Яна 21 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так.
Пасьля гэтага ізноў зьявіўся Ісус вучням Сваім ля мора Тыбэрыядзкага. Зьявіўся Ён вось як:
Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных.
былі разам Сымон Пётар і Тамаш, называны Блізьнюк, і Натанаэль з Каны Галілейскай, і сыны Зэбэдэявы, і двое другіх з вучняў Ягоных.
Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі.
Кажа ім Сымон Пётар: «Іду лавіць рыбу». Кажуць яму: «Пойдзем і мы з табою». Яны выйшлі і адразу ўвайшлі ў човен, і не злавілі ў тую ноч нічога.
Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус.
Калі ўжо настала раніца, Ісус стаў на беразе, але вучні не пазналі, што гэта Ісус.
Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не».
Кажа ім Ісус: «Дзеці! Ці маеце што ядомае?» Яны адказалі Яму: «Не».
А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы.
Ён жа сказаў ім: «Закіньце нерат на правы бок чаўна і зловіце». Тады яны закінулі, і ўжо не маглі яго выцягнуць дзеля мноства рыбы.
Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: «Гэта Пан!» Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пятру: «Гэта Госпад». Сымон жа Пётар, пачуўшы, што гэта Госпад, падперазаўся кашуляю, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
А іншыя вучні прыплылі на чоўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, цягнучы сетку з рыбай.
А іншыя вучні прыплылі ў чаўне, бо не былі далёка ад зямлі, локцяў каля двухсот, цягнучы нерат з рыбаю.
Калі ж выйшлі на бераг, убачылі распаленае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб.
Калі ж выйшлі на зямлю, бачаць раскладзены агонь і рыбу, што ляжала на ім, і хлеб.
Езус сказаў ім: «Прынясіце рыбы, што цяпер налавілі».
Кажа ім Ісус: «Прынясіце з тае рыбы, якую вы цяпер злавілі».
Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзясят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася.
Сымон Пётар пайшоў і выцягнуў на зямлю нерат, поўны вялікіх рыбаў, якіх было сто пяцьдзясят тры, і пры гэткай колькасьці нерат не падраўся.
Сказаў ім Езус: «Хадзіце ж, снедайце». Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Пан.
Кажа ім Ісус: «Ідзіце, абедайце». З вучняў жа ніхто не адважыўся даведвацца ў Яго: «Хто Ты?», бо ведалі, што гэта Госпад.
Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, і таксама рыбу.
Прыходзіць тады Ісус, і бярэ хлеб, і дае ім; таксама і рыбу.
Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.
Гэта ўжо трэці раз зьявіўся Ісус вучням Сваім пасьля ўваскрасеньня з мёртвых.
Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх».
Калі ж яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: «Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне больш, чым гэтыя?» Той кажа Яму: «Так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою». Ён кажа яму: «Пасьві ягняткі Мае».
Зноў кажа яму другі раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Ён адказаў: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх».
Зноў кажа яму другі раз: «Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне?» Той кажа Яму: «Так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я сябрую з Табою». Ён кажа яму: «Пасьві авечкі Мае».
І сказаў яму трэці раз: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці любіш ты Мяне?», і сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі авечак Маіх.
Кажа яму трэці раз: «Сымон Ёнін, ці сябруеш ты са Мною?» Засмуціўся Пётар, што трэці раз спытаўся ў яго: «Ці сябруеш ты са Мною?», і сказаў Яму: «Госпадзе! Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я сябрую з Табою!» Кажа яму Ісус: «Пасьві авечкі Мае.
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш».
Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў малады, дык падпаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а як састарэеш, выцягнеш рукі твае, і другі цябе падпаяша і павядзе, куды ня хочаш».
А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: «Ідзі за Мной».
А гэта Ён сказаў, даючы знак, якою сьмерцю той праславіць Бога. І, сказаўшы гэтае, кажа яму: «Ідзі за Мною».
Пётр азірнуўся і ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, які на вячэры спачываў на Яго грудзях і пытаўся: «Пане, хто выдасць Цябе?»
Павярнуўшыся, Пётар бачыць, што ідзе за ім вучань, якога любіў Ісус і які на вячэры ўзьлёг ля грудзей Ягоных, і сказаў: «Госпадзе! Хто той, які выдасьць Цябе?»
Калі Пётр убачыў яго, сказаў Езусу: «Пане, а што з ім?»
Убачыўшы яго, Пётар кажа Ісусу: «Госпадзе! А ён што?»
Езус адказаў яму: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мною».
Кажа яму Ісус: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе? Ты ідзі за Мною!»
І разышлося гэтае слова паміж братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Езус, што не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль Я прыйду, то што табе да таго?»
Тады прайшло слова гэтае між братоў, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што ён не памрэ, але: «Калі Я хачу, каб ён застаўся, пакуль прыйду, што табе?»
Той вучань сведчыць пра гэта і напісаў гэта. І ведаем, што сведчанне ягонае праўдзівае.
Гэты вучань і сьведчыць пра гэтае, і напісаў гэта. І мы ведаем, што праўдзівае сьведчаньне ягонае.
Ёсць і шмат іншага, што ўчыніў Езус. Але, калі апісаць гэта падрабязна, то, думаю, сам свет не змясціў бы напісаных кніг.
Ёсьць таксама шмат іншага, што ўчыні́ў Ісус, але, каб напісаць гэта асобна, дык, я мяркую, і самому сьвету не зьмясьціць напісаных кнігаў. Амэн.