Судзьдзяў 11 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І Еффаг, Ґілеадзянін, быў чалавек дужасіл. А ён быў сын бязулін; і нарадзіў Еффага Ґілеад.
 
Ефтай Галаадыцянін быў чалавек адважны; ён быў сын распусьніцы; ад Галаада нарадзіўся Ефтай.

І нарадзіла жонка Ґілеадава яму сыноў. І вырасьлі сынове жончыны, і выгналі Еффага, і сказалі яму: «Ты не адзяржыш спадку ў доме айца нашага, бо ты сын другое жонкі».
 
І жонка Галаадава нарадзіла яму сыноў. Калі ўзмужнелі жончыныя сыны, яны выгналі Ефтая, сказаўшы яму: ты ня спадчыньнік у доме бацькі нашага, бо ты сын іншай жанчыны.

І ўцёк Еффаг ад віду братоў сваіх, і жыў у зямлі Тоў; і зьберліся да Еффага пустыні, і выходзілі зь ім.
 
І ўцёк Ефтай ад братоў сваіх і жыў у зямлі Тоў; і сабраліся да Ефтая людзі, якім ня было чаго траціць, і выходзілі зь ім.

І сталася па якімсь часе, што ваявалі сынове Амонавы з Ізраелям.
 
Празь некаторы час Аманіцяне пайшлі вайною на Ізраіля.

І было, як ваявалі сынове Амонавы з Ізраелям, дык пайшлі старцы Ґілеадзкія ўзяць Еффага ізь зямлі Тоў,
 
У час вайны Аманіцянаў зь Ізраільцянамі прыйшлі старэйшыны Галаадскія ўзяць Ефтая зь зямлі Тоў

І сказалі Еффагу: «Ідзі, і будзеш нам за вайводцу, і будзеш ваяваць ізь сынамі Амонавымі».
 
і сказалі Ефтаю: прыйдзі, будзь нам за правадыра, і будзем біцца з Аманіцянамі.

І сказаў Еффаг старцом Ґілеадзкім: «Ці ня вы зьненавідзілі мяне і выгналі з дому айца майго? І чаму ж прышлі да мяне цяпер, як цесна вам?»
 
Ефтай сказаў старэйшынам Галаадскім: ці ж ня вы зьненавідзелі мяне і выгналі з дому бацькі майго? навошта ж прыйшлі да мяне цяпер, калі вы ў бядзе?

І сказалі старцы Ґілеадзкія Еффагу: «Дзеля таго мы цяпер зьвярнуліся да цябе, каб пайшоў із намі, і каб ты ваяваў із сынамі Амонавымі, і будзеш нам галавою — усім жыхарам Ґілеаду».
 
Старэйшыны Галаадскія сказалі Ефтаю: таму мы цяпер прыйшлі да цябе, каб ты пайшоў з намі і біўся з Аманіцянамі і быў у нас за правадыра ўсім жыхарам Галаадскім.

І сказаў Еффаг старцом Ізраельскім: «Калі вы зьвернеце мяне, каб ваяваць із сынамі Амонавымі, і СПАДАР аддасьць іх перад імною, то ці буду я вашым галавою?»
 
І сказаў Ефтай старэйшынам Галаадскім: калі вы вернеце мяне, каб біцца з Аманіцянамі, і Гасподзь аддасьць мне іх, — дык ці застануся я ў вас за правадыра?

І сказалі старцы Ґілеадзкія Еффагу: «СПАДАР будзе слухаць памеж нас, калі ня подле слова твайго мы зробім».
 
Старэйшыны Галаадскія сказалі Ефтаю: Гасподзь хай будзе за сьведку паміж намі, што мы зробім паводле слова твайго!

І пайшоў Еффаг із старцамі Ґілеадзкімі, і пастанавіў люд яго над сабою галавою а вайводцам, і праказаў Еффаг усі гэтыя словы свае перад відам СПАДАРА ў Міцпе.
 
