яго зрабілі [ідала] рэзьбленага і літага з мэталю. А цяпер я аддаю яго табе».
 
І вярнуў ён маці сваёй тысячу сто сікляў срэбра. І сказала маці ягоная: гэта срэбра ад сябе я прысьвяціла Госпаду дзеля сына майго, каб зрабіць зь яго выразанага балвана і літага куміра; дык вось аддаю яго табе.

Але ён зьвярнуў тыя срэбнікі маці сваёй. І маці ягоная ўзяла дзьвесьце срэбнікаў, і дала іх залатару, каб зрабіў з іх ідала рэзьбленага і літага з мэталю, які быў пасьля ў доме Міхі.
 
Але ён вярнуў срэбра маці сваёй. Маці ягоная ўзяла дзьвесьце сікляў срэбра, і аддала іх гутніку. Ён зрабіў зь іх выразанага балвана і літага куміра, які і быў у доме ў Міхі.

І ён меў у сябе бажніцу, і зрабіў эфод і тэрафімаў, і пасьвяціў аднаго з сыноў сваіх, каб быў ён у яго сьвятаром.
 
І быў у Міхі дом Божы. І зрабіў ён наплечнік і тэрафім, і пасьвяціў аднаго сына свайго, каб ён быў у яго за сьвятара.

У тыя дні не было валадара ў Ізраілі, і кожны рабіў тое, што было слушным у вачах ягоных.
 
У тыя дні ня было цара ў Ізраіля; кожны рабіў, што яму здавалася правільным.

Быў адзін юнак у Бэтлееме Юдэйскім у пакаленьні Юды, а быў ён лявіт і жыў там як прыхадзень.
 
Адзін хлопец зь Віфляема Юдэйскага, зь племя Юдавага, лявіт, тады жыў там.

І чалавек той пакінуў горад Бэтлеем Юдэйскі, і пайшоў вандраваць дзе прыдзецца. І вандруючы, дайшоў ён аж да гары Эфраіма ў дом Міхі.
 
Гэты чалавек пайшоў з горада Віфляема Юдэйскага, каб пажыць, дзе выпадзе, і, ідучы дарогаю, прыйшоў на гару Яфрэмавую да дома Міхі.

І Міха сказаў яму: «Адкуль ты паходзіш?» Ён сказаў яму: «Я — лявіт з Бэтлеему Юдэйскага, і шукаю месца, дзе абжыцца».
 
І сказаў яму Міха: адкуль ты ідзеш? Ён сказаў яму: я лявіт зь Віфляема Юдэйскага, і іду пажыць, дзе давядзецца.

І сказаў яму Міха: «Застанься ў мяне, і будзь мне бацькам і сьвятаром, а я дам табе штогод дзесяць срэбнікаў, патрэбнае адзеньне і ежу».
 
І сказаў яму Міха: застанься пры мне, і будзь у мяне за бацьку і сьвятара; я буду даваць табе па дзесяць сікляў срэбра ў год, патрэбную вопратку і ежу.

І спадабалася таму лявіту жыць у чалавека таго, і ён стаўся яму як адзін з сыноў ягоных.
 
Лявіт пайшоў да яго, і згадзіўся лявіт застацца ў гэтага чалавека, і быў хлопец у яго, як адзін з сыноў ягоных.

І Міха пасьвяціў таго лявіта, і меў таго юнака як сьвятара, і ён жыў у доме Міхі.
 
Міха пасьвяціў лявіта, і гэты хлопец быў у яго за сьвятара, і жыў у доме ў Міхі.

І сказаў Міха: «Цяпер я ведаю, што ГОСПАД будзе рабіць мне добрае, бо я маю лявіта сьвятаром».
 
І сказаў Міха: цяпер я ведаю, што Гасподзь будзе мне дабраволіць, бо лявіт у мяне за сьвятара.