Сьвятая Бібля 3
Сьвятая Бібля у перакладзе Яна Станкевіча
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
А душы справядлівых ёсць у руцэ Божай, і не кране іх мука смерці.
Вачам неразумных здаецца, што яны памерлі, і зыход іх лічаць яны за няшчасце,
і адлучэнне ад нас — за знішчэнне; а яны трываюць у супакоі.
І калі людзі ўбачылі мукі, то жывуць яны надзеяй несмяротнасці;
і па кароткім мучэнні атрымаюць бясконцыя даброты, бо Бог выпрабаваў іх і знайшоў іх вартымі Сябе.
Ён выпрабаваў іх, як золата ў печы, і прыняў іх, як цэласпальную ахвяру,
і ў час выпрабавання іх — яны заззяюць, як іскры на ржышчы;
будуць судзіць народы і будуць валадарыць над людзьмі, і Госпад будзе валадарыць над імі вечна.
Тыя, што ўсклалі надзею на Яго, — зразумеюць праўду, і верныя будуць супачываць пры Ім у міласці, бо ласка і міласэрнасць — для святых Яго і выпрабаванне — для выбраннікаў Яго.
Бязбожныя ж па намерах сваіх будуць пакараны, бо адцураліся Справядлівага і адышлі ад Госпада.
Няшчасны бо, хто пагарджае мудрасцю і настаўленнем! І пустая надзея іх, і труды бясплодныя, і няма карысці ў справах.
Жонкі іх неразумныя, і самыя нягодныя іх дзеці, пракляты іх род!
Бо шчасная няплодная, але беззаганная, якая не пазнала беззаконнага ложка; атрымае плод у час наведвання душ.
І еўнух, хто не спаганіў сваіх рук злачыннасцю ані не думаў нічога благога супраць Госпада, — за вернасць бо дадзены яму будзе асаблівы дарунак ды доля, поўная радасці, у святыні Госпадавай.
Добрых бо ўчынкаў плод слаўны, і корань мудрасці не ўсыхае.
А дзеці чужаложнікаў не даб’юцца мэты, і знікне патомства незаконнага ложка.
Калі і будуць яны доўга жыць — будуць іх мець за нішто, і ў канцы — няслаўная іх старасць;
і калі рана памруць, будуць без надзеі і без суцяшэння ў дзень прызнання:
бо страшны ёсць канец грэшнага роду!