Судзьдзяў 11 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
А Ефтах Гілеадзец быў мужным ваяром. Быў ён сын распусьніцы, а бацькам ягоным быў Гілеад.
Ефтай Галаадыцянін быў чалавек адважны; ён быў сын распусьніцы; ад Галаада нарадзіўся Ефтай.
Гілеад меў жонку, ад якой меў сыноў, якія, калі вырасьлі, выгналі Ефтаха, кажучы: «Ня можаш быць спадкаемцам у доме бацькі нашага, бо ты нарадзіўся з другой жанчыны».
І жонка Галаадава нарадзіла яму сыноў. Калі ўзмужнелі жончыныя сыны, яны выгналі Ефтая, сказаўшы яму: ты ня спадчыньнік у доме бацькі нашага, бо ты сын іншай жанчыны.
І ён уцёк ад іх, і жыў у зямлі Тоб, і сабраліся пры ім людзі бадзяжныя, і выходзілі з ім.
І ўцёк Ефтай ад братоў сваіх і жыў у зямлі Тоў; і сабраліся да Ефтая людзі, якім ня было чаго траціць, і выходзілі зь ім.
У тыя дні сыны Амона ваявалі супраць Ізраіля.
Празь некаторы час Аманіцяне пайшлі вайною на Ізраіля.
У час вайны Амона з Ізраілем прыйшлі старшыні Гілеадзкія ўзяць у дапамогу сабе Ефтаха з зямлі Тоб.
У час вайны Аманіцянаў зь Ізраільцянамі прыйшлі старэйшыны Галаадскія ўзяць Ефтая зь зямлі Тоў
І сказалі яны Ефтаху: «Хадзі і будзь нам правадыром, і будзем ваяваць супраць сыноў Амона».
і сказалі Ефтаю: прыйдзі, будзь нам за правадыра, і будзем біцца з Аманіцянамі.
Ён ім адказаў: «Ці ж вы не зьненавідзелі мяне і ня выкінулі мяне з дому бацькі майго? А цяпер прыходзіце да мяне, калі бяда вас прыціснула».
Ефтай сказаў старэйшынам Галаадскім: ці ж ня вы зьненавідзелі мяне і выгналі з дому бацькі майго? навошта ж прыйшлі да мяне цяпер, калі вы ў бядзе?
І адказалі яму князі Гілеаду: «Вось з гэтай прычыны і прыйшлі мы да цябе, каб ты пайшоў з намі, і ваяваў супраць сыноў Амона, і будзеш правадыром усіх, што жывуць у Гілеадзе».
Старэйшыны Галаадскія сказалі Ефтаю: таму мы цяпер прыйшлі да цябе, каб ты пайшоў з намі і біўся з Аманіцянамі і быў у нас за правадыра ўсім жыхарам Галаадскім.
І сказаў Ефтах старшыням Гілеадзкім: «Калі вы клічаце мяне, каб я ваяваў за вас супраць сыноў Амона, і калі аддасьць іх ГОСПАД у рукі мае, я буду начальнікам вашым».
І сказаў Ефтай старэйшынам Галаадскім: калі вы вернеце мяне, каб біцца з Аманіцянамі, і Гасподзь аддасьць мне іх, — дык ці застануся я ў вас за правадыра?
І сказалі старшыні Гілеадзкія Ефтаху: «ГОСПАД, Які чуе гэта, будзе пасярэднікам і сьведкам, што споўнім слова тваё».
Старэйшыны Галаадскія сказалі Ефтаю: Гасподзь хай будзе за сьведку паміж намі, што мы зробім паводле слова твайго!
І пайшоў Ефтах з князямі Гілеаду, і ўвесь народ зрабіў яго правадыром сваім. І ўсе гэтыя словы свае сказаў Ефтах перад ГОСПАДАМ у Міцпе.
І пайшоў Ефтай з старэйшынамі Галаадскімі і народ паставіў яго над сабою начальнікам і правадыром, і Ефтай вымавіў усе словы свае перад абліччам Госпада ў Масіфе.
І паслаў Ефтах пасланцоў да валадара сыноў Амона, каб яны сказалі ім ад яго: «Што табе і мне, што ты прыйшоў ваяваць супраць мяне?»
І паслаў Ефтай да цара Аманіцкага сказаць: што табе да мяне, што ты прыйшоў да мяне ваяваць на зямлі маёй?
Валадар сыноў Амона ім адказаў: «Бо Ізраіль забраў зямлю маю, калі выйшаў з Эгіпту, ад Арнону аж да Ябоку і Ярдану. Вярні мне яе цяпер без вайны».
Цар Аманіцкі сказаў паслам Ефтаевым: Ізраіль, калі ішоў зь Егіпта; узяў зямлю маю ад Арнона да Явока і Ярдана; дык вось, аддай мне яе зь мірам.
І зноў выправіў Ефтах пасланцоў да валадара Амону і сказаў:
Ефтай другі раз паслаў паслоў да цара Аманіцкага —
«Гэта кажа Ефтах. Не забраў Ізраіль ані зямлі Мааву, ані зямлі сыноў Амона.
