Дзеі 7 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Тады першасвятар сказаў яму: «Ці гэта праўда?»
Ён жа гаворыць: «Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог славы аб’явіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі ён яшчэ быў у Месапатаміі, перад тым як абжыўся ў Харане.
І сказаў яму: “Выйдзі з зямлі сваёй і ад радні сваёй і ідзі ў зямлю, якую Я табе пакажу”.
Тады, выйшаўшы з зямлі Халдэйскай, абжыўся ён у Харане. І адтуль, па смерці яго бацькі, перасяліў яго Бог у зямлю гэтую, у якой вы цяпер пражываеце,
і не даў яму ва ўласнасць ані пядзі зямлі, але абяцаў даць яе ва ўласнасць яму і нашчадкам яго па ім, хоць не меў тады яшчэ сына.
І сказаў Бог, што будуць нашчадкі яго перасяленцамі ў чужой зямлі, і аддадуць іх у нявольніцтва, і будуць яны прыгнечаныя на працягу чатырохсот гадоў.
“І народ, у якога будуць яны нявольнікамі, Я Сам асуджу, — сказаў Бог, — і пасля таго выйдуць яны і будуць служыць Мне на гэтым месцы”.
І даў яму запавет абразання; і так нарадзіў Ізаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень, а Ізаак — Якуба, а Якуб — дванаццаць патрыярхаў.
І патрыярхі праз зайздрасць прадалі Язэпа ў Егіпет; і Бог быў з ім,
і вызваліў яго ад усякіх бед, і даў яму ласку і мудрасць перад абліччам фараона, цара Егіпта, і ён прызначыў яго ўладаром над Егіптам ды над усім сваім домам.
І ўвесь Егіпет і Ханаан наведаў голад, і вялікае гора, і бацькі нашы не мелі што есці.
Калі Якуб дачуўся, што ў Егіпце ёсць збожжа, паслаў бацькоў нашых першы раз,
а за другім разам Язэп быў пазнаны сваімі братамі, фараону ж стаў вядомы род Язэпа.
І, паслаўшы, Язэп паклікаў Якуба, бацьку свайго, ды ўсю радню сваю ў ліку сямідзесяці пяці душ,
і Якуб прыйшоў у Егіпет. І памёр ён сам, і бацькі нашы,
і перанеслі іх у Сіхэм ды паклалі ў магіле, якую Абрагам купіў за срэбра ад сыноў Гемора ў Сіхэме.
А, як набліжаўся час здзяйснення абяцання, якое Бог даў Абрагаму, народ разрастаўся і размнажаўся ў Егіпце,
пакуль не запанаваў над Егіптам новы цар, які не ведаў Язэпа.
Ён подступам пачаў прыгнятаць народ наш і прымушаў бацькоў нашых выкідваць немаўлят сваіх, каб не заставаліся жывымі.
У той час нарадзіўся Майсей, і быў ён мілы Богу; і тры месяцы кармілі яго ў доме бацькі ягонага.
А калі ён быў выкінуты, узяла яго дачка фараона і ўзгадавала яго як свайго сына.
І быў Майсей навучаны ўсёй мудрасці егіпецкай, ды быў магутны ў словах і ўчынках сваіх.
А калі споўнілася яму сорак гадоў, апанавала яго сэрца задума адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраэля.
І, калі ўбачыў ён аднаго земляка, што цярпеў несправядлівасць, то абараніў і памсціўся за крыўджанага, забіўшы егіпцяніна.
Ён думаў, што браты зразумеюць, што Бог яго рукой дае ім ратунак, але яны не зразумелі.
Калі на другі дзень з’явіўся ён між імі, а яны біліся між сабой, дык стараўся іх пагадзіць, кажучы: “Людзі, вы ж браты; чаму крыўдзіце адзін аднаго?”
Але той, што чыніў несправядлівасць блізкаму, адпіхнуў яго, кажучы: “Хто паставіў цябе начальнікам і суддзёю над намі?
Хіба і мяне хочаш забіць, як учора забіў егіпцяніна?”
З-за гэтых слоў Майсей уцёк і зрабіўся чужынцам у зямлі Мадыян, дзе нарадзіў ён двух сыноў.
Калі ж мінула сорак гадоў, з’явіўся яму ў пустыні пад гарою Сінай анёл Госпадаў у полымі агню ў кусце.
