Судзьдзяў 20 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І выйшлі ўсе сыны Ізраіля, і як адзін чалавек сабралася грамада ад Дану аж да Бээр-Шэвы разам з зямлёй Гілеад да ГОСПАДА ў Міцпу.
 
І выйшлі ўсе сыны Ізраілевыя, і сабралася ўсё супольства, як адзін чалавек, ад Дана да Вірсавіі, і зямля Галаадская перад Госпадам ў Масіфу.

І сабраліся правадыры ўсяго народу і ўсе калены Ізраіля на супольны сход народу Божага, а [было] іх чатырыста тысячаў пешых ваяроў, узброеных мячом.
 
І сабраліся правадыры ўсяго народа, усе плямёны Ізраілевыя, на сход народа Божага, чатырыста тысяч пешых, якія агалялі меч.

І пачулі сыны Бэн’яміна, што сабраліся сыны Ізраіля ў Міцпе. І пыталіся сыны Ізраіля [ў лявіта], як гэтае злачынства адбылося.
 
І сыны Веньямінавыя пачулі, што сыны Ізраілевыя прыйшлі ў Масіфу. І сказалі сыны Ізраілевыя: скажэце, як адбывалася гэтае ліха?

І лявіт, муж замучанай жанчыны, адказаў: «Прыйшоў я з наложніцай маёй у Гіву, што [належыць] да Бэн’яміна, каб пераночць.
 
Лявіт, муж той забітай жанчыны, адказваў і сказаў: я з наложніцаю маёю прыйшоў начаваць у Гіву Веньямінавую;

І гаспадары Гівы паўсталі супраць мяне, і ўначы атачылі дом, хочучы мяне забіць, а наложніцу маю гвалтавалі, і яна памерла.
 
і паўсталі на мяне жыхары Гівы і атачылі празь мяне дом уначы; мяне мерыліся забіць і наложніцу маю замардавалі, так што яна памерла;

І я ўзяў наложніцу маю, і пасек яе на часткі, і паслаў у-ва ўсе межы спадчыны Ізраіля, бо яны ўчынілі ганебнае і агіднае ў Ізраілі.
 
я ўзяў наложніцу маю, расьсек яе і паслаў яе ва ўсе вобласьці валоданьняў Ізраілевых, бо яны ўчынілі беззаконьне і паскудную дзею ў Ізраілі;

І цяпер вы ўсе, сыны Ізраіля, дайце слова і раду [ў гэтай справе]?»
 
вось, усе вы, сыны Ізраілевыя, разгледзьце гэтую дзею і вырашыце тут.

І паўстаў увесь народ як адзін чалавек, кажучы: «Ніхто з нас ня пойдзе ў намёт свой, і ніхто ня пойдзе ў дом свой!
 
І паўстаў увесь народ, як адзін чалавек, і сказаў: ня пойдзем ніхто ў намёт свой і ня вернемся ніхто ў дом свой;

Але супольна выступім супраць Гівы паводле жэрабя.
 
і вось, што мы зробім сёньня з Гіваю: пойдзем на яе па жэрабі;

І з кожнага калена Ізраіля выбярэм дзесяць чалавек са ста, і сто — з тысячы, і тысячу — з дзесяці тысячаў. Яны будуць рупіцца пра харчы для войска, якое выправіцца зрабіць з Гівай Бэн’ямінавай адпаведна ганьбы, якую яны ўчынілі ў Ізраілі».
 
і возьмем па дзесяць чалавек са ста ад усіх плямёнаў Ізраілевых, па сто ад тысячы і па тысячы ад цьмы, каб яны прынесьлі ежы народу, які пойдзе супроць Гівы Веньямінавай, пакараць яе за паскудную дзею, якую яна ўчыніла ў Ізраілі.

І зыйшоўся ўвесь Ізраіль супраць гораду таго, усе разам, як адзін чалавек.
 
І сабраліся ўсе Ізраільцяне супроць горада аднадушна, як адзін чалавек.

І паслалі калены Ізраіля людзей да ўсяго калена Бэн’яміна, кажучы: «Што за ліхота адбываецца сярод вас!
 
І паслалі плямёны Ізраілевыя ва ўсё племя Веньямінавае сказаць: якая гэта гнюсотная дзея ўчынена ў вас!

Выдайце цяпер тых людзей, сыноў Бэліяла, з Гівы, і мы заб’ем іх і вынішчым зло з Ізраіля». Але сыны Бэн’яміна не хацелі слухаць голас братоў сваіх, сыноў Ізраіля.
 