І пайшоў Ефтай з старэйшынамі Галаадскімі і народ паставіў яго над сабою начальнікам і правадыром, і Ефтай вымавіў усе словы свае перад абліччам Госпада ў Масіфе.

І паслаў Еффаг паслоў да караля сыноў Амонскіх, кажучы: «Што імне й табе, што ты прышоў да мяне ваяваць на зямлі маёй?»
 
І паслаў Ефтай да цара Аманіцкага сказаць: што табе да мяне, што ты прыйшоў да мяне ваяваць на зямлі маёй?

І сказаў кароль сыноў Амонавых паслом Еффаговым: «Во ўзяў Ізраель зямлю маю, як узыходзіў зь Ягіпту, ад Арнону аж да Явоку а да Ёрдану; цяпер зьвярні імне іх мірна».
 
Цар Аманіцкі сказаў паслам Ефтаевым: Ізраіль, калі ішоў зь Егіпта; узяў зямлю маю ад Арнона да Явока і Ярдана; дык вось, аддай мне яе зь мірам.

І яшчэ паслаў Еффаг другім наваратам паслоў да караля сыноў Амонавых,
 
Ефтай другі раз паслаў паслоў да цара Аманіцкага —

І сказаў яму: «Гэтак кажа Еффаг: "Ня ўзяў Ізраель зямлі Моаўскае а зямлі сыноў Амонавых;
 
сказаць яму: так кажа Ефтай: Ізраіль ня ўзяў зямлі Маавіцкай і зямлі Аманіцкай;

Бо як узышлі зь Ягіпту, то пайшоў Ізраель на пустыню аж да мора Чырвонага, і прышоў да Кадэшу.
 
бо, калі ішлі зь Егіпта, Ізраіль пайшоў у пустыню да Чэрмнага мора і прыйшоў у Кадэс;

І паслаў Ізраель паслоў да караля Едомскага, кажучы: ’Перайду, калі ласка, зямлёю тваёй’, і не паслухаў кароль Едомскі. І таксама каралю Моаўскаму ён паслаў, і тый не захацеў; і жыў Ізраель у Кадэшу.
 
адтуль паслаў Ізраіль паслоў да цара Эдомскага сказаць: «дазволь мне прайсьці зямлёю тваёю»; але цар Эдомскі не паслухаў; і да цара Маавіцкага ён пасылаў, але і той не згадзіўся; таму Ізраіль заставаўся ў Кадэсе.

І пайшоў пустынёю, і абмінуў зямлю Едомскую а зямлю Моаўскую, і прышоў з усходу сонца аж да зямлі Моаўскае, і разьлёгся табарам за Арнонам; але ня ўходзіў у граніцы Моаўскія, бо Арнон ё граніца Моаву.
 
І пайшоў пустыняю, і абышоў зямлю Эдомскую і зямлю Маавіцкую, прыйшоўшы да ўсходняй мяжы зямлі Маавіцкай, атабарыўся за Арнонам; але не ўваходзіў у межы Маавіцкія, бо Арнон ёсьць мяжа Маава.

І паслаў Ізраель паслоў да Сыгона, караля Аморэйскага, караля Гэшбонскага, і сказаў яму Ізраель: "Пройдзем, калі ласка, зямлёю тваёй да месца свайго’.
 
І паслаў Ізраіль паслоў да Сігона, цара Амарэйскага, цара Есэвонскага, і сказаў яму Ізраіль: дазволь нам прайсьці зямлёю тваёю ў нашае месца.

І ня верыў Сыгон Ізраелю, каб перайшоў граніцы ягоныя, і зьбер Сыгон увесь люд свой, і разьлягліся табарам у Ягацу, і ваяваў із Ізраелям.
 
Але Сігон не згадзіўся прапусьціць Ізраіля празь межы свае, і сабраў Сігон увесь народ свой, і разьмясьціўся табарам у Яацы, і біўся зь Ізраілем.