сказаць яму: так кажа Ефтай: Ізраіль ня ўзяў зямлі Маавіцкай і зямлі Аманіцкай;
Але калі Ізраіль выходзіў з Эгіпту, ён вандраваў праз пустыню аж да Мора Чырвонага, і потым прыйшоў у Кадэш.
бо, калі ішлі зь Егіпта, Ізраіль пайшоў у пустыню да Чэрмнага мора і прыйшоў у Кадэс;
І паслалі яны пасланцоў да валадара Эдому, кажучы: “Дазволь, каб прайшлі мы праз зямлю тваю”. Але ён не згадзіўся на просьбу нашу. Паслалі таксама і да валадара Мааву, але і ён не захацеў прапусьціць. І заставаўся Ізраіль у Кадэшы.
адтуль паслаў Ізраіль паслоў да цара Эдомскага сказаць: «дазволь мне прайсьці зямлёю тваёю»; але цар Эдомскі не паслухаў; і да цара Маавіцкага ён пасылаў, але і той не згадзіўся; таму Ізраіль заставаўся ў Кадэсе.
І, абыходзячы праз пустыню, абыйшоў кругом зямлю Эдому і зямлю Мааву і, прыйшоўшы на ўсход ад зямлі Мааву, разлажыўся табарам за Арнонам, не ўваходзячы ў зямлю Мааву, бо Арнон ёсьць мяжой Мааву.
І пайшоў пустыняю, і абышоў зямлю Эдомскую і зямлю Маавіцкую, прыйшоўшы да ўсходняй мяжы зямлі Маавіцкай, атабарыўся за Арнонам; але не ўваходзіў у межы Маавіцкія, бо Арнон ёсьць мяжа Маава.
І паслаў Ізраіль пасланцоў да Сыгона, валадара Амарэйцаў, валадара Хешбону, і сказаў яму: “Дазволь перайсьці нам праз зямлю тваю да месца свайго”.
І паслаў Ізраіль паслоў да Сігона, цара Амарэйскага, цара Есэвонскага, і сказаў яму Ізраіль: дазволь нам прайсьці зямлёю тваёю ў нашае месца.
Але Сыгон не згадзіўся прапусьціць Ізраіля праз межы свае. Ён сабраў увесь народ свой, і выступіў супраць Ізраіля ў Ягцы, і ваяваў з ім.
Але Сігон не згадзіўся прапусьціць Ізраіля празь межы свае, і сабраў Сігон увесь народ свой, і разьмясьціўся табарам у Яацы, і біўся зь Ізраілем.
Але аддаў ГОСПАД у рукі Ізраіля яго і ўсё войска ягонае. Ізраіль перамог яго і завалодаў усёй зямлёй Амарэйцаў, жыхароў краіны гэтай,
І аддаў Гасподзь Бог Ізраілеў Сігона і ўвесь народ ягоны ў рукі Ізраілю, і ён пабіў іх; і атрымаў Ізраіль у спадчыну ўсю зямлю Амарэя, які жыў у зямлі той;
усімі межамі іхнімі ад Арнону да Ябоку, і ад пустыні аж да Ярдану.
і атрымалі яны ў спадчыну ўсе межы Амарэя ад Арнона да Явока і ад пустыні да Ярдана.
ГОСПАД, Бог Ізраіля, выгнаў Амарэйцаў перад народам Сваім, Ізраілем, а ты цяпер хочаш захапіць зямлю ягоную?
Дык вось, Гасподзь Бог Ізраілеў прагнаў Амарэя ад аблічча народу Свайго Ізраіля, а ты хочаш забраць яго спадчыну?
Ці ня ўсё тое, што даў табе бог твой Камош на ўласнасьць, табе належыць? А што ГОСПАД, Бог наш, даў нам, мы маем на ўласнасьць.
Ці не валодаеш ты тым, што даў табе Хамос, бог твой? І мы валодаем усім тым, што даў нам у спадчыну Гасподзь, Бог наш.
Ці ты лепшы за Балака, сына Цыпора, валадара Мааву? Ці ж сварыўся ён з Ізраілем і ці ваяваў супраць яго?
Хіба ты лепшы за Валака, сына Сэпфоравага, цара Маавіцкага? ці сварыўся ён зь Ізраілем, альбо ці ваяваў зь імі?
Ізраіль жыве ў Хешбоне і ў ваколіцах ягоных, і ў Араэры і ў ваколіцах ягоных, і ў-ва ўсіх гарадах каля Арнону ўжо трыста гадоў. Чаму ў той час вы ня выгналі іх?
Ізраіль жыве ўжо трыста гадоў у Эсэвоне і ў залежных ад яго гарадах, у Араіры і ў залежных ад яго гарадах, і ва ўсіх гарадах, якія паблізу Арнона; але чаму вы ў той час не адабралі іх?
Дык ня я грашу адносна цябе, але ты супраць мяне несправядліва выходзіш з вайною. Няхай ГОСПАД рассудзіць сёньня справу між сынамі Ізраіля і сынамі Амона!»
