Судзьдзяў 12 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І згукаліся Ехрамляне, і перайшлі на поўнач, і сказалі Еффагу: «Чаму ты перайшоў ваяваць із сынамі Амонавымі, а нас не пагукаў ісьці із сабою? Дом твой мы спалім табе цяплом».
 
Яфрэмавыя сабраліся і перайшлі ў Сэвіну і сказалі Ефтаю: навошта ты хадзіў ваяваць з Аманіцянамі, а нас не паклікаў з сабою? мы спалім дом твой агнём і з табою разам.

І сказаў Еффаг ім: «Чалавекам сьпярэчкі вялікае быў я а люд мой із сынамі Амонавымі; я гукаў вас, але вы ня выбавілі мяне ад рукі іхнае.
 
Ефтай сказаў ім: я і народ мой мелі з Аманіцянамі вялікую зваду; я клікаў вас, але вы не ўратавалі мяне ад рукі іхняй;

І я абачыў, што ты не вьтбаўляеш, я ўзяў душу сваю ў даланю сваю, і перайшоў супроці сыноў Амонавых, і аддаў іх СПАДАР у руку маю. Дык нашто ж вы ўзышлі цяпер ваяваць з імною?»
 
бачачы, што ты не ратуеш мяне, я паставіў пад пагрозу жыцьцё маё і пайшоў на Аманіцянаў, і аддаў іх Гасподзь у рукі мае; навошта ж вы прыйшлі сёньня ваяваць са мною?

І зьбер Еффаг усіх людзёў Ґілеадзкіх, і ваяваў ізь Яхрэмам, і пабілі людзі Ґілеадзкія Яхрэма, бо яны казалі: «Уцекачы Яхрэмавы вы, Ґілеад жа пасярод Яхрэма, пасярод Манаса».
 
І сабраў Ефтай усіх жыхароў Галаадскіх і біўся зь Яфрэмлянамі, і пабілі жыхары Галаадскія Яфрэмавых, кажучы: вы ўцекачы Яфрэмавыя, а Галаад сярод Яфрэма і сярод Манасіі.

І захапілі Ґілеадзяне броды Ёрданскія перад Ехрамлянмі, і было, што як мовілі ўцекачы Яхрэмскія: «Перайду», то казалі яму Ґілеадзяне: «Ці ты не Ехрамлянін?» І ён казаў: «Не».
 
І перахапілі Галаадыцяне пераправу церазь Ярдан у Яфрэмавых, і калі хто з ацалелых Яфрэмавых казаў: «дазвольце мне пераправіцца», дык жыхары Галаадскія казалі яму: ці не Яфрэмаў ты? Той казаў: не.

Яны казалі яму: «Скажы ж: "Шыбболет"»; а ён казаў: «Сібболет», і ня мог вымавіць так. І схапілі яго, і зарэзалі ля броду Ёрданскага. І пала ў тым часе зь Ехрамлян сорак дзьве тысячы.
 
Яны казалі яму: «скажы: «шыбалет», а ён казаў: «сыбалет», і ня мог інакш вымавіць. Тады яны, узяўшы яго, заколвалі каля пераправы церазь Ярдан. І загінула тым часам зь Яфрэмавых сорак дзьве тысячы.

І судзіў Еффаг Ізраеля шэсьць год, і памер Еффаг Ґілеадзянін, і пахаваны ў вадным ізь местаў Ґілеадзкіх.
 
Ефтай быў судзьдзёю Ізраіля шэсьць гадоў, і памёр Ефтай Галаадыцянін і пахаваны ў адным з гарадоў Галаадскіх.

І судзіў просьле яго Ізраеля Іўцан із Бэтлеему.
 
Пасьля яго быў судзьдзя Ізраіля Эсэвон зь Віфляема.

У яго было трыццацёх сыноў, і трыццаць дачок ён паслаў вонкі, а трыццаць дачок прывёў сыном сваім звонку, і судзіў Ізраеля сем год.
 
У яго было трыццаць сыноў, і трыццаць дочак адпусьціў ён з дому, а трыццаць дочак узяў збоку за сыноў сваіх, і быў судзьдзя Ізраіля сем гадоў.

І памер Іўцан, і пахаваны ў Бэтлееме.
 
І памёр Эсэвон і пахаваны ў Віфляеме.

І судзіў просьле яго Ізраеля Елон, Завулонянін, і судзіў Ізраеля дзесяць год.
 
Пасьля яго быў судзьдзя Ізраіля Элон Завулонаў і судзіў Ізраіля дзесяць гадоў.

І памер Елон, Завулонянін, і пахаваны ўв Айялоне, у зямлі Завулонавай.
 
І памёр Элон Завулонаў і пахаваны ў Аялоне, у зямлі Завулонавай.

І судзіў просьле яго Ізраеля Аўдон Гілелёнак, Пірафонянін.
 
Пасьля яго быў судзьдзя Ізраіля Аўдон, сын Гілелаў, Піратанянін.

У яго было сараку сыноў і трыццацёх унукаў, што езьдзілі конна на семдзясят маладых аслох, і ён судзіў Ізраеля восьмі год.
 
У яго было сорак сыноў і трыццаць унукаў, якія езьдзілі на сямідзесяці маладых аслах; ён судзіў Ізраіля восем гадоў.

І памер Аўдон Гілелёнак, Пірафонянін, і пахаваны ў Пірафоне ў зямлі Яхрэмавай, на гары Амаліковай.
 
І памёр Аўдон, сын Гілела, Піратанянін, і пахаваны ў Піратоне ў зямлі Яфрэмавай, на гары Амалікавай.