Майсей жа, бачачы, дзівіўся з убачанага; а калі падышоў да яго, каб прыгледзецца, пачуў голас Госпада:
“Я — Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”. Затрымцеўшы, Майсей не адважыўся глядзець.
І сказаў яму Госпад: “Здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, ёсць зямля святая.
Пазіраючы, убачыў Я прыгнёт народа Майго ў Егіпце, ды пачуў стогны яго, дык сышоў, каб вызваліць яго; і цяпер ідзі, Я пасылаю цябе ў Егіпет”.
Таго, вось, Майсея, якога яны зракліся, кажучы: “Хто паставіў цябе начальнікам і суддзёй?”, яго, вось, Бог паслаў як правадыра і збаўцу рукою анёла, што з’явіўся яму ў кусце.
Ён вывеў іх, чынячы цуды і знакі ў зямлі Егіпецкай і на Чырвоным моры ды ў пустыні на працягу сарака гадоў.
Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраэля: “Прарока такога, як я, паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых. Яго слухайце”.
Ён той, што быў пры агульным сходзе ў пустыні з анёлам, які прамаўляў да яго на гары Сінай, і з бацькамі нашымі, які атрымаў словы жыцця, каб пераказаць іх нам.
Але не хацелі яго слухацца бацькі нашы, ды адпіхнулі яго і звярнуліся ў сэрцах сваіх да Егіпта,
кажучы Аарону: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісці перад намі; бо не ведаем, што сталася з тым Майсеем, які вывеў нас з зямлі Егіпецкай”.
І зрабілі сабе цяля ў тыя дні, ды склалі ахвяру ідалу, ды цешыліся з тварэння рук сваіх.
Дык Бог адвярнуўся ад іх і дазволіў, каб служылі войску нябеснаму, як напісана ў кнізе прарокаў: “Дом Ізраэля! Хіба прыносілі вы Мне ахвяры і цэласпаленні на працягу сарака гадоў у пустыні?
І паднялі вы палатку Малоха ды зорку бога вашага Рэмфана, фігуры, якія зрабілі, каб ім пакланяцца. Таму перасялю вас за Бабілон”.
Нашы бацькі мелі ў пустыні палатку сведчання; як загадаў Той, Хто гаварыў з Майсеем, каб ён зрабіў яе на ўзор, які бачыў.
Яе ўзяўшы, нашы бацькі разам з Ешуа ўнеслі ў зямлю паганаў, якіх Бог выгнаў перад абліччам бацькоў нашых аж да дзён Давіда,
які знайшоў ласку ў Бога і прасіў, каб знайсці жытло для Бога Якуба.
А Саламон пабудаваў Яму дом.
Але Узвышні не жыве ў пабудовах рук людскіх, як кажа прарок:
“Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом пабудуеце Мне, — кажа Госпад, — або якое месца для супачынку Майго?
Ці ж не рука Мая ўчыніла ўсё гэта?”
Людзі з цвёрдым каркам, неабрэзанымі сэрцамі і вушамі! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Святому, як бацькі вашы, так і вы!
Якога з прарокаў не пераследавалі бацькі вашы? Пазабівалі вы і тых, якія прадказвалі прыход Справядлівага, Якому вы сталі цяпер здраднікамі і забойцамі.
Вы, што атрымалі закон праз пасярэдніцтва анёлаў, але не збераглі яго».
Калі яны пачулі гэта, у сэрцах сваіх закіпелі гневам і скрыгаталі зубамі на яго.
А ён, напоўнены Духам Святым, глянуўшы ў неба, убачыў славу Божую і Ісуса, што стаяў праваруч Айца,
і гаворыць: «Вось, бачу неба адкрытае і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога».
Яны ж паднялі вялікі лямант, і затыкалі вушы сабе, і кінуліся на яго аднадушна,
і, выцягнуўшы яго за горад, укаменавалі. І сведкі паклалі сваё адзенне ля ног юнака, якога звалі Саўлам.
І каменавалі Сцяпана, які гучна маліўся і казаў: «Госпадзе Ісусе, прымі духа майго!»
А калі ўпаў на калені, закрычаў моцным голасам: «Госпадзе, не палічы ім граху гэтага». І, сказаўшы гэта, сканаў.