І аддаў СПАДАР, Бог Ізраеляў, Сыгона а ўвесь люд ягоны ў рукі Ізраелю, і ён пабіў яго; і адзяржаў Ізраель на спадак усю зямлю Аморэяву, жыхара тае зямлі.
 
І аддаў Гасподзь Бог Ізраілеў Сігона і ўвесь народ ягоны ў рукі Ізраілю, і ён пабіў іх; і атрымаў Ізраіль у спадчыну ўсю зямлю Амарэя, які жыў у зямлі той;

І адзяржалі яны на спадак усю граніцу Аморэяву ад Арнону аж да Явоку, і ад пустыні аж да Ёрдану.
 
і атрымалі яны ў спадчыну ўсе межы Амарэя ад Арнона да Явока і ад пустыні да Ярдана.

І цяпер СПАДАР, Бог Ізраеляў, выгнаў Аморэя перад відам люду Свайго Ізраеля, а ты хочаш узяць спадак ягоны?
 
Дык вось, Гасподзь Бог Ізраілеў прагнаў Амарэя ад аблічча народу Свайго Ізраіля, а ты хочаш забраць яго спадчыну?

Ці не дзяржыш ты тое, што даў табе Хемош, бог твой? Тое ты дзяржыш. А ўсіх, каторых выгнаў СПАДАР, Бог наш, ад віду нашага, мы дзяржым у спадку.
 
Ці не валодаеш ты тым, што даў табе Хамос, бог твой? І мы валодаем усім тым, што даў нам у спадчыну Гасподзь, Бог наш.

А цяпер, ціж ты запраўды лепшы за Валака-Цыпоронка, караля Моаўскага? Ці сьперачаўся ён із Ізраелям, ці ваяваў ён ізь імі?
 
Хіба ты лепшы за Валака, сына Сэпфоравага, цара Маавіцкага? ці сварыўся ён зь Ізраілем, альбо ці ваяваў зь імі?

Калі Ізраель жывець у Гэшбоне а ў местачках ягоных, у Ароіру а ў местачках ягоных, і ў вусіх местах, каторыя ля Арнону, трыста год, то чаму вы ў тым часе не адыймалі?
 
Ізраіль жыве ўжо трыста гадоў у Эсэвоне і ў залежных ад яго гарадах, у Араіры і ў залежных ад яго гарадах, і ва ўсіх гарадах, якія паблізу Арнона; але чаму вы ў той час не адабралі іх?

А я не ізграшыў перад табою, і ты робіш імне ліха, ваюючы з імною. Хай будзе СПАДАР судзьдзёю цяпер меж сыноў Ізраеля й сыноў Амонавых!"»
 
А я не вінаваты перад табою, і ты робіш мне благое, выступіўшы супроць мяне вайною. Гасподзь Судзьдзя хай будзе сёньня судзьдзёю паміж сынамі Ізраіля і Аманіцянамі!

І не прыслухаўся кароль сыноў Амонавых да слоў Еффаговых, з каторымі ён пасылаў да яго.
 
Але цар Аманіцкі не паслухаў слоў Ефтая, зь якімі ён пасылаў да яго.

І быў на Еффагу Дух СПАДАРОЎ, і прайшоў ён Ґілеад а Манаса, і прайшоў Міцпу Ґілеадзкую, а зь Міцпы Ґілеадзкае пайшоў супроці сыноў Амонавых.
 
І быў на Ефтаі Дух Гасподні, і прайшоў ён Галаад і Манасію, і з Масіфы Галаадскай пайшоў да Аманіцянаў.

І зрабіў Еффаг абятніцу СПАДАРУ, і сказаў: «Калі Ты напэўна аддасі сыноў Амонавых у рукі мае,
 
І даў Ефтай абяцаньне Госпаду і сказаў: калі ты аддасі Аманіцян у рукі мае,

Дык станецца: выходзячы зь дзьвярэй дому майго імне наўпярэймы, як я зьвярнуся ў міру ад сыноў Амонавых, будзе СПАДАРУ, і ўзьнясу гэта па ўсепаленьне».
 
