Лявіт 14 разьдзел
Лявіт
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Л. Гарошка
Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы:
«Гэта закон адносна пракажанага, калі належыць яму ачышчацца: прывядуць яго да святара,
а ён выйдзе з лагера і, калі выявіць, што праказа вылечаная,
загадае, каб за таго, які ачышчаны, узялі дзве птушкі жывыя, чыстыя, і кедравага дрэва, і кармазынавыя ніткі, і гізоп.
Потым святар загадае забіць адну птушку ў гліняным начынні над жывою вадой.
Пасля другую жывую птушку разам з кавалкам дрэва кедравага, з ніткамі кармазынавымі і з гізопам умочыць у крыві птушкі, забітай над жывою вадою,
і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, каб той быў ачышчаным па законе. А жывую птушку выпусціць, каб ляцела ў поле.
Калі ачышчаны памые адзенне сваё, абголіць усе валасы на целе і вымыецца ў вадзе, і, ачышчаны, увойдзе ў лагер, аднак будзе жыць сем дзён па-за сваёй палаткай.
І сёмага дня абголіць ён валасы на галаве, бараду і бровы, ды валасы на ўсім целе, і вымые адзенне і цела сваё вадой, і будзе чысты.
Восьмага дня возьме ён двух бараноў без заганы, адну гадавалую авечку без плямы і тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, змешанай з алеем, як ахвяру [з ежы] і адзін лог алею.
Потым святар, які ачышчае, паставіць гэтага чалавека з усім гэтым перад Госпадам ля ўваходу ў палатку сустрэчы.
Пасля возьме аднаго барана і складзе яго ў ахвяру за грэх, поруч лог алею, уздымаючы ўсё гэта перад Госпадам.
І заб’е барана на месцы, на якім звычайна забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэласпалення, на месцы святым. Як ахвяра за грэх, так і ахвяра за праступак належыць святару, гэта святая рэч!
Далей возьме святар кроў ахвяры аднагараджэння і памажа ёю верх вуха чалавека ачышчанага, а таксама вялікі палец яго правай рукі ды вялікі палец яго правай нагі.
Далей святар з лога алею вылье на сваю левую далонь
і памочыць правы палец у ім ды пакропіць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад Госпадам.
Рэштай алею ў левай руцэ святар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі; над крывёй ахвяры за праступак.
І ускладзе на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак ачысціць яго перад Госпадам.
Пасля святар складзе ахвяру за грэх і ачысціць таго, хто ачышчаецца ад нячыстасці яго. Далей заб’е ахвяру цэласпалення
і складзе яе на ахвярніку разам з ахвярай хлебнай, і чалавек будзе ачышчаны па законе.
Калі ж хто бедны і рука яго не можа знайсці таго, што прадпісана, хай возьме барана ў ахвяру за праступак для ўздымання, каб ачысціў яго святар, а таксама дзесятую частку мукі, запраўленай алеем, у ахвяру і адзін лог алею,
і дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, якіх зможа знайсці рука яго; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую — на цэласпаленне.
Ды прынясе іх на восьмы дзень свайго ачышчэння святару да дзвярэй палаткі сустрэчы перад Госпадам.
Святар возьме ягня за грэх і лог алею ды разам уздыме перад Госпадам.
І заб’е барана ў ахвяру за грэх, кроўю яго памажа верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, і вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
Далей святар налье алею на сваю левую далонь
і, памачыўшы ў ёй палец правай рукі, пакропіць сем разоў перад Госпадам.
Далей святар памажа верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, і таксама вялікі палец яго правай рукі ды вялікі палец яго правай нагі над месцам крыві, што праліта ў ахвяру за праступак.
Рэшту ж алею, што застаўся на левай руцэ, вылье на галаву чалавека, які ачышчаецца, каб перапрасіць за яго перад Госпадам.
Пасля ахвяруе туркавак або маладых галубоў, якіх знойдзе яго рука,
аднаго за праступак, а другога на цэласпаленне разам з ахвярай хлебнай, і так ачысціць яго святар перад Госпадам.
Такая вось ахвяра пракажанага, які не ў стане мець усяго для ачышчэння свайго».
Гэта вось прамаўляў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы:
«Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, якую Я дам вам ва ўласнасць, калі б з’явілася пляма праказы на дамах пасялення вашага,
хай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць святару, кажучы: “Здаецца мне, што праказа завялася ў маім доме”.
І той загадае, каб вынеслі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб не запаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе пасля святар, каб агледзець дом.
І калі б заўважыў на сценах яго нібы ямінкі, пакрытыя агіднай плесенню або чырванню, якія пашыраюцца на [усё] астатняе,
тады выйдзе з дому да дзвярэй і зараз жа зачыніць яго на сем дзён.
Сёмага дня, вярнуўшыся, агледзіць дом. І калі заўважыць, што пляма-язва разраслася,
загадае тое каменне, на якім зараза, вырваць ды выкінуць яго за горадам у нячыстым месцы,
дом жа кругом унутры абскрэбсці і абскрэбкі высыпаць у месцы нячыстым за горадам.
Пасля ўзяць другія каменні замест тых, што былі вынесены, і абтынкаваць дом іншай глінай.
Калі ж пляма зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі каменні, а дом абскрэблі і абтынкавалі іншай глінай,
дык прыйдзе святар і агледзіць, што зараза ў доме разраслася; значыць, гэта ліхая праказа, і дом нячысты.
Тады дом гэты зараз жа разбяруць. Каменне з яго, і дрэва, і ўвесь попел з дому таго выкінуць за горадам у нячыстым месцы.
Калі б хто ўвайшоў у дом, калі ён закрыты, будзе ён нячысты да вечара,
а калі б хто спаў у ім або еў штосьці, хай памые адзенне сваё.
Калі вось святар прыйдзе і агледзіць, што зараза не разраслася ў гэтым доме па новым абтынкаванні, дык прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылечана.
Каб ачысціць дом, ён возьме дзве птушкі, кавалак дрэва кедравага, ніткі кармазынавыя і гізоп.
І заб’е адну птушку ў пасудзіне глінянай над жывой вадою.
Пасля возьме кедравага дрэва, гізоп, ніткі кармазынавыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў жывой вадзе і пакропіць сем разоў дом.
Такім чынам ачысціць ён крывёй птушкі гэты дом і вадой жывой, і жывой птушкай, і дрэвам кедравым, і гізопам, і ніткамі кармазынавымі.
Жывую птушку пусціць за горадам свабодна ляцець у поле. Такім чынам ачысціць дом, і ён будзе чыстым.
Гэта закон адносна ўсякай праказы і паршывасці,
праказы адзення і дому, пухліны, скулы і белай плямы,
каб можна было ведаць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».