Ёва 19 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

У адказ сказаў Ёў:
 

«Што вы ўсе кроіце душу маю і мучыце мяне словамі?
 

Вунь, дзесяцікратна асуджаеце мяне, ды не чырванееце, прыгнятаючы мяне.
 

Відавочна, калі я сапраўды зграшыў, дык грэх мой застанецца са мною.
 

Калі вы ўздымаецеся супраць мяне і папракаеце мяне ганьбамі маімі,
 

дык, прынамсі, цяпер зразумейце, што Бог пакараў мяне неадпаведным судом і сеццю Сваёй аблытаў мяне.
 

Бо калі я крычу: “Гвалт цярплю я!”, мяне не чуюць; калі ўзношу голас, няма Таго, Хто б судзіў.
 

Ён загарадзіў дарогу мне, і не магу я прайсці, і на сцежцы маёй Ён раскінуў цемру.
 

Ён сцягнуў з мяне славу маю і забраў вянец з галавы маёй.
 

Ён зруйнаваў мяне з усіх бакоў, і я гіну, і зваліў Ён, як дрэва, спадзяванне маё.
 

Разгневалася на мяне абурэнне Яго, і так пачаў Ён лічыць мяне ворагам Сваім.
 

І прыбылі разам дружыны Яго, і праклалі сабе дарогу супраць мяне, і акружылі аблогаю палатку маю.
 

Аддаліў Ён братоў маіх ад мяне, і знаёмыя мае, быццам чужыя, адышліся ад мяне.
 

Пакінулі мяне мае сваякі і тыя, што ведалі мяне, забыліся пра мяне.
 

Хатнія ў доме маім і служанкі мае за чужога пачалі лічыць мяне, і быццам прыхадзень стаўся я ў вачах іх.
 

Паклікаў я слугу свайго, а ён не адгукнуўся; я вуснамі ўласнымі ўпрошваў яго.
 

Дыханнем маім брыдзілася жонка мая, і смярдзючы я для дзяцей улоння майго.
 

Пагарджалі мною дзеці малыя, і, калі я ўставаў, яны здзекаваліся з мяне.
 

Пагарджаць пачалі мною колішнія суразмоўцы мае, і той, каго я больш за ўсіх любіў, адвярнуўся ад мяне.
 

Да скуры маёй у змардаваным целе прысохла косць мая, і змарнелі дзёсны мае вакол зубоў маіх.
 

Злітуйцеся нада мною, злітуйцеся нада мною хоць вы, прыяцелі мае; бо рука Госпадава дакранулася да мяне.
 

Чаму вы, як Бог, пераследуеце мяне і чаму не насычаецеся целам маім?
 

Хто прадставіць мне [магчымасць], каб былі запісаны словы мае? Хто дасць мне, каб былі яны зазначаны ў кнізе
 

разцом жалезным і алавяным, каб навечна былі высечаны на камені?
 

Ведаю вось я, што Адкупіцель мой жыве і што ў апошні дзень падымецца Ён над парахном;
 

і пасля таго, як сцягнуць з мяне гэтую скуру, з цела свайго ўбачу я Бога.
 

Яго сам я ўбачыць мушу, і вочы мае павінны аглядаць [Яго], і нішто іншае. Змарнелі ныркі мае ва ўлонні маім.
 

Калі вы кажаце цяпер: “Як жа мы будзем пераследаваць яго і корань слова знойдзем супраць яго?” —
 

дык бойцеся вастрыя ляза, бо мсціўца за несправядлівасці — меч; ды ведайце, што ёсць суд».