Судзьдзяў 14 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І зышоў Самсон да Фімнафы, і абачыў жонку ў Фімнафе з дачок Пілісцкіх.
 
І пайшоў Самсон у Тымнату і ўбачыў у Тымнаце жанчыну з дачок Філістымскіх.

І ён узышоў, і азнайміў айцу свайму а маці сваёй, і сказаў: «Жонку я бачыў у Фімнафе з дачок Пілісцкіх; дык вазьміце яе імне за жонку».
 
Ён пайшоў і абвясьціў бацьку свайму і маці сваёй і сказаў: я бачыў у Тымнаце жанчыну з дачок Філістымскіх; вазьмеце мне яе за жонку.

І сказаў яму айцец ягоны а маці ягоная: «Ціж няма памеж дачок братоў тваіх і ў вусім людзе маім жонкі, што ты йдзеш узяць жонку ў Пілішчан неабрэзаных?» І сказаў Самсон айцу свайму: «Яе вазьмі імне, бо яна, як належа, у ваччу маім».
 
Бацька і маці яго сказалі яму: хіба няма жанчын сярод дочак братоў тваіх і ва ўсім народзе маім, што ты ідзеш узяць жонку ў Філістымлянаў неабрэзаных? І сказаў Самсон бацьку свайму: яе вазьмі мне, бо яна мне спадабалася.

Айцец жа ягоны а маці ягоная ня ведалі, што гэта ад СПАДАРА, і што прыклепу ён шукае супроці Пілішчан. А таго часу Пілішчане панавалі над Ізраелям.
 
Бацька яго і маці яго ня ведалі, што гэта ад Госпада, і што ён шукае выпадку адпомсьціць Філістымлянам. А ў той час Філістымляне панавалі над Ізраілем.

І зышоў Самсон із айцом сваім а з маці сваёю да Фімнафы, і прышлі да вінішчаў фімнафскіх, і вось, малады леў равець наўпярэймы яму.
 
І пайшоў Самсон з бацькам сваім і з маці сваёю ў Тымнату, і калі падыходзілі да вінаграднікаў Тымнаты, вось, малады леў рыклівы ідзе яму насустрач.

І зышоў на яго Дух СПАДРОЎ, і ён разьдзер яго, як разьдзіраюць казянё; а нічога ня было ў руццэ ў яго. І не азнайміў айцу свайму і маці сваёй, што ён зрабіў.
 
І сышоў на яго Дух Гасподні, і ён разадраў ільва, бы казьляня; і ў руцэ ў яго нічога ня было. І не сказаў бацьку свайму і маці сваёй, што ён зрабіў.

І зышоў і пагутарыў із жонкаю, і яна была, як належа ў ваччу ягоным.
 
І прыйшоў і пагутарыў з жанчынаю, і яна спадабалася Самсону.

І зьвярнуўся за колькі дзён, каб узяць яе, і зайшоўся паглядзець здыхаты лявінае, і вось, рой пшчолаў у трупе лявіным і мёд.
 
Празь некалькі дзён зноў пайшоў ён, каб узяць яе і зайшоў паглядзець на труп ільва, і вось, рой пчол на трупе ільвіным і мёд.

Ён спусьціў яго ў далоні свае, і пайшоў, ідучы й ядучы, і пайшоў да айца свайго а маці свае, і даў ім, і яны елі; але ён не азнайміў ім, што зь лявінага трупа спусьціў мёд гэты.
 
Ён узяў яго ў рукі свае і пайшоў і еў дарогаю; і калі прыйшоў да бацькі свайго і маці сваёй, даў і ім, і яны елі; але не сказаў ім, што зь ільвінага трупа ўзяў мёд гэты.

І зышоў айцец ягоны да жонкі, і зрабіў там Самсон чэсьць, бо так робяць маладыя.
 
І прыйшоў бацька ягоны да жанчыны, і зладзіў там Самсон гасьціну, як звычайна робяць жаніхі.

І было, як абачылі яго, дык узышлі трыццацёх прыяцеляў, і былі яны зь ім.
 
І калі там убачылі яго, выбралі трыццаць вясельных дружкаў, каб яны былі пры ім.

