Судзьдзяў 20 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І вышлі ўсі сынове Ізраелявы, і зьберся збор, як адзін чалавек, ад Дану да Веер-Шэвы, і зямля Ґілеадзкая — да СПАДАРА ў Міцпе.
І выйшлі ўсе сыны Ізраілевыя, і сабралася ўсё супольства, як адзін чалавек, ад Дана да Вірсавіі, і зямля Галаадская перад Госпадам ў Масіфу.
І сталі начэльнікі ўсяго люду, усі плямёны Ізраелявы, у грамадзе люду Божага, чатырыста тысячаў пяхотных мужоў, меч агаляючых.
І сабраліся правадыры ўсяго народа, усе плямёны Ізраілевыя, на сход народа Божага, чатырыста тысяч пешых, якія агалялі меч.
І пачулі сынове Веняміновы, што ўзышлі сынове Ізраелявы да Міцпы. І сказалі сынове Ізраелявы: «Скажыце, як сталася нягоднасьць гэта?»
І сыны Веньямінавыя пачулі, што сыны Ізраілевыя прыйшлі ў Масіфу. І сказалі сыны Ізраілевыя: скажэце, як адбывалася гэтае ліха?
І адказаў гэты чалавек Левіт, муж гэнае забітае жонкі, і сказаў: «Да Ґівеы Веняміновае прышоў я а мамошка мая начаваць.
Лявіт, муж той забітай жанчыны, адказваў і сказаў: я з наложніцаю маёю прыйшоў начаваць у Гіву Веньямінавую;
І паўсталі на мяне спадары Ґівеы, і абступілі дзеля мяне дом ночы. Мяне маніліся забіць, а мамошку Маю замучылі, і яна памерла.
і паўсталі на мяне жыхары Гівы і атачылі празь мяне дом уначы; мяне мерыліся забіць і наложніцу маю замардавалі, так што яна памерла;
Я ўхапіў мамошку сваю, парэзаў яе і паслаў яе да ўсіх палёў дзяржавы Ізраелявае, бо яны зрабілі бязулства а шал у Ізраелю.
я ўзяў наложніцу маю, расьсек яе і паслаў яе ва ўсе вобласьці валоданьняў Ізраілевых, бо яны ўчынілі беззаконьне і паскудную дзею ў Ізраілі;
Вось, вы ўсі, сынове Ізраелявы, разгледзьце гэтую справу й радзьцеся праз гэта».
вось, усе вы, сыны Ізраілевыя, разгледзьце гэтую дзею і вырашыце тут.
І паўстаў увесь люд, як адзін чалавек, кажучы: «Ня пойдзем ні водзін да будану свайго і ня зьвернем ні водзін да дому свайго.
І паўстаў увесь народ, як адзін чалавек, і сказаў: ня пойдзем ніхто ў намёт свой і ня вернемся ніхто ў дом свой;
І во што мы зробім із Ґівеаю: кінем на жэрабя ўзглядам яе.
і вось, што мы зробім сёньня з Гіваю: пойдзем на яе па жэрабі;
І возьмем дзесяцёх чалавекаў із сту з усіх плямёнаў Ізраелявых, сту з тысяча і тысяча зь дзесяцёх тысячаў, каб яны прынесьлі еміны люду, каторы, прышоўшы, мог зрабіць Ґівее Веняміновай подле ўсёга шалу, што яна зрабіла ў Ізраелю».
і возьмем па дзесяць чалавек са ста ад усіх плямёнаў Ізраілевых, па сто ад тысячы і па тысячы ад цьмы, каб яны прынесьлі ежы народу, які пойдзе супроць Гівы Веньямінавай, пакараць яе за паскудную дзею, якую яна ўчыніла ў Ізраілі.
І зьберліся кажны Ізраелец да места, як адзін чалавек сьсябраваўшыся.
І сабраліся ўсе Ізраільцяне супроць горада аднадушна, як адзін чалавек.
І паслалі плямёны Ізраелявы людзёў да ўсіх родаў Веняміновых, кажучы: «Што за нягоднасьць сталася меж вас!
І паслалі плямёны Ізраілевыя ва ўсё племя Веньямінавае сказаць: якая гэта гнюсотная дзея ўчынена ў вас!
А цяпер дайце гэных сыноў Веляла, што ў Ґівеы, мы зробім ім сьмерць, і выкаранім ліха з Ізраеля». Але не хацеў Венямін паслухаць голасу братоў сваіх, сыноў Ізраелявых.