выдайце тых распусных людзей, якія ў Гіве; мы аддамо іх сьмерці і выкарчуем зло зь Ізраіля. Але сыны Веньямінавыя не хацелі слухаць голасу братоў сваіх, сыноў Ізраілевых;

І сабраліся сыны Бэн’яміна з усіх гарадоў у Гіву, каб ваяваць супраць сыноў Ізраіля.
 
а сабраліся сыны Веньямінавыя з гарадоў у Гіву, каб пайсьці вайною супроць сыноў Ізраілевых.

У той дзень налічана было сыноў Бэн’яміна, што прыйшлі з іншых гарадоў і ўзброеных мячом, дваццаць шэсьць тысячаў, апрача жыхароў Гівы, з якіх было налічана семсот выбранцоў.
 
І налічылася таго дня сыноў Веньямінавых з гарадоў дваццаць шэсьць тысяч чалавек, якія агалілі меч: апрача таго з жыхароў Гівы налічана сямсот адборных;

У-ва ўсім гэтым войску было семсот выбранцоў, якія не карысталіся правай рукой і якія кідалі з пушчалкі камянём так, што воласа не міналі.
 
з усяго народу гэтага было сямсот чалавек адборных, якія былі ляўчукі, і ўсе гэтыя, кідаючы з прашчы камень у волас, ня кідалі міма.

А ваяроў Ізраіля без [сыноў] Бэн’яміна, налічвалася чатырыста тысячаў узброеных мячом і здольных да бою.
 
А Ізраільцянаў, апрача сыноў Веньямінавых, налічвалася чатырыста тысяч чалавек, што агалялі меч; усе яны былі здольныя да вайны.

І паўсталі яны, і пайшлі ў Бэтэль, і пыталіся ў Бога. І казалі сыны Ізраіля: «Хто першым з нас пойдзе ў бой супраць сыноў Бэн’яміна?» І ГОСПАД ім сказаў: «Юда [пойдзе] першы».
 
І ўсталі і пайшлі ў дом Божы, і пыталіся ў Бога і сказалі сыны Ізраілевыя: хто з нас раней пойдзе на вайну з сынамі Веньяміна? І сказаў Гасподзь: Юда наперадзе.

На сьвітаньні вырушылі сыны Ізраіля і разлажыліся табарам насупраць Гівы.
 
І ўсталі сыны Ізраілевыя раніцай і атабарыліся каля Гівы;

І сталі ў шыхт сыны Ізраіля супраць Бэн’яміна, і пачалі ваяваць сыны Ізраіля супраць Гівы.
 
і выступілі Ізраільцяне на вайну супроць Веньяміна, і сталі сыны Ізраілевыя ў баявы парадак каля Гівы.

Але ў той дзень сыны Бэн’яміна выйшлі з Гівы і забілі спасярод сыноў Ізраіля дваццаць дзьве тысячы чалавек.
 
І выйшлі сыны Веньямінавыя зь Гівы і паклалі ў той дзень дваццаць дзьве тысячы Ізраільцянаў на зямлю.

І сыны Ізраіля набраліся мужнасьці, і ў тым самым месцы, дзе раней ваявалі, падрыхтаваліся да бою.
 
Але народ Ізраільскі падбадзёрыўся, і зноў сталі ў баявы парадак на тым месцы, дзе стаялі першы дзень.

І пайшлі сыны Ізраіля [ў Бэтэль], і плакалі перад ГОСПАДАМ аж да вечара, і пыталіся ў ГОСПАДА, кажучы: «Ці маем мы далей ваяваць з сынамі Бэн’яміна, братамі нашымі?» І ГОСПАД сказаў: «Ваюйце супраць іх».
 
І пайшлі сыны Ізраілевыя, і плакалі перад Госпадам да вечара, і пыталіся ў Госпада: ці ўступаць мне яшчэ ў бітву з сынамі Веньяміна, брата майго? Гасподзь сказаў: ідзеце супроць яго.

І на другі дзень сыны Ізраіля пайшлі на сыноў Бэн’яміна.
 
І падступілі сыны Ізраілевыя да сыноў Веньяміна ў другі дзень.

І сыны Бэн’яміна выйшлі з Гівы, і ў другі дзень забілі васямнаццаць тысячаў спасярод сыноў Ізраіля, узброеных мячом.
 
