Да Рымлянаў 1 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Паўла, слуга Ісуса Хрыста, пакліканы Апостал, прызначаны на абвяшчэнне Евангелля Божага,
 
Паўла, слуга Ісуса Хрыста, пакліканы апостал, прызначаны на добрую вестку  Божую,

якое ўжо раней абяцаў Бог праз Сваіх прарокаў у святых Пісаннях
 
якую ўжо раней абяцаў Бог праз Сваіх прарокаў у святых Пісаннях,

пра Сына Свайго, Які целам стаўся з семя Давіда
 
пра Сына Свайго, Які целам стаўся з семя Давіда

і ўстаноўлены Сынам Божым у магутнасці згодна Духу Святому праз уваскрэсенне мёртвых праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага.
 
і ўстаноўлены Сынам Божым у магутнасці згодна Духу святасці праз уваскрэсенне мёртвых, Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.

Праз Яго атрымалі мы ласку і Апостальства дзеля паслухмянасці ў веры ўсіх народаў у імя Яго,
 
Праз Яго атрымалі мы ласку і апостальства дзеля паслухмянасці ў веры ўсіх народаў у імя Яго,

сярод якіх знаходзецеся і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом,
 
да якіх належыце і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом,

усім, што ў Рыме, улюбёным Богам, пакліканым святым: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста!
 
усім, што ў Рыме, улюбёным Богам, пакліканым святым: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста!

Найперш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, бо пра веру вашу гавораць ва ўсім свеце;
 
Найперш дзякую Богу майму праз Ісуса Хрыста за ўсіх вас, бо пра веру вашу гавораць ва ўсім свеце;

сведка мне Бог, Якому служу духам маім, абвяшчаючы Евангелле Сына Яго, як я несупынна ўспамінаю вас,
 
сведка мне Бог, Якому служу духам маім, прапаведуючы Евангелле Сына Яго, як я несупынна ўспамінаю вас,

у малітвах маіх заўсёды просячы, каб з волі Божай урэшце атрымалася аднойчы прыйсці да вас.
 
у малітвах маіх заўсёды просячы, каб з волі Божай урэшце меў шчасце аднойчы выбрацца ў дарогу адведаць вас.

Я прагну бачыць вас, каб перадаць вам падарунак духоўны і падмацаваць вас,
 
Я прагну бачыць вас, каб надаць вам штосьці ад ласкі духоўнай і падмацаваць вас,

гэта значыць суцешыцца супольна з вамі верай, вашаю і маёю.
 
гэта значыць суцешыцца супольна з вамі гэтай верай, вашаю і маёю.

Хачу, браты, каб вы ведалі, што я часта збіраўся наведаць вас, каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў, але меў перашкоды аж дасюль.
 
Хачу, браты, каб вы ведалі, што я часта збіраўся наведаць вас, каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў, але меў перашкоды аж дасюль.

Я даўжнік грэкаў і барбараў, як мудрых, так і неразумных.
 
Я даўжнік Грэкаў і барбараў, як мудрых, так і неразумных.

Дык, наколькі ад мяне залежыць, я гатовы несці добрую вестку і вам, тым, што ў Рыме.
 
Дык, наколькі ад мяне залежыць, я гатовы несці добрую вестку і вам, тым, што ў Рыме.

Бо не саромеюся Евангелля Хрыстова: яно ёсць моц Божая на збаўленне кожнаму верніку, перш юдэю, і грэку.
 
Бо я не саромеюся добрай весткі: яна ёсць магутнасць Божая на збаўленне кожнаму верніку, перш Юдэю, і Грэку.

Бо ў ім аб’яўляецца справядлівасць Божая, з веры да веры, як напісана: «Справядлівы з веры жыць будзе».
 
Бо ў ім аб’яўляецца справядлівасць Божая, з веры да веры, як напісана: «Справядлівы з веры жыць будзе».

Бо гнеў Божы аб’яўляецца з неба на ўсякую бязбожнасць і несправядлівасць людзей, што несправядлівасцю праўду заціскаюць,
 
Гнеў Божы аб’яўляецца з неба на ўсякую бязбожнасць і несправядлівасць людзей, што несправядлівасцю праўду заціскаюць,

бо, што магчыма ведаць пра Бога, ім яўна, бо Бог ім гэта аб’явіў.
 