выдайце тых распусных людзей, якія ў Гіве; мы аддамо іх сьмерці і выкарчуем зло зь Ізраіля. Але сыны Веньямінавыя не хацелі слухаць голасу братоў сваіх, сыноў Ізраілевых;
Але зьберліся сынове Веняміновы зь местаў да Ґівеы, каб пайсьці вайною із сынамі Ізраелявымі.
а сабраліся сыны Веньямінавыя з гарадоў у Гіву, каб пайсьці вайною супроць сыноў Ізраілевых.
І налічылі сыноў Веняміновых таго дня зь местаў дваццаць шэсьць тысячаў чалавекаў, што агалялі меч; апрача тога, із жыхараў Ґіўскіх налічылі сямсот выборных.
І налічылася таго дня сыноў Веньямінавых з гарадоў дваццаць шэсьць тысяч чалавек, якія агалілі меч: апрача таго з жыхароў Гівы налічана сямсот адборных;
З памеж усіх гэтых было сямсот чалавекаў выборных, каторыя не валодалі праваю рукою, і кажны зь іх, пушчаючы з пушчалаў каменьне ў волас, не абмахнуўся.
з усяго народу гэтага было сямсот чалавек адборных, якія былі ляўчукі, і ўсе гэтыя, кідаючы з прашчы камень у волас, ня кідалі міма.
І мужоў Ізраелцаў налічылі, апрача сыноў Веняміновых, чатырыста тысячаў чалавекаў, што агалялі меч; кажны зь іх чалавек вайны.
А Ізраільцянаў, апрача сыноў Веньямінавых, налічвалася чатырыста тысяч чалавек, што агалялі меч; усе яны былі здольныя да вайны.
І ўсталі, і ўзышлі да дому Божага, і пыталіся ў Бога, і сказалі сынове Ізраелявы: «Хто ўзыйдзе дзеля нас спачатку на бітву із сынамі Веняміновымі?» І сказаў СПАДАР: «Юда спачатку».
І ўсталі і пайшлі ў дом Божы, і пыталіся ў Бога і сказалі сыны Ізраілевыя: хто з нас раней пойдзе на вайну з сынамі Веньяміна? І сказаў Гасподзь: Юда наперадзе.
І ўсталі сынове Ізраелявы нараніцы, і разьлягліся табарам ля Ґівеы.
І ўсталі сыны Ізраілевыя раніцай і атабарыліся каля Гівы;
І выступілі Ізраелцы на бітву супроці Веняміну, і зладзіліся сынове Ізраелявы на бітву супроці іх ля Ґівеы.
і выступілі Ізраільцяне на вайну супроць Веньяміна, і сталі сыны Ізраілевыя ў баявы парадак каля Гівы.
І вышлі сынове Веняміновы з Ґівеы, і зразілі ў Ізраелю таго дня дваццаць дзьве тысячы чалавекаў на зямлю.
І выйшлі сыны Веньямінавыя зь Гівы і паклалі ў той дзень дваццаць дзьве тысячы Ізраільцянаў на зямлю.
І ўюшыўся люд, кажны Ізраелянін, і ўзноў зладзіўся да бітвы на тым месцу, ідзе зладзіліся першы дзень.
Але народ Ізраільскі падбадзёрыўся, і зноў сталі ў баявы парадак на тым месцы, дзе стаялі першы дзень.
І ўзышлі сынове Ізраелявы, і плакалі перад СПАДАРОМ аж да вечара, і пыталіся ў СПАДАРА, кажучы: «Ці яшчэ імне дабліжыцца на бітву із сынамі Веняміна, брата майго?» І сказаў СПАДАР: «Узыйдзіце супроці яго».
І пайшлі сыны Ізраілевыя, і плакалі перад Госпадам да вечара, і пыталіся ў Госпада: ці ўступаць мне яшчэ ў бітву з сынамі Веньяміна, брата майго? Гасподзь сказаў: ідзеце супроць яго.
І падступілі сынове Ізраелявы да сыноў Веняміновых другі дзень.
І падступілі сыны Ізраілевыя да сыноў Веньяміна ў другі дзень.
І Венямін вышаў супроці іх ізь Ґівеы на другі дзень і яшчэ зразіў із сыноў Ізраелявых асьмінанцаць тысячаў чалавекаў на зямлю, усі яны агаляючыя меч.