Веньямін выступіў супроць іх з Гівы на другі дзень, і яшчэ паклалі на зямлю з сыноў Ізраілевых васемнаццаць тысяч чалавек, што агаляюць меч.

І ўсе сыны Ізраіля, і ўвесь народ пайшлі ў Бэтэль, і прыйшлі, і плакалі, і сядзелі перад абліччам ГОСПАДА, і посьцілі ў той дзень аж да вечара, і складалі ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя перад абліччам ГОСПАДА.
 
Тады ўсе сыны Ізраілевыя і ўвесь народ пайшлі і прышлі ў дом Божы і, седзячы там, плакалі перад Госпадам, і пасьціліся ў той дзень да вечара, і прынесьлі цэласпаленьні і мірныя ахвяры прад Госпадам.

І пыталіся сыны Ізраіля ў ГОСПАДА. А ў тыя дні быў там Каўчэг Запавету Божага.
 
І пыталіся сыны Ізраілевыя ў Госпада,

І стаў тады Пінхас, сын Элеазара, сына Аарона, кажучы: «Ці павінны мы яшчэ ісьці ваяваць супраць сыноў Бэн’яміна, братоў нашых, ці не?» І ГОСПАД сказаў: «Ідзіце ваяваць, бо Я заўтра аддам іх у рукі вашыя».
 
ці выходзіць мне яшчэ на бітву з сынамі Веньяміна, брата майго, ці не? Гасподзь сказаў: ідзеце: Я заўтра аддам яго ў рукі вашыя.

І сыны Ізраіля паставілі кругом Гівы засады.
 
І паставіў Ізраіль засаду вакол Гівы.

На трэці дзень пайшлі сыны Ізраіля супраць сыноў Бэн’яміна і, падобна як першы раз, сталі ў шыхт насупраць Гівы.
 
І пайшлі сыны Ізраілевыя на сыноў Веньяміна на трэці дзень і сталі ў баявы парадак перад Гіваю, як раней.

І сыны Бэн’яміна выступілі супраць народу, і адыйшліся ад гораду, і пачалі як раней забіваць ваяроў на дарогах, з якіх адна ідзе ў Бэтэль, а другая — у Гіву, і на палях, і [загінула] каля трыццаці ваяроў.
 
Сыны Веньямінавыя выступілі супроць народу і аддаліліся ад горада, і пачалі, як раней, забіваць з народу на дарогах, зь якіх адна ідзе да Вэтыля, а другая да Гівы полем, і забілі да трыццаці чалавек зь Ізраільцянаў.

І казалі сыны Бэн’яміна: «Як і ў першы раз, будуць яны пераможаныя», а сыны Ізраіля казалі: «Уцякайма, каб адвесьці іх ад гораду на тыя дарогі».
 
І сказалі сыны Веньямінавыя: яны падаюць перад намі, як і раней. А сыны Ізраілевыя сказалі: пабяжым ад іх і адцягнем іх ад горада на дарогі.

І ўсе ваяры Ізраіля, устаўшы з месца свайго, сталі ў шыхт у Баал-Тамар. І засады выйшлі са сховаў на раўніне Гівы.
 
І ўсе Ізраільцяне ўсталі з свайго месца і выстраіліся ў Ваал-Тамары. І засада Ізраілевая кінулася са свайго месца, з заходняга боку Гівы.

І выйшлі супраць Гівы дзесяць тысячаў выбранцоў з усяго Ізраіля, і пачалася цяжкая бітва. А [сыны Бэн’яміна] не разумелі, што чакае іх параза.
 
І прыйшлі да Гівы дзесяць тысяч чалавек адборных з усяго Ізраіля, і пачалася жорсткая бітва; але сыны Веньяміна ня ведалі, што іх чакае бяда.

І пабіў ГОСПАД Бэн’яміна перад абліччам Ізраіля, і выбілі ў той дзень сыны Ізраіля ў Бэн’яміна дваццаць пяць тысячаў сто чалавек, узброеных мячом.
 
І пабіў Гасподзь Веньяміна перад Ізраільцянамі, і паклалі ў той дзень Ізраільцяне з сыноў Веньяміна дваццаць пяць тысяч сто чалавек, што агалілі меч.

І сыны Бэн’яміна ўбачылі, што яны пераможаныя. А сыны Ізраіля далі ім прастору ўцякаць, бо давяралі засадзе, якая хавалася каля Гівы.
 