А я не вінаваты перад табою, і ты робіш мне благое, выступіўшы супроць мяне вайною. Гасподзь Судзьдзя хай будзе сёньня судзьдзёю паміж сынамі Ізраіля і Аманіцянамі!
Але валадар сыноў Амона не захацеў прыняць слова Ефтаха, якія ён пераказаў праз пасланцоў.
Але цар Аманіцкі не паслухаў слоў Ефтая, зь якімі ён пасылаў да яго.
І Дух ГОСПАДА быў на Ефтаху, і ён прайшоў Гілеад і Манасу, і прыйшоў у Міцпу ў Гілеадзе, а адтуль — да сыноў Амона.
І быў на Ефтаі Дух Гасподні, і прайшоў ён Галаад і Манасію, і з Масіфы Галаадскай пайшоў да Аманіцянаў.
І склаў ён шлюбаваньне ГОСПАДУ: «Калі Ты аддасі сыноў Амона ў рукі мае,
І даў Ефтай абяцаньне Госпаду і сказаў: калі ты аддасі Аманіцян у рукі мае,
калі я буду вяртацца з мірам ад сыноў Амона, што выйдзе першым з брамы дому на спатканьне мне, тое я складу ў цэласпаленьне ГОСПАДУ».
дык, як вярнуся зь мірам ад Аманіцянаў, што выйдзе з варотаў дома насустрач мне, будзе Госпаду, і прынясу гэта на цэласпаленьне.
І пайшоў Ефтах супраць сыноў Амона ваяваць з імі, і аддаў ГОСПАД іх у рукі ягоныя.
І прыйшоў Ефтай да Аманіцянаў ваяваць зь імі, і аддаў іх Гасподзь у рукі ягоныя;
І разьбіў ён іх на абшары ад Араэру аж да мясцовасьцяў Мініт, а гэта дваццаць гарадоў, і далей аж да Абэль-Кераміму. І параза іхняя была вялікая. І былі ўпакораныя сыны Амона перад абліччам сыноў Ізраіля.
і пабіў іх боем вельмі вялікім, ад Араэра да Мініта дваццаць гарадоў, і да Авэль-Кераміма, і ўпакорыліся Амарэі перад сынамі Ізраілевымі.
І вярнуўся Ефтах у Міцпу ў дом свой, і выйшла насустрач яму дачка ягоная, скачучы пры гуках бубнаў. А Ефтах ня меў апроч яе дзяцей.
І прыйшоў Ефтай у Масіфу ў дом свой, і вось, дачка ягоная выходзіць насустрач яму з тымпанамі і танцамі: яна была ў яго толькі адна, і ня было ў яго яшчэ ні сына, ні дачкі.
І ён убачыў яе, і разьдзёр адзеньне сваё, і сказаў: «Ах, дачка мая! Ты зламала мяне! Ты ў ліку тых, якія нешчасьлівяць мяне! Адчыніў я вусны мае ГОСПАДУ і не магу выракчыся гэтага».
Калі ён убачыў яе, разадраў вопратку на сабе і сказаў: ах, дачка мая! ты забіла мяне; і ты сярод парушальнікаў спакою майго! я адкрыў вусны мае перад Госпадам і не магу адмовіцца.
Яна яму адказала: «Тата мой, калі ты адкрыў вусны твае перад ГОСПАДАМ, зрабі мне, што ты шлюбаваў, дзеля дадзенай табе ГОСПАДАМ перамогі над ворагамі тваімі, сынамі Амона».
Яна сказала яму: бацька мой! ты адкрыў вусны твае перад Госпадам — і рабі са мною тое, што сказалі вусны твае, калі Гасподзь учыніў празь цябе помсту ворагам тваім Аманіцянам.
І гаварыла яна бацьку: «Толькі аднаго прашу. Дазволь мне на працягу двух месяцаў з сяброўкамі маімі абыйсьці горы кругом і аплакаць дзявоцтва маё».
І сказала бацьку свайму: зрабі мне толькі вось што: адпусьці мяне на два месяцы; я пайду, узыду на горы і аплачу дзявоцтва маё зь сяброўкамі маімі.
І ён адказаў ёй: «Ідзі!» І адпусьціў яе на два месяцы. І пайшла яна з сяброўкамі, і аплаквала дзявоцтва сваё ў гарах.
Ён сказаў: ідзі. І адпусьціў яе на два месяцы. Яна пайшла зь сяброўкамі і аплаквала дзявоцтва сваё ў горах.
І праз два месяцы яна вярнулася да бацькі свайго. І ўчыніў ён з ёй, як шлюбаваў, і яна не пазнала мужа. Адсюль узяўся звычай у Ізраіля,
Як прайшло два месяцы, яна вярнулася да бацькі свайго, і ён выканаў над ёю абяцаньне сваё, якое даў, і яна ня зьведала мужа. І ўвайшло ў звычай Ізраіля,
што кожны год сыходзіліся на чатыры дні дочкі Ізраіля, каб аплакваць дачку Ефтаха Гілеадца.
што кожны год дочкі Ізраіля хадзілі аплакваць дачку Ефтая Галаадыцяніна, чатыры дні ў год.