Марка 7 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Сышліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, якія прыйшлі з Ерузалема.
 
І сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя кніжнікі, што прыйшлі з Ерусаліму.

І ўбачылі, як некаторыя вучні Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць неабмытымі рукамі.
 
І, убачыўшы некаторых з вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, гэта значыць нямытымі, рукамі, вінавацілі іх.

Фарысеі ж і ўсе юдэі, трымаючыся традыцыі старэйшых, не ядуць, пакуль старанна не памыюць рук.
 
Бо самі фарысэі і ўсе Юдэі не ядуць, не абмыўшы чыста рук, трымаючыся традыцыяў старэйшых.

І, вярнуўшыся з рынку, не ядуць, пакуль не абмыюцца. Ёсць і яшчэ шмат таго, чаго прынята трымацца: абмыцця чашаў, збаноў, медных начынняў і лаваў.
 
І пасьля рынку, пакуль не абмыюцца, не ядуць; і ёсьць шмат іншага, чаго яны прытрымліваюцца: абмываньня келіхаў і конавак, мядніцаў і сталоў.

Таму запыталіся ў Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыі старэйшых, а ядуць хлеб нячыстымі рукамі?»
 
Пасьля пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае ня ходзяць паводле традыцыяў старэйшых, але нячыстымі рукамі ядуць хлеб?»

Ён адказаў ім: «Добра прарочыў Ісая наконт вас, крывадушных, як напісана: “Гэты народ шануе Мяне вуснамі,а сэрца іх далёка ад Мяне.
 
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Добра пра вас, крывадушнікаў, прарочыў Ісая, як напісана: “Народ гэты губамі шануе Мяне, а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне.

Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,навучаючы людскім запаведзям”.
 
але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньняў і пастановаў чалавечых”.

Бо вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі».
 
Бо вы, пакінуўшы прыказаньне Божае, трымаецеся традыцыі чалавечай, абмываньня конавак і келіхаў, і шмат іншага, да гэтага падобнага, чыніце».

І сказаў ім: «Прыгожа вы абыходзіце Божую запаведзь, каб захаваць сваю традыцыю.
 
І сказаў ім: «Ці добра, што вы адкідаеце прыказаньне Божае, каб захаваць вашую традыцыю?

Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку свайго і маці сваю” і: “Хто зласловіць на бацьку ці маці, няхай будзе пакараны смерцю”.
 
Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку твайго і маці тваю”, і: “Хто праклінае бацьку або маці, няхай сьмерцю памрэ”.

А вы кажаце: “Калі чалавек скажа бацьку ці маці: тое, чым бы я мог табе дапамагчы — корбан, што значыць дар для Бога”,
 
А вы гаворыце: “Калі скажа чалавек бацьку або маці: 'Карба́н', гэта значыць дар [Богу] тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся”,

то ўжо не дазваляеце яму зрабіць штосьці для бацькі ці маці.
 
і ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі свайго або маці сваёй,

Вы парушаеце Божае слова вашай традыцыяй, якую перадалі. І робіце шмат чаго падобнага да гэтага».
 
пазбаўляючы сілы слова Божае праз традыцыю вашую, якую вы перадаяцё, і шмат да гэтага падобнага чыніце».

Паклікаўшы зноў людзей, сказаў ім: «Паслухайце Мяне ўсе і зразумейце!
 
І, паклікаўшы ўвесь натоўп, гаварыў ім: «Слухайце Мяне ўсе і разумейце.

Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго».
 
Няма нічога, што звонку чалавека, што ўваходзячы ў яго, можа яго апаганіць, але тое, што з чалавека выходзіць, апаганьвае яго.

[отсутсвует]
 
Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае».

А калі Езус увайшоў у дом, пакінуўшы натоўп, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго наконт прыпавесці.
 
І калі Ён увайшоў у дом ад натоўпу, пыталіся Яго вучні Ягоныя пра прыповесьць.

І Ён сказаў ім: «Няўжо і вы такія някемлівыя? Ці не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа зрабіць яго нячыстым,
 
І кажа ім: «Няўжо і вы такія няця́мкія? Няўжо не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа яго апаганіць,

бо не ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў страўнік, і выходзіць вонкі». Так Ён прызнаў усялякую ежу чыстай.
 