Калі сыны Веньяміна ўбачылі, што яны пабітыя, тады Ізраільцяне саступілі месца сынам Веньяміна, бо спадзяваліся на засаду, якую яны пакінулі паблізу Гівы.

У той час выступілі тыя, што хаваліся ў засадзе, і напалі на Гіву, і ўварваліся ў горад, і пазабівалі вострывам мяча ўсіх у горадзе.
 
А засада пасьпяшалася і памкнулася да Гівы, і ўступіла і пабіла ўвесь горад мечам.

А сыны Ізраіля былі дамовіўшыся з тымі, якія былі ў засадзе, што мелі з гораду выпусьціць дым як знак.
 
Ізраільцяне паставілі з засадаю ўмоўленым знакам да нападу дым слупам з горада.

І сыны Ізраіля пачалі ўцякаць у часе бою, а [сыны] Бэн’яміна забілі з сыноў Ізраіля каля трыццаці чалавек, і казалі: «Перамагаючы, пераможам іх, як у папярэднім баі».
 
І вось, калі Ізраільцяне адступілі зь месца бітвы, і Веньямін пачаў пабіваць і пабіў Ізраільцянаў да трыццаці чалавек і казаў: «зноў падаюць яны перад намі, як і ў ранейшых бітвах»,

А з гораду стаў падымацца слуп дыму. І сыны Бэн’яміна павярнуліся, і вось, полымя з гораду падымаецца ў неба.
 
тады пачаў падымацца з горада дым слупам. Веньямін азірнуўся назад, і вось, дым ад усяго града падымаецца ў неба.

І сыны Ізраіля павярнуліся, а ваяры Бэн’яміна стрывожыліся, бо бачылі, што прыйшла да іх бяда.
 
Ізраільцяне вярнуліся, а Веньямін спалохаўся, бо ўбачыў, што спасьцігла яго бяда.

І пачалі яны ўцякаць перад сынамі Ізраіля дарогай у бок пустыні, але войска дагнала іх. І тыя, што выйшлі з гораду, забівалі іх пасярод сябе.
 
І пабеглі яны ад Ізраільцянаў па дарозе да пустыні; але сеча перасьледавала іх, і тыя, што выходзілі з гарадоў, пабівалі іх там;

І атачылі яны з усіх бакоў Бэн’яміна, і гналі іх без адпачынку, і забівалі іх ад Гівы на захад.
 
атачылі Веньяміна і перасьледавалі яго да Мэнухі і пабівалі да самага ўсходняга боку Гівы.

І палегла ў Бэн’яміна васямнаццаць тысячаў чалавек, усе ваяры мужныя.
 
І загінула з сыноў Веньяміна васямнаццаць тысяч чалавек, людзей дужых.

З тых, якія ўцякалі ў бок пустыні да скалы Рымон, забілі на дарогах пяць тысячаў чалавек, і гналі іх да Гідому, дзе забілі каля дзьвюх тысячаў.
 
Астатнія павярнуліся і пабеглі да пустыні, да скалы Рымона, і пабілі яшчэ на дарогах пяць тысяч чалавек; і гналіся за імі да Гідома і яшчэ забілі зь іх дзьве тысячы чалавек.

І ўсіх Бэн’ямінцаў палегла ў той дзень дваццаць пяць тысячаў мужчынаў, узброеных мячом, усе ваяры мужныя.
 
А ўсіх сыноў Веньямінавых, якія загінулі ў той дзень, было дваццаць пяць тысяч чалавек, што агалілі меч, і ўсе яны былі мужчыны дужыя.

А тыя шэсьцьсот чалавек, што засталіся, уцяклі да скалы Рымон, і заставаліся на скале Рымон чатыры месяцы.
 
І ўцяклі астатнія ў пустыню, да скалы Рымона, шэсьцьсот чалавек, і заставаліся там у каменнай гары Рымоне чатыры месяцы.

А сыны Ізраіля вярнуліся да сыноў Бэн’яміна, і выбілі вострывам мяча, ад мужчынаў аж да быдла і да ўсяго, што знайшлі. Таксама ўсе гарады і мясцовасьці іхнія спалілі агнём.
 
А Ізраільцяне зноў пайшлі да сыноў Веньямінавых і пабілі іх там, і людзей у горадзе, і быдла, і ўсё, што ні сустракалася, і ўсе, што былі на дарозе, гарады спалілі агнём.