бо, што магчыма ведаць пра Бога, ім яўна, бо Бог ім гэта аб’явіў.

Ды ад стварэння свету нябачнае Божае і спрадвечная Яго магутнасць і Боскасць выяўляюцца розуму праз тое, што створана, так што яны не могуць апраўдацца.
 
Ды ад стварэння свету нябачнае [Божае], і спрадвечная Яго магутнасць, і Боскасць выяўляюцца розуму праз тое, што створана, так што яны не могуць апраўдацца [ад віны].

Бо калі Бога пазналі, не ўславілі Яго як Бога і не дзякавалі, але марнаваліся ў думках сваіх, і прыцемрылася неразумнае сэрца іх.
 
Бо калі Бога пазналі, не ўславілі Яго як Бога і не дзякавалі, але марнаваліся ў думках сваіх, і прыцемрылася неразумнае сэрца іх.

Кажучы аб сабе, што яны мудрыя, сталіся дурнымі,
 
Кажучы аб сабе, што яны мудрыя, сталіся дурнымі,

нават славу незнішчальнага Бога замянілі на падобнасць вобразу знішчальнага чалавека, і птушак, і чатырохногіх, і гадаў.
 
нават славу незнішчальнага Бога замянілі на падобнасць вобразу знішчальнага чалавека, і птушак, і чатырохногіх, і гадаў.

Дзеля таго аддаў іх Бог у пажадлівасці сэрцаў іх нячыстасці, каб між сабою паганілі целы свае.
 
Дзеля таго аддаў іх Бог у пажадлівасці сэрцаў іхніх нячыстасці, каб між сабою паганілі целы свае.

Бо праўду Божую замянілі на зман і пакланяліся і служылі стварэнню замест Творцы, Які дабраславёны навечна. Амін.
 
Бо праўду Божую замянілі на зман і пакланяліся і служылі стварэнню замест Творцы, Які бласлаўлёны навечна. Амін.

Таму аддаў іх Бог ганебным жарсцям. Жанчыны іх замянілі натуральныя зносіны на праціўныя прыродзе.
 
Таму аддаў іх Бог ганебным жарсцям. Жанчыны іхнія замянілі натуральныя зносіны на праціўныя прыродзе.

Падобна і мужчыны, кінуўшы натуральныя зносіны з жанчынай, загарэліся пажадлівасцю адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі сорам робячы і атрымоўваючы для саміх сябе належную адплату за сваю распусту.
 
Падобна і мужчыны, кінуўшы натуральныя зносіны з жанчынай, загарэліся пажадлівасцю адзін да аднаго, мужчыны з мужчынамі сорам робячы і атрымоўваючы для саміх сябе належную адплату за сваю распусту.

А таму, што не імкнуліся пазнаць Бога, аддаў іх Бог бязглуздаму розуму, каб рабілі тое, што не належыцца,
 
А таму, што не імкнуліся пазнаць Бога, аддаў іх Бог бязглуздаму розуму, каб рабілі тое, што не належыцца,

і напоўнены яны ўсякаю нягоднасцю, чужаложствам, ліхасцю, хцівасцю, непрыстойнасцю, поўныя зайздрасці, забойства, звадкі, ашуканства, злосці,
 
і напоўненыя яны ўсякаю нягоднасцю, ліхасцю, хцівасцю, непрыстойнасцю, поўныя зайздрасці, забойства, звадкі, ашуканства, злосці, пляткары,

плеткары, паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,
 
паклёпнікі, ненавіснікі Бога, крыўдзіцелі, самахвалы, пыхліўцы, выдумшчыкі ліхога, непаслухмяныя бацькам,

неразумныя, падступныя, бессардэчныя, бязлітасныя і неміласэрныя.
 
неразумныя, падступныя, бязлітасныя і неміласэрныя.

Яны, хоць ведаюць суд Божы, што тыя, якія такое робяць, вартыя смерці, ды не толькі самі так робяць, але і ўхваляюць тых, што так робяць.
 
Яны, хоць ведаюць суд Божы, што тыя, якія такое робяць, вартыя смерці, ды не толькі самі так робяць, але і спрыяюць тым, што так робяць.