Выхад 13 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
І казаў СПАДАР Масею, кажучы:
«Пасьвяці Мне ўсіх першародных, што адкрываюць усякае ўлоньне ў сыноў Ізраіля, у чалавека і ў жывёлы. Мае яны».
«Пасьвяці імне кажнага першака, што рашчыняе ўсякія дзетніцы меж сыноў Ізраелявых, у чалавеку і ў статку: Імне яны».
І сказаў Майсей народу: «Памятайце гэты дзень, у які вы выйшлі з Эгіпту, з дому няволі, бо рукою моцнаю вывеў вас ГОСПАД адгэтуль, і ня ешце кіслага.
І сказаў Масей люду: «Памятуй гэты дзень, каторага вышлі зь Ягіпту, з дамовы нявольнікаў, бо рукою моцнаю вывеў вас СПАДАР адгэтуль, і ня ежча кіслага.
Сёньня вы выходзіце ў месяцы Авіў.
Сядні выходзіце вы ў месяцу Авіве.
І будзе, калі ўвядзе вас ГОСПАД у зямлю Хананейца, і Хета, і Амарэя, і Хівея, і Евусэя, пра якую Ён прысягаў бацькам тваім, што дасьць табе зямлю, якая цячэ малаком і мёдам, захоўвай служэньне гэтае ў месяцы гэтым.
І будзе, як увядзець СПАДАР у зямлю Канааняніна а Гэціча а Аморэя а Гэвея а Евусэя, праз каторую прысяг айцом тваім, што дасьць табе зямлю, што цячэць малаком а мёдам; дык служы гэтую службу ў гэтым месяцу.
Сем дзён будзеш есьці праснакі, а ў сёмы дзень — сьвята для ГОСПАДА.
Сем дзён еж прэсны хлеб, і сёмага дня — сьвята СПАДАРУ.
Праснакі будзеш есьці сем дзён; і ня будзе бачана ў цябе кіслага, і ня будзе бачана ў цябе кісьлі ў-ва ўсіх межах тваіх.
Прэсны хлеб маеце есьці гэтыя сем дзён; і ня мае быць бачана ў цябе кіслага хлеба, і ня мае быць бачана ў цябе кісьлі ў вусіх граніцах тваіх.
І распавядзеш сыну твайму ў гэты дзень, кажучы: “Гэта дзеля таго, што зрабіў ГОСПАД мне, калі я выходзіў з Эгіпту”.
І паведаеш у гэты дзень сыну свайму, кажучы: "Гэта затым, што ўчыніў СПАДАР імне, як я выходзіў зь Ягіпту".
І будзе для цябе гэта знакам на руцэ тваёй і памяткаю між вачыма тваімі, каб Закон ГОСПАДА быў на вуснах тваіх, бо рукою моцнаю вывеў цябе ГОСПАД з Эгіпту.
І будзе табе гэта знаком на руццэ тваёй і памяткаю меж аччу твайго, каб закон СПАДАРОЎ быў у вуснах тваіх; бо рукою моцнаю вывеў цябе СПАДАР ізь Ягіпту.
І будзеш захоўваць пастанову гэтую ў вызначаны час з году ў год.
І будзеш дзяржаць уставу гэту ў прызначаным часе дзень пры дню.
І станецца, што ўвядзе цябе ГОСПАД у зямлю Хананейца, як Ён прысягаў табе і бацькам тваім, і дасьць яе табе.
І будзе, што як увядзець цябе СПАДАР у зямлю Канаанскую, як Ён прысягаў табе й айцом тваім, і дасьць яе табе:
І ты аддзеліш усё, што адкрывае ўлоньне, для ГОСПАДА, і ўсё першароднае, што адкрывае [ўлоньне] ў жывёлы, якое будзе тваё, мужчынскага роду — для ГОСПАДА.
Дык адлучай СПАДАРУ ўсе, што рашчыняе дзетніцу, і кажнае малое, рашчыняючае ў жывёлы, якое ў цябе будзе, з усіх самцоў, СПАДАРУ.
