Эстэр 7 разьдзел

Кніга Эстэр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Дык прыйшоў цар і Аман на застолле да царыцы Эстэр.
 
І прыйшоў цар з Аманам на гасьціну да Эстэры царыцы.

І ў другі дзень па выпіцці віна таксама цар спытаўся ў яе: «Што за просьба твая, Эстэр? І будзе табе дадзена, што просіш. Хоць палову царства майго папросіш — выпрасіш».
 
І сказаў цар Эстэры таксама і ў гэты другі дзень у час гасьціны: якое жаданьне тваё, царыца Эстэр? яно будзе задаволена; і якая просьба твая? хоць бы да паўцарства, яна будзе выканана.

Яна адказала яму: «Калі знайшла я ласку ў вачах тваіх, о цар, і калі табе гэта падабаецца, то хай будзе даравана жыццё маё мне, аб якім прашу, і народу майму — за яго малю.
 
І адказвала царыца Эстэр і сказала: калі я знайшла добрую прыхільнасьць у вачах тваіх, цар, і калі цару заўгодна, дык хай будуць дараваны мне жыцьцё маё, паводле жаданьня майго, і народ мой, па просьбе маёй!

Бо прададзены мы: я і народ мой, каб нас знішчыць, вымардаваць і загубіць. І калі б нас прадалі толькі як нявольнікаў і нявольніц, маўчала б, бо гэта бяда не вартая, каб трывожыць цара».
 
Бо прададзены мы, я і народ мой, на вынішчэньне, забіцьцё і пагібель. Калі б мы прададзены былі ў рабы і рабыні, я маўчала б, хоць вораг не адшкадаваў бы ўшчэрбу цара.

І ў адказ цар Асуэр спытаўся ў яе: «Хто ён і дзе ён, каб адважыўся гэта зрабіць?»
 
І адказваў цар Артаксэркс і сказаў царыцы Эстэры: хто гэта такі, і дзе той, які адважыцца ў сэрцы сваім зрабіць так.

Эстэр сказала: «Аман — гэты вораг і найгоршы наш непрыяцель». Чуючы гэта, ён затрывожыўся адразу ж перад абліччам цара і царыцы.
 
І сказала Эстэр: вораг і няпрыяцель — гэты ліхі Аман! І Аман затрымцеў перад царом і царыцаю.

А цар устаў у злосці і з месца застолля ўвайшоў у сад палацавы. Аман жа стаў, каб прасіць царыцу Эстэр аб дараванні жыцця яму; ён бо зразумеў, што цар рашыў зрабіць яму ліхое.
 
І стаў цар у гневе сваім з гасьціны і пайшоў у сад пры палацы; а Аман застаўся ўмольваць за жыцьцё сваё царыцу Эстэр, бо бачыў, што вызначана яму ліхая доля ад цара.

Калі ён вярнуўся з саду ды ўвайшоў на месца застолля, то знайшоў Амана, які ляжаў на ложку, на якім ляжала Эстэр, і ён сказаў: «Яшчэ і царыцу хоча згвалтаваць у маёй прысутнасці і ў маім доме?» І яшчэ не скончыў цар гаварыць, як закрылі твар Аману.
 
Калі цар вярнуўся з саду пры палацы ў дом гасьціны, Аман быў прыпалы да ложка, на якім была Эстэр. І сказаў цар: нават і гвалціць царыцу хоча ў доме ў мяне! Слова выйшла з вуснаў цара, — і накрылі твар Аману.

Дык сказаў адзін з еўнухаў, Гарбона, які быў на службе ў цара: «Вось нават слуп, які паставіў Аман для Мардахэя, які раіў дабро для цара, стаіць у доме Амана, маючы вышыню ў пяцьдзесят локцяў». Сказаў яму цар: «Павесьце яго на ім».
 
І сказаў Харбона, адзін зь еўнухаў пры цары: вось дрэва, якое падрыхтаваў Аман Мардахэю, які гаварыў добрае цару, стаіць каля дома Амана, вышынёю ў пяцьдзясят локцяў. І сказаў цар: павесьце яго на ім.

Такім чынам, павесілі Амана на шыбеніцы, якую ён прыгатаваў для Мардахэя; і так супакоілася абурэнне цара.
 
І павесілі Амана на дрэве, якое ён падрыхтаваў Мардахэю. І гнеў цара аціх.