Марка 12 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І пачаў Езус гаварыць да іх у прыпавесцях: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў сток пад давілам, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў.
 
І пачаў гаварыць да іх у прыповесьцях: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, і абгарадзіў яго плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.

А ў адпаведны час паслаў да вінаградараў слугу, каб той узяў у вінаградараў частку з пладоў вінаградніку.
 
І паслаў у свой час да вінаградараў слугу, каб узяў у вінаградараў пладоў з вінаградніку.

Але яны, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.
 
Яны ж, схапіўшы яго, зьбілі і выправілі ні з чым.

Тады зноў паслаў да іх іншага слугу, і гэтаму зранілі галаву і зняважылі.
 
І зноў паслаў да іх іншага слугу, і тому камянямі разьбілі галаву, і выправілі, зьняважыўшы.

Паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, а шмат іншых ці пабілі, ці пазабівалі.
 
І зноў паслаў іншага, і яго забілі, і многіх іншых адных білі, другіх забівалі.

Маючы яшчэ аднаго, умілаванага сына, паслаў яго апошнім да іх, кажучы: “Ушануюць сына майго”.
 
Дык маючы яшчэ адзінага сына, улюбёнага свайго, урэшце паслаў і яго да іх, кажучы: “Пасаромеюцца сына майго”.

Але вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго, і спадчына будзе наша”.
 
Але вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца! Пойдзем, заб’ем яго, і нашаю будзе спадчына”.

І, схапіўшы, забілі яго і выкінулі з вінаградніку.
 
І, схапіўшы яго, забілі, і выкінулі з вінаградніку.

Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і знішчыць вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым.
 
Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і выгубіць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым.

Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: “Камень, адкінуты будаўнікамі,стаў галавою вугла.
 
Няўжо вы не чыталі гэтага Пісаньня: “Каме́нь, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла.

Пан учыніў гэта,і дзіўнае яно ў вачах нашых”?»
 
Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”».

І яны намагаліся схапіць Езуса, бо зразумелі, што гэтая прыпавесць супраць іх, але баяліся натоўпу. Таму, адпусціўшы Яго, адышлі.
 
І шукалі схапіць Яго, але баяліся натоўпу, бо ведалі, што пра іх сказаў гэтую прыповесьць. І, пакінуўшы Яго, адыйшлі.

І паслалі да Яго некаторых фарысеяў і прыхільнікаў Ірада, каб злавіць Яго на слове.
 
І пасылаюць да Яго некаторых з фарысэяў і ірадыянаў, каб злавіць Яго на слове.

Падышоўшы, яны спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей, але праўдзіва вучыш шляху Божаму. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Плаціць нам, ці не плаціць?»
 
Яны, прыйшоўшы, гавораць Яму: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не дагаджаеш нікому, бо не глядзіш на абліччы людзей, але шляху Божаму паводле праўды навучаеш. Ці належыцца даваць даніну цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?»

А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, сказаў ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб паглядзець».
 
А Ён, ведаючы крывадушнасьць іхнюю, сказаў ім: «Чаму Мяне спакушаеце? Прынясіце Мне дынар, каб Я пабачыў».

Калі прынеслі Яму дынар, Ён запытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» Яны адказалі Яму: «Цэзара».
 
Яны прынесьлі. І гаворыць ім: «Чый гэта вобраз і надпіс?» Яны сказалі Яму: «Цэзараў».

Тады Езус сказаў ім: «Цэзарава аддавайце цэзару, а Божае — Богу». І дзівіліся Яму.
 
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Аддавайце тое, што цэзарава, цэзару, а што Божае, — Богу». І зьдзіўляліся з Яго.

Прыйшлі да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго:
 
І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і спыталіся ў Яго, кажучы:

«Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, яго брат павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства для брата свайго.
 
«Настаўнік, Майсей напісаў нам: “Калі памрэ нечый брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, дык брат ягоны мае ўзяць жонку яго і аднавіць насеньне брату свайму”.

Было сем братоў. Першы ўзяў жонку і памёр, не пакінуўшы патомства.
 
Было сем братоў, і першы ўзяў жонку, і, паміраючы, не пакінуў насеньня.

Тады ўзяў яе другі і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці.
 
І другі ўзяў яе, і памёр, і не пакінуў насеньня, і трэці гэтак сама.

І ніхто з семярых не пакінуў патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына.
 
