Судзьдзяў 17 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
Быў чалавек на гары Яхрэмавай, наймя Міха.
Быў адзін чалавек на гары Яфрэмавай, імем Міха.
І сказаў ён маці сваёй: «Тысяча а сто срэбра, каторыя былі ўзяты ў цябе, за каторыя ты праклінала а таксама гукала ў вушы мае, вось, срэбра ў мяне, я ўзяў яго». Маці ягоная сказала: «Дабраславёны сын мой у СПАДАРА».
Ён сказаў маці сваёй: тысяча сто сікляў срэбра, якія ў цябе ўзятыя і за якія ты пры мне вымавіла праклён, гэта срэбра ў мяне, я ўзяў яго. Маці ягоная сказала: дабраславёны сын мой у Госпада!
І зьвярнуў ён тысяча а сто срэбра маці сваёй, і сказала маці ягоная: «Я супоўна пасьвяціла гэтае срэбра СПАДАРУ з рукі свае дзеля сына свайго, каб зрабіў выразаны абраз а выліваны абраз; дык я зварачаю табе яго».
І вярнуў ён маці сваёй тысячу сто сікляў срэбра. І сказала маці ягоная: гэта срэбра ад сябе я прысьвяціла Госпаду дзеля сына майго, каб зрабіць зь яго выразанага балвана і літага куміра; дык вось аддаю яго табе.
Але зьвярнуў ён срэбра маці сваёй. І ўзяла маці ягоная дзьвесьце срэбра, і дала іх літоўніку, каторы зрабіў зь яго выразаны абраз а выліваны абраз; і было гэта ў доме Мішыным.
Але ён вярнуў срэбра маці сваёй. Маці ягоная ўзяла дзьвесьце сікляў срэбра, і аддала іх гутніку. Ён зрабіў зь іх выразанага балвана і літага куміра, які і быў у доме ў Міхі.
І ў гэтага чалавека, Міхі, быў дом Божы. І зрабіў ён наплечнік а тэрафім, і напоўніў руку аднаго із сыноў сваіх, і быў у яго за сьвятара.
І быў у Міхі дом Божы. І зрабіў ён наплечнік і тэрафім, і пасьвяціў аднаго сына свайго, каб ён быў у яго за сьвятара.
Тых дзён ня было караля ў Ізраеля; кажны рабіў, што належыла ў ваччу ягоным.
У тыя дні ня было цара ў Ізраіля; кожны рабіў, што яму здавалася правільным.
І быў дзяцюк із Бэтлеему Юдэйскага, з плямені Юдзінага, і ён Левіт, і ён жыў там.
Адзін хлопец зь Віфляема Юдэйскага, зь племя Юдавага, лявіт, тады жыў там.
І пайшоў гэты чалавек ізь места Бэтлеему Юдэйскага, каб пажыць, ідзе луча, і прышоў на гару Яхрэмаву аж да дому Мішынага, каб ісьці ў дальшую дарогу.
Гэты чалавек пайшоў з горада Віфляема Юдэйскага, каб пажыць, дзе выпадзе, і, ідучы дарогаю, прыйшоў на гару Яфрэмавую да дома Міхі.
І сказаў яму Міха: «Скуль ты прышоў?» І ён сказаў яму: «Я Левіт із Бэтлеему Юдэйскага, і йду пажыць, ідзе луча».
І сказаў яму Міха: адкуль ты ідзеш? Ён сказаў яму: я лявіт зь Віфляема Юдэйскага, і іду пажыць, дзе давядзецца.
І сказаў яму Міха: «Жыві ў мяне, і будзь у мяне за айца а за сьвятара; я дам табе па дзесяць срэбра на год, і цэласьць убораў, і емя».
І сказаў яму Міха: застанься пры мне, і будзь у мяне за бацьку і сьвятара; я буду даваць табе па дзесяць сікляў срэбра ў год, патрэбную вопратку і ежу.
І пайшоў Левіт да яго, і зычыў Левіт жыць у гэтага чалавека, і быў дзяцюк яму, як адзін із сыноў ягоных.
Лявіт пайшоў да яго, і згадзіўся лявіт застацца ў гэтага чалавека, і быў хлопец у яго, як адзін з сыноў ягоных.
Міха напоўніў руку Левітаву, і гэты дзяцюк быў у яго за сьвятара, і быў ён у доме ў Міхі.
Міха пасьвяціў лявіта, і гэты хлопец быў у яго за сьвятара, і жыў у доме ў Міхі.
І сказаў Міха: «Цяпер я ведаю, што СПАДАР будзе імне добра дзеяць, бо Левіт стаў у мяне за сьвятара».
І сказаў Міха: цяпер я ведаю, што Гасподзь будзе мне дабраволіць, бо лявіт у мяне за сьвятара.