бо ўваходзіць ня ў сэрца ягонае, але ў жывот, і выкідаецца прэч, ачышчаючы ўсякую ежу».

Далей сказаў: «Тое, што выходзіць з чалавека, робіць яго нячыстым.
 
І сказаў: «Тое, што выходзіць з чалавека, тое апаганьвае яго,

Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць дрэнныя думкі, распуста, крадзеж, забойствы,
 
бо з нутра, з сэрца чалавечага выходзяць благія думкі, чужалоства, распуснасьць, забойствы,

чужалоства, сквапнасць, зласлівасць, падступнасць, бессаромнасць, зайздрасць, блюзнерства, пыха, глупства.
 
крадзяжы, хцівасьць, зласьлівасьць, подступ, бессаромнасьць, злое вока, блюзьне́рствы, пы́ха, глупота.

Усё гэтае зло выходзіць знутры і робіць чалавека нячыстым».
 
Уся гэтая ліхота знутры выходзіць і апаганьвае чалавека».

Устаўшы, Езус адышоў у межы Тыра. Увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ведаў пра гэта, але не змог утаіцца.
 
І, устаўшы адтуль, Ён адыйшоў у межы Тыру і Сідону. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, але ўтоіцца ня змог.

Бо жанчына, у якой была апанаваная нячыстым духам дачка, адразу пачула пра Яго, прыйшла і ўпала да Ягоных ног.
 
Бо пачула пра Яго жанчына, у якой дачка мела ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упала да ног Ягоных.

А была гэтая жанчына язычніцай, родам сірафініцыянка. Яна прасіла Яго выгнаць злога духа з яе дачкі.
 
А жанчына гэтая была Грэчанка, родам Сірафінікіянка; і прасіла яна Яго, каб выгнаў дэмана з дачкі ейнай.

Ён адказаў ёй: «Дай спачатку насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам».
 
Але Ісус сказаў ёй: «Дазволь перш насыціцца дзецям, бо ня добра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам».

Яна ж адказала Яму, кажучы: «Пане, але і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ў дзяцей».
 
Яна ж адказала і кажа Яму: «Так, Госпадзе, але ж і сабакі пад сталом ядуць крошкі ад дзяцей».

Тады Ён сказаў ёй: «Дзеля гэтых слоў ідзі, злы дух выйшаў з тваёй дачкі».
 
І сказаў ёй: «Дзеля такога слова ідзі; дэман выйшаў з дачкі тваёй».

Калі яна прыйшла ў свой дом, убачыла, што злы дух выйшаў, а дачка ляжыць на ложку.
 
І адыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на ложку.

Зноў выйшаў Езус з межаў Тыра і прайшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод зямель Дэкаполіса.
 
І зноў, выйшаўшы з межаў Тыру і Сідону, пайшоў Ён да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкапаля.

Калі прывялі да Яго глуханямога, прасілі, каб усклаў на яго руку.
 
І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасьцю гаварыў, і просяць Яго ўскласьці на яго руку.

Адвёўшы яго далей ад натоўпу, Ён уклаў у яго вушы свае пальцы і, паслініўшы, дакрануўся да ягонага языка.
 
І, узяўшы яго ад натоўпу на бок, уклаў пальцы Свае ў ягоныя вушы, і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага.

Паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Эффата», што значыць: «Адкрыйся».
 
І, глянуўшы ў неба, уздыхнуў, і гаворыць яму: «Эффата́», што значыць: «Адчыніся».

Адразу адкрыліся вушы ягоныя, і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна.
 
І адразу адчыніліся вушы ягоныя і разьвязаліся путы языка ягонага, і ён пачаў добра гаварыць.

Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны апавядалі яшчэ больш.
 
І Ён перасьцерагаў іх, каб нікому не расказвалі, але колькі ні забараняў, яны яшчэ шырэй абвяшчалі.

Будучы надзвычай здзіўленымі, яны казалі: «Ён зрабіў усё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць!»
 
І надзвычай дзівіліся, кажучы: «Усё добра зрабіў, і глухім робіць, каб чулі, і нямым, каб гаварылі».