Веньямін выступіў супроць іх з Гівы на другі дзень, і яшчэ паклалі на зямлю з сыноў Ізраілевых васемнаццаць тысяч чалавек, што агаляюць меч.
І ўзышлі ўсі сынове Ізраелявы а ўвесь люд, і прышлі да дому Божага, і плакалі, і сядзелі там перад відам СПАДАРОВЫМ, і поставалі таго дня аж да вечара, і абраклі ўсепаленьне а супакойныя аброкі перад СПАДАРОМ.
Тады ўсе сыны Ізраілевыя і ўвесь народ пайшлі і прышлі ў дом Божы і, седзячы там, плакалі перад Госпадам, і пасьціліся ў той дзень да вечара, і прынесьлі цэласпаленьні і мірныя ахвяры прад Госпадам.
І пыталіся сынове Ізраелявы ў СПАДАРА, — і там тых дзён скрыня змовы Божае,
І пыталіся сыны Ізраілевыя ў Госпада,
І Фінегас, сын Елеазара Ааронка, стаяў перад ёю тых дзён, — кажучы: «Ці выходзіць імне яшчэ на бітву із сынамі Веняміна, брата майго, ці перастаць?» СПАДАР сказаў: «Узыходзьце, бо заўтра Я аддам яго ў руку тваю».
ці выходзіць мне яшчэ на бітву з сынамі Веньяміна, брата майго, ці не? Гасподзь сказаў: ідзеце: Я заўтра аддам яго ў рукі вашыя.
І пастанавіў Ізраель засаду супроці Ґівеы.
І паставіў Ізраіль засаду вакол Гівы.
І ўзышлі сынове Ізраелявы на сыноў Веняміновых на трэйці дзень, і зладзіліся супроці Ґівеы, як кажны раз.
І пайшлі сыны Ізраілевыя на сыноў Веньяміна на трэці дзень і сталі ў баявы парадак перад Гіваю, як раней.
І вышлі сынове Веняміновы наўпярэймы люду, і адвалакліся ад места, і пачалі разіць ізь люду; і было забітых, як уперад, на гасьцінцах, з каторых адзін вядзець да Бэт-Элю, а адзін да Ґівеы полям, і забілі якіх трыццацёх чалавекаў із Ізраелцаў.
Сыны Веньямінавыя выступілі супроць народу і аддаліліся ад горада, і пачалі, як раней, забіваць з народу на дарогах, зь якіх адна ідзе да Вэтыля, а другая да Гівы полем, і забілі да трыццаці чалавек зь Ізраільцянаў.
І сказалі сынове Веняміновы: «Яны зражаны перад намі, як і ўперад». А сынове Ізраелявы сказалі: «Уцякайма ад іх, і адцягнем іх ад места на дарогі».
І сказалі сыны Веньямінавыя: яны падаюць перад намі, як і раней. А сыны Ізраілевыя сказалі: пабяжым ад іх і адцягнем іх ад горада на дарогі.
І кажны муж Ізраелянін усталі зь месца свайго, і зладзіліся ў Ваал-Тамары. І засада Ізраелява прарвалася із свайго месца, ізь сенажаці Ґівеы.
І ўсе Ізраільцяне ўсталі з свайго месца і выстраіліся ў Ваал-Тамары. І засада Ізраілевая кінулася са свайго месца, з заходняга боку Гівы.
І прышлі насупраці Ґівеы дзесяць тысячаў чалавекаў, выборных мужоў із усёга Ізраеля, і бітва была цяжкая; але сынове Веняміновы ня ведалі, што ліха датыкаецца да іх.
І прыйшлі да Гівы дзесяць тысяч чалавек адборных з усяго Ізраіля, і пачалася жорсткая бітва; але сыны Веньяміна ня ведалі, што іх чакае бяда.
І зразіў СПАДАР Веняміна перад Ізраелям, і выгубілі сынове Ізраелявы ў Веняміну таго дня дваццаць пяць тысячаў сту чалавекаў, кажны з гэтых агаляў меч.
І пабіў Гасподзь Веньяміна перад Ізраільцянамі, і паклалі ў той дзень Ізраільцяне з сыноў Веньяміна дваццаць пяць тысяч сто чалавек, што агалілі меч.
І абачылі сынове Веняміновы, што яны зражаны. І ўступілі сынове Ізраелявы месца сыном Веняміновым, бо спадзяваліся на засаду, каторую яны пастанавілі ля Ґівеы.
