Яна 10 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не дзьвярыма ўваходзіць у авечы двор, але ўлазіць іначай, той злодзей і разбойнік.
А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак.
А хто ўваходзіць дзьвярыма, той — пастыр авечак.
Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх.
Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць голас ягоны, і ён кліча сваіх авечак па імёнах, і выводзіць іх.
А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас.
І калі выведзе сваіх авечак, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць голас ягоны.
За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых».
За чужым жа ня пойдуць, але ўцякуць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу».
Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.
Гэтую прыказку сказаў ім Ісус, але яны не зразумелі, што такое Ён гаварыў ім.
Тады Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак.
Тады ізноў сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам, што Я — дзьверы авечак.
Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, — гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх.
Усе, якія прыходзілі раней за Мяне, — злодзеі і разбойнікі, але авечкі не паслухаліся іх.
Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу.
Я — дзьверы. Хто ўвойдзе праз Мяне, збаўлены будзе, і ўвойдзе, і выйдзе, і пашу знойдзе.
Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку.
Злодзей прыходзіць, каб толькі ўкрасьці, забіць і загубіць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.
Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак.
Я — Пастыр добры. Добры пастыр аддае душу́ сваю за авечак,
Найміт і не пастыр, якому не належаць авечкі, калі бачыць, што прыходзіць воўк, кідае авечак і ўцякае, а воўк хапае і разганяе іх.
а найміт, які ня пастыр, для якога авечкі не свае, бачыць, што прыходзіць воўк, і пакідае авечак, і ўцякае, і воўк хапа́е іх, і разганяе авечак.
Уцякае, бо ён найміт і не клапоціцца пра авечак.
Найміт жа ўцякае, бо ён найміт і ня рупіцца пра авечкі.
Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне,
Я — Пастыр добры і ведаю, хто мае, і мае ведаюць Мяне.
як Мяне ведае Айцец і Я ведаю Айца. Я жыццё сваё аддаю за авечак.
Як Айцец ведае Мяне, і Я ведаю Айца, і душу́ Маю́ аддаю за авечак.
Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр.
Ма́ю Я і іншых авечак, якія ня з гэтага двара, і іх Я мушу прывесьці. І яны пачуюць голас Мой, і станецца адзін статак і адзін Пастыр.
За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыццё сваё, каб узяць яго зноў.
За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю душу́ Маю́, каб ізноў узяць яе.
Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго».
Ніхто не забірае яе ў Мяне, але Я Сам аддаю яе. Ма́ю ўладу аддаць яе і ма́ю ўладу ізноў узяць яе. Гэтае прыказаньне атрымаў Я ад Айца Майго».
Праз гэтыя словы сярод юдэяў зноў адбыўся падзел.
Тады ізноў стаўся падзел між Юдэямі дзеля гэтых словаў.
Многія з іх казалі: «Ён апанаваны злым духам і вар’яцее! Нашто Яго слухаеце?»
Многія з іх казалі: «Ён мае дэмана і вар’яцее; што вы слухаеце Яго?»
Іншыя казалі: «Гэта не словы апанаванага злым духам! Хіба можа злы дух адкрываць вочы сляпым?»
Другія казалі: «Гэта словы не апанаванага дэманам. Ці ж можа дэман адчыня́ць вочы сьляпым?»
Настала тады ў Ерузалеме свята Пасвячэння святыні. Была зіма,
І сталася ў Ерусаліме сьвята Абнаўленьня, і была зіма.
і Езус хадзіў у святыні па портыку Саламона.
І хадзіў Ісус у сьвятыні ў прысенку Салямонавым.
Абступілі Яго юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасці? Калі Ты Месія, скажы нам адкрыта!»
Тады абступілі Яго Юдэі і сказалі Яму: «Дакуль будзеш трымаць душу́ нашу? Калі Ты — Хрыстос, скажы нам адкрыта».
Езус адказаў ім: «Я сказаў вам, і вы не верыце. Справы, якія Я чыню ў імя Айца Майго, сведчаць пра Мяне.
Адказаў ім Ісус: «Я казаў вам, і ня верыце; справы, якія Я раблю ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне.
Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак.
Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам.
Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.
Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною.
Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, ніхто не вырве іх з рукі Маёй.
І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць на вякі, і ніхто ня выхапіць іх з рукі Маёй.
Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца.
Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто ня можа выхапіць іх з рукі Айца Майго.
Я і Айцец — адно».
Я і Айцец — адно».
Юдэі зноў узялі камяні, каб каменаваць Езуса.
Тады ізноў Юдэі ўзялі камяні, каб укаменаваць Яго.
Але Езус сказаў ім: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца. За які з гэтых учынкаў хочаце каменаваць Мяне?»
Адказаў ім Ісус: «Шмат добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго. За які з іх хочаце Мяне ўкаменаваць?»
Юдэі адказалі Яму: «Не за добры ўчынак хочам каменаваць Цябе, а за блюзнерства і за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам».
Юдэі адказалі Яму, кажучы: «Не за добры ўчынак хочам укаменаваць Цябе, але за блюзьне́рства, і што Ты, будучы чалавекам, робіш Сябе Богам».
Езус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: Вы багі”?
Ісус адказаў ім: «Ці не напісана ў Законе вашым: “Я сказаў: 'Вы — богі'”?
Калі тыя, да каго было скіравана слова Божае, названы багамі, а Пісання нельга адхіліць,
Калі Ён назваў багамі тых, да якіх было слова Божае, і ня можа быць парушана Пісаньне,
то чаму ж вы гаворыце таму, каго Айцец асвяціў і паслаў у свет: “Блюзнерыш”, бо сказаў: “Я — Сын Божы?”
як Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце: “Блю́зьніш”, таму што сказаў: “Я — Сын Божы”?
Калі Я не раблю справы Айца Майго, не верце Мне.
Калі Я не раблю ўчынкаў Айца Майго, ня верце Мне.
Аднак калі раблю, і не верыце Мне, паверце справам Маім, каб пазналі і ведалі, што Айцец ува Мне, а Я ў Ім».
Калі ж раблю, калі Мне ня верыце, дык верце ўчынкам Маім, каб спазналі і паверылі, што Айцец у-ва Мне, і Я ў Ім».
Тады яны зноў намагаліся схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рукі іхняй.
Тады ізноў шукалі схапіць Яго, але Ён выйшаў з рук іхніх
І пайшоў зноў за Ярдан, на месца, дзе спачатку хрысціў Ян, і застаўся там.
і пайшоў ізноў за Ярдан, у тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.
Многія прыйшлі да Яго і казалі: «Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што Ян казаў пра Яго, было праўдай».
І многія прыйшлі да Яго, і казалі, што Ян не ўчыніў ніводнага знаку, але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, было праўдзівым.
І шмат хто паверыў там у Яго.
І многія там паверылі ў Яго.