Сьвятая Бібля 7
Сьвятая Бібля у перакладзе Яна Станкевіча
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
І я чалавек смяротны, падобны да ўсіх, нашчадак таго смяротнага, хто першы ўтвораны быў з зямлі, і ва ўлонні маці быў створаны як цела;
за дзевяць месяцаў часу акрэпнуў у крыві, з насення мужчынскага і з любові, са сном злучанай.
І я, калі нарадзіўся, пачаў дыхаць супольным паветрам і выпаў на зямлю, якая церпіць усіх аднолькава, таксама першы голас выдаючы з плачам, — падобна да ўсіх.
У пялюшках і клопатах мяне выгадавалі;
ніводзін бо цар не меў іншага пачатку народзін.
Адзін жа ўсім уваход у жыццё і падобны выхад.
Дзеля таго я маліўся — і дадзены быў мне розум, і я прызваў — і сышоў на мяне дух Мудрасці.
Яе я паставіў вышэй за скіпетры і пасады, і што ёсць багацці ў параўнанні з ёю;
і нельга параўнаць з ёю каштоўныя камяні, бо ўсё золата ў параўнанні з ёю — жменя пяску, і срэбра пры ёй будзе лічыцца брудам.
Узлюбіў я яе больш за здароўе і прыгажосць і хацеў больш мець яе, чым святло, бо яе святло незгасальнае.
А з ёй разам прыйшлі да мяне ўсе даброцці, праз яе рукі — незлічоныя багацці,
і ўзрадаваўся я з іх усіх, бо прыводзіла іх Мудрасць, а я не ведаў, што яна ўсіх іх маці;
як я без хітрасці пазнаў, без зайздрасці пераказваю; не хаваю багаццяў яе.
Яна бо ёсць людзям бязмежны скарб; тыя, хто яе набыў, — падрыхтаваліся да сяброўства з Богам праз дары навучэння.
О, каб даў мне Бог выказаць думку і зразумець належна тое, што даручана мне, Ён бо Правадыр Мудрасці, і Настаўнік мудрых;
у руцэ бо Яго і мы, ды нашыя словы, і ўсякая мудрасць і спрактыкаванасць.
Ён бо даў мне ўсяго існуючага праўдзівае пазнанне, каб ведаў я пабудову свету і дзеянне стыхій:
пачатак, і канец, і сярэдзіну часоў, паслядоўнасць змен і перамены часу,
гадавыя абароты і размяшчэнне зорак,
прыроду жывёл і прыкметы звяроў, моц духаў і думкі людзей, розныя расліны і сілы каранёў.
І пазнаў я ўсё: і што скрытае, і што яўнае; навучыла бо мяне Мудрасць, Мастачка ўсяго!
У ёй бо дух разумны і святы, адзіны, шматлікі, тонкі, чысты, жвавы, праніклівы, ясны, беззаганны, бясшкодны, востры, які ніяк не забароніш, спагадлівы,
чалавечы, дабрадзейны, трывалы, непадманны, надзейны, спакойны, усемагутны і ўсевідушчы, і які працінае ўсе духі разумныя, чыстыя і найтанчэйшыя.
Мудрасць бо рухлівейшая за ўсякі рух, а праходзіць і працінае ўсё дзеля сваёй чысціні.
Ёсць бо дыханне магутнасці Божай і чыстае выцяканне славы Усемагутнага; таму нішто спракуджанае не прыліпае да яе;
яна ёсць адбітак вечнага святла, і люстра без заганы магутнасці Божай, і вобраз Яго дабрыні.
Адна, а ўсё можа; і, прабываючы сама ў сабе, усё аднаўляе, і праз пакаленні пераходзячы ў душы святых, прызначае сяброў Божых і прарокаў.
Бог бо мілуе таго толькі, хто сябруе з Мудрасцю.
Бо яна прыгажэйшая за сонца і за ўсякі збор зорак; пры параўнанні са святлом яна мае першынство:
па ім наступае ноч, а Мудрасці ліхота не перамагае.