І кожнага асла, які адкрывае [ўлоньне], выкупіш баранчыкам; а калі ня выкупіш, зламі карак ягоны; і кожнага першароднага чалавека з сыноў сваіх выкупіш.
А кажнага з аслоў, што рашчыняе, выкупіш баранчыкам; а калі ня выкупіш, зламі карк ягоны; і кажнага першака людзкога із сыноў сваіх выкупляй.
І станецца, што спытаецца ў цябе сын твой заўтра, кажучы: “Што гэта?”, і ты скажы яму: “Моцнаю рукою вывеў нас ГОСПАД з Эгіпту, з дому няволі.
І будзе, што як папытаецца ў цябе сын твой заўтра, кажучы: "Што гэта?" то скажы яму: "Рукою моцнаю вывеў нас СПАДАР ізь Ягіпту, з дамовы нявольнікаў.
І сталася, што зацяўся фараон, каб не адпусьціць нас, і забіў ГОСПАД усіх першародных у зямлі Эгіпецкай, ад першароднага чалавека аж да першароднага жывёлы. Дзеля гэтага я ахвярую ГОСПАДУ ўсіх самцоў, якія адкрываюць улоньне, і ўсіх першародных сыноў маіх выкупляю”.
І было, як закалянеў Фараон, каб не адпусьціць нас, дык забіў СПАДАР кажнага першака ў зямлі Ягіпецкай, ад першака людзкога аж да першака із жывёлы: з гэтае прычыны я абракаю СПАДАРУ кажнага рашчыняючага дзетніцу з усіх самцоў, а кажнага першака із сыноў сваіх выкупляю".
І будзе [гэта] знакам на руцэ тваёй і павязкаю між вачэй тваіх, бо моцнаю рукою вывеў нас ГОСПАД з Эгіпту».
І няхай будзе знак на руццэ тваёй і павязка між аччу тваіх, бо рукою моцнаю вывеў нас СПАДАР ізь Ягіпту».
І сталася, калі адпусьціў фараон народ, не павёў іх Бог па шляху зямлі Філістынскай, хоць яна блізкая, бо сказаў Бог: «Каб не пашкадаваў народ, калі ўбачыць вайну, і не вярнуўся ў Эгіпет».
І як адпусьціў Фараон люд, то не павёў іх па дарозе зямлі Пілісцкае, бо яна блізкая; бо сказаў Бог: «Каб ня каяўся люд, абачыўшы вайну, і не зьвярнуўся да Ягіпту».
І павёў Бог народ шляхам пустыні да мора Чырвонага. І выйшлі збройныя сыны Ізраіля з зямлі Эгіпецкай.
І абвёў Бог люд дарогаю пустыннай да Чырвонага мора, І вышлі збройныя сынове Ізраелявы ізь зямлі Ягіпецкае.
І ўзяў Майсей з сабою косткі Язэпа, бо прысягаю запрысяг Язэп сыноў Ізраіля, кажучы: «Наведваючы, наведае вас Бог, і вы вынясіце з сабою косткі мае адгэтуль».
І ўзяў Масей із сабою косьці Язэпавы, бо прысягаю запрысяг Язэп сыноў Ізраелявых, кажучы: «Напэўна даведаецца да вас Бог, і вы із сабою ўзьнясіце косьці мае адгэтуль».
І вырушылі з Сукоту, і сталі табарам у Этаме, на скраю пустыні.
І падарожжавалі із Сукофа, і разьлягліся табарам у Ефаме, на канцу пустыні.
І ГОСПАД ішоў перад імі ўдзень у слупе воблачным, каб весьці іх па дарозе, а ўначы — у слупе вогненым, каб сьвяціць ім, каб [маглі] ісьці ўдзень і ўначы.
І СПАДАР ішоў перад імі ўдзень у стаўпе болачным, каб весьці іх па дарозе, а ночы ў стаўпе агняным, каб сьвяціць, каб ісьці ім удзень і ночы.
Не адыходзіў слуп воблачны ўдзень і слуп вогнены ўначы ад аблічча народу.
Не адымаў стаўпа болачнага ўдзень і стаўпа агнявога ночы ад віду люду.