Выхад 2 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Чалавек з пакалення Леві выйшаў і ўзяў жонку са свайго пакалення;
 

яна пачала, і нарадзіла сына, і, бачачы, што ён прыгожы, хавала яго тры месяцы.
 

А паколькі далей хаваць не магла, узяла трысняговы кошык і абмазала яго смалою і дзёгцем; і паклала ў сярэдзіну дзіця, і пакінула яго ў чароце на беразе ракі,
 

у той час, як сястра яго стаяла недалёка і наглядала за зыходам справы.
 

І вось, дачка фараона ішла, каб пакупацца ў рацэ, а паслугачкі яе хадзілі па беразе ракі. Калі яна ўбачыла кошык сярод чароту, паслала адну са сваіх паслугачак;
 

і яна адкрыла прынесены [кошык], і ўбачыла ў ім немаўля, што крычыць, і, злітаваўшыся над ім, сказала: «Ён з дзяцей гебрайскіх».
 

Сястра хлопчыка сказала ёй: «Хочаш, каб я пайшла і паклікала табе жанчыну гебрайку, якая можа выкарміць дзіця для цябе?»
 

Тая адказала: «Ідзі!» Пабегла дзяўчынка і паклікала маці дзіцяці.
 

Сказала ёй дачка фараона: «Вазьмі хлопчыка гэтага і выкармі для мяне; я дам табе тваю плату». Прыняла жанчына, і выкарміла хлопца, і дарослага перадала дачцэ фараона.
 

Яна ўсынавіла яго і назвала яго імем Майсей, кажучы: «Бо я выцягнула яго з вады».
 

У той час, калі ён вырас, выйшаў Майсей да братоў сваіх; і ўбачыў ён смутак іх, і ўбачыў егіпцяніна, які біў кагосьці з гебрайскіх братоў яго.
 

І, калі азірнуўся ён туды і сюды і ўбачыў, што нікога няма, ён забіў егіпцяніна і схаваў яго ў пяску.
 

А выйшаўшы ў наступны дзень, убачыў двух гебраяў, што сварыліся, і сказаў таму, хто крыўдзіў: «Чаму ты б’еш блізкага свайго?»
 

Той адказаў: «Хто цябе зрабіў кіраўніком і суддзёю над намі? Ці ты хочаш мяне забіць, як забіў егіпцяніна?» Спалохаўся Майсей і сказаў: «Напэўна, справа гэта выявілася».
 

І фараон пачуў гэтую гутарку, і хацеў забіць Майсея. Дык ён, уцякаючы з вачэй яго, спыніўся ў зямлі Мадыян; вось такім чынам прыйшоў ён у зямлю Мадыян і сеў каля студні.
 

А ў святара мадыянскага было сем дачок, якія прыйшлі, каб чэрпаць ваду; і жадалі яны, напоўніўшы карыты, панапойваць статкі бацькі свайго.
 

Нечакана падышлі пастухі і адагналі іх; устаў Майсей і, абараніўшы дзяўчат, напаіў авечак іх.
 

Калі яны вярнуліся да Рагуэля, бацькі свайго, ён сказаў ім: «Чаму вы прыйшлі хутчэй, чым звычайна?»
 

Яны адказалі: «Чалавек егіпцянін вызваліў нас ад рукі пастухоў; акрамя таго, ён і вады для нас начэрпаў, і даў пойла авечкам».
 

І спытаўся ён: «Дзе ён? Чаму вы пакінулі яго? Паклічце яго, каб з’еў хлеба».
 

Такім чынам згадзіўся Майсей жыць з ім і ўзяў за жонку Сэфару, дачку яго.
 

Яна нарадзіла яму сына, якога ён назваў Гэрсам, кажучы: «Прыхадзень я ў зямлі чужой».
 

А праз доўгі час памёр цар Егіпецкі; а сыны Ізраэля, стогнучыя з-за працы, залямантавалі, і лямант іх ад працы дайшоў да Бога.
 

І пачуў Ён стагнанне іх, і прыгадаў дагавор, які заключыў з Абрагамам, Ізаакам і Якубам;
 

і глянуў Бог на сыноў Ізраэля, і пашкадаваў іх.