І бралі яе сямёра, і не пакінулі насеньня. Пасьля ўсіх памерла і жанчына.

Пры ўваскрашэнні, калі яны ўваскрэснуць, каму з іх яна будзе жонкай? Бо ў семярых яна была жонкаю».
 
Дык пры ўваскрасеньні, калі яны ўваскрэснуць, якога з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».

Езус адказаў ім: «Ці не таму памыляецеся, што не ведаеце ні Пісання, ні моцы Божай?
 
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці ж не таму вы памыляецеся, што ня ведаеце ані Пісаньня, ані моцы Божай?

Бо калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як анёлы ў нябёсах.
 
Бо калі ўваскрэснуць з мёртвых, ня будуць ані жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы, якія ў небе.

А наконт таго, што мёртвыя ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог з цярновага куста прамаўляў да яго, кажучы: “Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Якуба”?
 
А пра мёртвых, што яны ўстануць, ці ж вы не чыталі ў кнізе Майсея, як Бог з куста сказаў да яго, кажучы: “Я — Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба?”

Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых! Таму вы моцна памыляецеся».
 
Ён ня ёсьць Бог мёртвых, але Бог жывых! Таму вы моцна памыляецеся».

Адзін кніжнік, які прыслухоўваўся да іх, як яны размаўлялі паміж сабою, падышоў і спытаўся: «Якая запаведзь першая з усіх?»
 
І адзін з кніжнікаў, падыйшоўшы і пачуўшы, як яны пыталіся, і бачачы, што добра ім адказаў, спытаўся ў Яго: «Якое першае з усіх прыказаньняў?»

Езус адказаў: «Першая такая: “Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны;
 
Ісус адказаў яму: «Першае з усіх прыказаньняў: “Слухай, Ізраіль! Госпад, Бог наш — Госпад адзіны”,

любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй”.
 
і: “Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёю душой тваёй, усім разуменьнем тваім і ўсёю моцаю тваёю”.

Другая: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя».
 
І другое, падобнае да яго: “Любі бліжняга свайго як самога сябе”. Іншага прыказаньня, большага за гэтыя, няма».

І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго.
 
І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што адзін ёсьць Бог, і няма іншага апрача Яго,

Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні».
 
і любіць Яго ўсім сэрцам, усім розумам, усёю душою ды ўсёю моцаю, і любіць бліжняга як самога сябе больш, чым усе цэласпаленьні і ахвяры».

Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.
 
І Ісус, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо болей не адважваўся пытацца ў Яго.

Адказваючы, Езус сказаў, навучаючы ў святыні: «Як могуць казаць кніжнікі, што Месія — сын Давіда?
 
І, адказваючы, гаварыў Ісус, навучаючы ў сьвятыні: «Чаму кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсьць сынам Давіда?

Сам Давід сказаў у Духу Святым: “Сказаў Пан Пану майму: Сядзь праваруч Мяне,пакуль не пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Твае”.
 
Бо сам Давід сказаў праз Духа Сьвятога: “Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх”.

Калі сам Давід называе Яго Панам, то які ж Ён яму сын?» І вялікі натоўп слухаў Яго з задавальненнем.
 
Сам Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — сын ягоны?» І вялізарны натоўп з ахвотай слухаў Яго.

А Ён казаў ім, навучаючы: «Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць прывітанні на рынках,
 
І гаварыў ім у навуцы Сваёй: «Паглядзіце на кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах і прывітаньні на рынку,

і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах.
 
і першыя месцы ў сынагогах, і ўзьлягаць на першых месцах на вячэрах,

Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і доўга моліцца напаказ, атрымаюць найцяжэйшы прысуд».
 
якія аб’ядаюць дамы ўдоваў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшы прысуд».

Сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу.
 
І Ісус, сеўшы насупраць скарбніцы, глядзеў, як натоўп кідае медзь у скарбніцу. І многія багатыя кідалі шмат.

Прыйшла адна бедная ўдава і ўкінула дзве лепты, што складае адзін кадрант.
 
І, прыйшоўшы, адна ўбогая ўдава кінула дзьве лепты, гэта значыць кадрант.

Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку.
 
І, паклікаўшы вучняў Сваіх, Ён гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбніцу.

Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пражытак свой».
 
Бо ўсе кідалі з лішку свайго, а яна з нястачы сваёй укінула ўсё, што мела, усё сваё ўтрыманьне».