Калі сыны Веньяміна ўбачылі, што яны пабітыя, тады Ізраільцяне саступілі месца сынам Веньяміна, бо спадзяваліся на засаду, якую яны пакінулі паблізу Гівы.
Засада ж пабарзьдзіла й пусьцілася да Ґівеы, і ўступіла засада, і зразіла ўсе места лязом мяча.
А засада пасьпяшалася і памкнулася да Гівы, і ўступіла і пабіла ўвесь горад мечам.
Умоўны знак быў у Ізраеля із засадаю, павялічыць падымак булаку дыму зь места.
Ізраільцяне паставілі з засадаю ўмоўленым знакам да нападу дым слупам з горада.
І адвярнуліся мужове Ізраелявы зь бітвы, і Венямін пачаў цяць іх. Забітых мужоў Ізраелявых было якіх трыццацёх мужоў, бо казалі: «Во валіцца, валіцца ён перад намі, як і ў ранейшыя бітвы»;
І вось, калі Ізраільцяне адступілі зь месца бітвы, і Веньямін пачаў пабіваць і пабіў Ізраільцянаў да трыццаці чалавек і казаў: «зноў падаюць яны перад намі, як і ў ранейшых бітвах»,
І булак пачаў падыймацца зь места — стоўп дыму, і азірнуўся Венямін назад, і во, падыймаецца дым з усёга места пад неба.
тады пачаў падымацца з горада дым слупам. Веньямін азірнуўся назад, і вось, дым ад усяго града падымаецца ў неба.
І мужы Ізраелявы азірнуліся, а Венямін спалохаўся, бо абачыў, што дакрануліся да ліха.
Ізраільцяне вярнуліся, а Веньямін спалохаўся, бо ўбачыў, што спасьцігла яго бяда.
І адвярнуліся яны ад Ізраелцаў па дарозе да пустыні; але бітва дагнала яго, і тыя, што выходзілі зь местаў, губілі яго сярод яго;
І пабеглі яны ад Ізраільцянаў па дарозе да пустыні; але сеча перасьледавала іх, і тыя, што выходзілі з гарадоў, пабівалі іх там;
Абступілі Веняміна, гналіся за ім аж да Менугі, і тапталі аж да супраці Ґівеы з усходу сонца.
атачылі Веньяміна і перасьледавалі яго да Мэнухі і пабівалі да самага ўсходняга боку Гівы.
І палі із сыноў Веняміновых асьмінанцацёх тысячаў чалавекаў, усі яны дужасілы.
І загінула з сыноў Веньяміна васямнаццаць тысяч чалавек, людзей дужых.
І абярнуліся, і ўцяклі на пустыню, да скалы Рымон, і дабілі яшчэ іх на дарогах пяць тысячаў чалавекаў; і гналіся за імі аж да Ґідому, і зразілі зь яго дзьве тысячы чалавекаў.
Астатнія павярнуліся і пабеглі да пустыні, да скалы Рымона, і пабілі яшчэ на дарогах пяць тысяч чалавек; і гналіся за імі да Гідома і яшчэ забілі зь іх дзьве тысячы чалавек.
І было ўсіх палых Веняміну гэтага дня дваццаць пяць тысячаў, кажны агаляючы меч, і ўсі яны дужасілы.
А ўсіх сыноў Веньямінавых, якія загінулі ў той дзень, было дваццаць пяць тысяч чалавек, што агалілі меч, і ўсе яны былі мужчыны дужыя.
І абярнуліся, і ўцяклі на пустыню, да скалы Рымон шасьцьсот чалавекаў, і заставаліся там у скале Рымоне чатыры месяцы.
І ўцяклі астатнія ў пустыню, да скалы Рымона, шэсьцьсот чалавек, і заставаліся там у каменнай гары Рымоне чатыры месяцы.
І мужы Ізраелявы зьвярнуліся да сыноў Веняміновых, і зразілі іх лязом мяча, ад места й ад людзіны аж да статку і да ўсёга, што сустракалася; таксама ўсі месты, каторыя яны знайшлі, яны аканавалі цяплу.
А Ізраільцяне зноў пайшлі да сыноў Веньямінавых і пабілі іх там, і людзей у горадзе, і быдла, і ўсё, што ні сустракалася, і ўсе, што былі на дарозе, гарады спалілі агнём.