Выхад 39 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

А з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і вісону зрабілі яны тканыя шаты на служэнне ў святыні. І зрабілі святыя шаты для Аарона, як загадаў Госпад Майсею.
 

Такім чынам, зрабілі яны эфод з золата, з гіяцынту і пурпуру, чырвані і кручанага вісону стракатай работы,
 

разбіваючы залатыя лісты, і выцягваючы іх у ніткі, каб можна было скруціць іх з пражаю папярэдніх колераў.
 

Зрабілі таксама яму завязкі, пры дапамозе якіх ён завязваўся на абодвух баках сваіх краёў,
 

і пояс, якім звязваецца эфод, быў зроблены аднолькавай з ім работы з золата, з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону, як загадаў Госпад Майсею.
 

Прыгатавалі таксама два камяні онікса, устаўленыя ў залатыя аправы, з высечанымі на іх ювелірным майстэрствам імёнамі сыноў Ізраэля;
 

і памясцілі іх на абодвух завязках эфода як камяні на памяць сынам Ізраэля, як загадаў Госпад Майсею.
 

Зрабілі таксама нагруднік судовы стракатай работы, як і эфод, з золата, з гіяцынту, пурпуру, чырвані, кармазыну і кручанага вісону,
 

чатырохвугольны, падвоены, памерам у адну пядзь.
 

І памясцілі на ім чатыры рады каштоўных камянёў: у першым радзе былі рубін, тапаз, смарагд;
 

у другім радзе — карбункул, сапфір і яшма;
 

у трэцім радзе — гіяцынт, агат і аметыст,
 

у чацвёртым радзе — хрызаліт, онікс і берыл: устаўлены яны былі ў залатыя аправы па радах сваіх.
 

А на саміх камянях былі высечаны імёны дванаццаці каленаў Ізраэля; на кожным — сваё імя.
 

На нагруднік зрабілі ланцужкі, быццам шнуркі кручанай работы з найчысцейшага золата,
 

і два залатыя шлякі, і столькі ж залатых кольцаў.
 

Потым размясцілі два кольцы на абодвух краях нагрудніка; прасунулі два залатыя ланцужкі ў кольцы, што выступалі на вуглах нагрудніка,
 

і два канцы абодвух ланцужкоў злучылі з двума шлякамі на завязках эфода ў пярэдняй яго частцы.
 

Яшчэ зрабілі два залатыя кольцы і прымацавалі іх на абодвух канцах нагрудніка, на яго ўнутраным баку, насупраць эфода, як загадаў Госпад Майсею.
 

І зрабілі два кольцы з золата, якія прымацавалі да абодвух завязак эфода на знешнім баку ўнізе, уздоўж злучэння над поясам эфода.
 

І звязалі нагруднік кольцамі яго з кольцамі эфода стужкаю фіялетавай, каб эфод быў над поясам, каб не адсоўваўся ён ад эфода, як загадаў Майсею Госпад.
 

Зрабілі таксама верхняе пакрывала пад эфод, усе тканай работы фіялетавае,
 

і зрабілі ў верхнім пакрывале, у сярэдзіне яго, адтуліну на галаву і аблямоўку вакол, як пры адтуліне брані;
 

а ўнізе, на падоле, зрабілі пунічныя яблыкі з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону,
 

і званочкі з найчысцейшага золата, якія памясцілі між пунічнымі яблыкамі кругом у ніжняй частцы шатаў,
 

каб званочак залаты і яблык пунічны чаргаваліся паміж сабою; упрыгожаны імі выходзіў святар, калі выконваў служэнне, як загадаў Госпад Майсею.
 

Зрабілі для Аарона і сыноў яго тунікі, вытканыя з вісону,
 

і тыяру, і ўпрыгожанне для мітраў з вісону, а таксама льняное сподняе з кручанага вісону,
 

пояс з кручанага вісону, з гіяцынту і з пурпуру, з чырвані залататканай работы, як загадаў Госпад Майсею.
 

Зрабілі і святую дыядэму з пласціны найчысцейшага золата, і выразалі на ёй чаканнай работай: «Святое Госпада»;
 

і прывязалі яе стужкаю фіялетавай да тыяры наверсе, як загадаў Госпад Майсею.
 

Так была скончана ўся работа да скініі і палаткі сустрэчы; і сыны Ізраэля выканалі ўсё, што загадаў Госпад Майсею: так і зрабілі.
 

І прынеслі скінію, і палатку, і ўсе прыналежнасці, аплікі, дошкі, жэрдкі, слупы і падножжы,
 

пакрыцце са шкур бараноў, пафарбаваных у чырвоны колер, пакрыцце са шкур сініх, заслону,
 

каўчэг сведчання, жэрдкі, перамольню,
 

стол з усімі пасудзінамі яго і з хлябамі пакладнымі,
 

падсвечнік з найчысцейшага золата, лямпы па парадку, і прыналежнасці іх з алеем падсвечніка,
 

залаты ахвярнік, і алей для намашчэння, і кадзіла з вострых духмяных рэчываў, і заслону на ўваход у палатку,
 

ахвярнік з медзі, краты медныя, і жэрдкі, і ўсе яго пасудзіны, таз з яго падножжам,
 

пакрывала панадворка і заслона на ўваход у панадворак са слупамі і падножжамі іх, і ланцужкі яго, і калкі. З прыналежнасцей прысутнічала ўсё, што павінна было быць пры служэнні ў скініі, у палатцы сустрэчы, згодна з загадам.
 

Таксама шаты тканыя, якімі святары карыстаюцца ў святыні, і шаты святыя для Аарона святара, і шаты для сыноў яго
 

прынеслі сыны Ізраэля, як загадаў Госпад Майсею.
 

І, калі Майсей убачыў, што ўсё выканана, як загадаў Госпад, ён дабраславіў іх.