І сказаў ім Самсон: «Загадаю ж я вам загадку; калі вы добра адгадаце імне яе за сем дзён чэсьці і знойдзеце адгадку, то я дам вам трыццаць пасьцілак і трыццаць зьменаў адзежы.
 
І сказаў ім Самсон: загадаю я вам загадку; калі вы адгадаеце мне яе за сем дзён гасьціны і адгадаеце правільна, дык я даю вам трыццаць сіндонаў і трыццаць перамен вопраткі;

А калі ня зможаце адгадаць імне, то вы дасьце імне трыццаць пасьцілак і трыццаць зьменаў адзежы». Тады яны сказалі яму: «Загадай загадку сваю, і паслухаем».
 
а калі ня здолееце адгадаць мне, дык вы дайце мне трыццаць сіндонаў і трыццаць перамен вопраткі. Яны сказалі яму: загадай загадку тваю, паслухаем.

І сказаў ім: «Зь ядучага вышла ядомае і з дужога вышла салодкае». І не маглі адгадаць загадкі за тры дні.
 
І сказаў ім: зь едака выйшла еднае, і з дужага выйшла салодкае. І не маглі адгадаць загадкі за тры дні.

І было на семы дзень, і сказалі яны жонцы Самсонавай: «Умоў мужа свайго, і хай ён азнайме нам загадку; накш спалім мы цяплом цябе й дом айца твайго; ціж вы пазвалі нас, каб абгаліць нас?»
 
На сёмы дзень сказалі яны жонцы Самсонавай: угавары мужа твайго, каб ён разгадаў нам загадку; інакш спалім агнём цябе і дом бацькі твайго; хіба ж вы паклікалі нас, каб абабраць нас?

І плакала жонка Самсонава над ім, і казала: «Ты адно ненавідзіш мяне й ня любіш мяне; ці не загадаў ты загадкі сыном люду майго, а імне не адгадаў яе?» Ён сказаў ёй: «Гля, айцу свайму а маці сваёй не адгадаў яе; і ці табе адгадаю?»
 
І плакала жонка Самсонава перад ім і казала: ты ненавідзіш мяне і не кахаеш; ты загадаў загадку сынам народу майго, а мне не разгадваеш яе. Ён сказаў ёй: бацьку майму і маці маёй не разгадаў яе; ці ж табе разгадаю?

І плакала яна над ім сем тых дзён, у каторых была ў іх чэсьць. І было, што на сёмы дзень адгадаў ёй, бо яна надта дадзявала яму. А яна адгадала загадку сыном люду свайго.
 
І плакала яна перад ім сем дзён, колькі доўжылася ў іх гасьціна. Нарэшце на сёмы дзень разгадаў ёй, бо яна вельмі моцна прасіла яго. А яна разгадала загадку сынам народу свайго.

І сказалі яму людзі места ейнага на сёмы дзень да заходу сонца: «Што салодшае за мёд, і што дужшае за лява!» Ён сказаў ім: «Калі б вы не аралі на маёй цяліцы, то не адгадалі б мае загадкі».
 
І на сёмы дзень да захаду сонца сказалі яму грамадзяне: што саладзей за мёд, і што дужэй за ільва! Ён сказаў ім: калі б вы не аралі на маёй цялушцы, дык не адгадалі б маёй загадкі.

І зышоў на яго Дух СПАДАРОЎ, і зышоў ён да Ашкелону, і пабіў зь іх трыццацёх чалавекаў, і ўзяў іх адзежы, і аддаў зьмены іх тым, што азнаймілі адгадку. І ўзгарэўся гнеў ягоны, і ўзышоў ён да дому айца свайго.
 
І сышоў на яго Дух Гасподні, і пайшоў ён у Аскалон, і, забіўшы там трыццаць чалавек, зьняў зь іх вопратку, і аддаў перамены вопраткі тым, што разгадалі загадку ягоную. І запалаў гнеў ягоны, і пайшоў ён у дом да бацькі свайго.

І стала жонка Самсонава жонкаю вясельнага прыяцеля ягонага, каторы быў прыяцелям яму.
 
А жонка Самсонава выйшла за вясельнага дружка ягонага, які быў пры ім за дружка.