дык, як вярнуся зь мірам ад Аманіцянаў, што выйдзе з варотаў дома насустрач мне, будзе Госпаду, і прынясу гэта на цэласпаленьне.

І перайшоў Еффаг да сыноў Амонавых, ваяваць ізь імі, і аддаў іх СПАДАР у рукі ягоныя.
 
І прыйшоў Ефтай да Аманіцянаў ваяваць зь імі, і аддаў іх Гасподзь у рукі ягоныя;

І зразіў іх ад Ароеру аж дакуль ты ўходзіш да Мініфу, дваццаць местаў, і аж да Авель-Кераіму паразаю вельмі вялікай; і ўкарыліся сынове Амонавы перад сынамі Ізраелявымі.
 
і пабіў іх боем вельмі вялікім, ад Араэра да Мініта дваццаць гарадоў, і да Авэль-Кераміма, і ўпакорыліся Амарэі перад сынамі Ізраілевымі.

І прышоў Еффаг да Міцпы да двору свайго, і вось, дачка ягоная вышла наўпярэймы яму з бубнамі а скокамі, — яна была ў яго адзінюсенькая, і ня было ў яго, апрача яе, ані сына, ані дачкі.
 
І прыйшоў Ефтай у Масіфу ў дом свой, і вось, дачка ягоная выходзіць насустрач яму з тымпанамі і танцамі: яна была ў яго толькі адна, і ня было ў яго яшчэ ні сына, ні дачкі.

І сталася, як ён абачыў яе, дык разьдзер адзежу сваю й сказаў: «Ах, дачка мая! Ты чыста прыбіла мяне; і ты сталася меж немарасьцячых мяне! Я ж адчыніў вусны свае СПАДАРУ, і не магу зьвярнуцца».
 
Калі ён убачыў яе, разадраў вопратку на сабе і сказаў: ах, дачка мая! ты забіла мяне; і ты сярод парушальнікаў спакою майго! я адкрыў вусны мае перад Госпадам і не магу адмовіцца.

І яна сказала яму: «Войча мой! ты адчыніў вусны свас СПАДАРУ, — рабі з імною подле тога, што вышла з вуснаў тваіх, просьле тога, што ўчыніў табе СПАДАР помсту над варагамі тваімі, над сынамі Амонавымі».
 
Яна сказала яму: бацька мой! ты адкрыў вусны твае перад Госпадам — і рабі са мною тое, што сказалі вусны твае, калі Гасподзь учыніў празь цябе помсту ворагам тваім Аманіцянам.

І сказала айцу свайму: «Хай зробяць імне гэта: адпусьці мяне на два месяцы, то я пайду на горы, зыйду зь іх і аплачу дзявоцтва свае, я а таварышкі мае».
 
І сказала бацьку свайму: зрабі мне толькі вось што: адпусьці мяне на два месяцы; я пайду, узыду на горы і аплачу дзявоцтва маё зь сяброўкамі маімі.

Ён сказаў: «Ідзі»; і адпусьціў яе на два месяцы. І пайшла яна а таварышкі ейныя, і плакала па дзявоцтве сваім у горах.
 
Ён сказаў: ідзі. І адпусьціў яе на два месяцы. Яна пайшла зь сяброўкамі і аплаквала дзявоцтва сваё ў горах.

І было пры канцу двух месяцаў, што яна зьвярнулася да айца свайго, і ён споўніў над ёй абятніцу сваю, каторую абяцаў, і яна не пазнала мужа. І сталася звычаем у Ізраелю:
 
Як прайшло два месяцы, яна вярнулася да бацькі свайго, і ён выканаў над ёю абяцаньне сваё, якое даў, і яна ня зьведала мужа. І ўвайшло ў звычай Ізраіля,

З году ў год ідуць дачкі Ізраелявы плакаць па дачцэ Еффаговай.
 
што кожны год дочкі Ізраіля хадзілі аплакваць дачку Ефтая Галаадыцяніна, чатыры дні ў год.