Яна 2 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там.
 
На трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і маці Ісуса была там.

Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя.
 
Быў таксама запрошаны і Ісус, і вучні Ягоныя на вясельле.

Калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна».
 
І, як не хапіла віна, маці Ісуса кажа Яму: «Віна ня маюць».

Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая».
 
Кажа ёй Ісус: «Што Мне і табе, жанчына? Гадзіна Мая яшчэ не прыйшла».

Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».
 
Гаворыць маці Ягоная слугам: «Што Ён вам скажа, зрабіце».

Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры.
 
Было ж там шэсьць каменных глякоў, якія стаялі дзеля ачышчэньня юдэйскага і зьмяшчалі дзьве ці тры меры.

Сказаў ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж даверху.
 
Кажа ім Ісус: «Напоўніце вадою глякі». І напоўнілі іх да верху.

І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля». І яны занеслі.
 
І кажа ім: «Чэрпайце цяпер і нясіце да маршалка». І занесьлі.

Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў вады, што стала віном (а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду), паклікаў жаніха
 
Калі ж маршалак пакаштаваў вады, якая сталася віном, — а ён ня ведаў, адкуль яно, слу́гі ж, якія налівалі ваду, ведалі, — кліча жаніха

і сказаў яму: «Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль».
 
і кажа яму: «Кожны чалавек перш падае добрае віно, а як нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль».

Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.
 
Так зрабіў Ісус у Кане Галілейскай пачатак знакам і выявіў славу Сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.

Пасля гэтага прыйшоў у Кафарнаум, Ён і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.
 
Пасьля гэтага прыйшоў Ён у Капэрнаум, Сам і маці Ягоная, і браты Ягоныя, і вучні Ягоныя, і заставаліся там некалькі дзён.

Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус увайшоў у Ерузалем.
 
І была блізка Пасха юдэйская, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім.

У святыні знайшоў тых, хто гандляваў валамі, авечкамі і галубамі, а таксама мянялаў, якія сядзелі там.
 
І знайшоў у сьвятыні тых, што прадавалі валоў, авечак і галубоў, і мянялаў, якія там сядзелі.

Ён зрабіў біч з вяровак, павыганяў усіх са святыні, і авечак, і валоў, і грошы мянялаў парассыпаў, а сталы перавярнуў.
 
І, зрабіўшы біч з вяровак, Ён выгнаў са сьвятыні ўсіх, а таксама авечак і валоў, і грошы мянялам рассы́паў, і сталы іх абярнуў;

А гандлярам галубамі сказаў: «Забярыце гэта адсюль! Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю».
 
і сказаў тым, што прадавалі галубоў: «Забярыце гэта адсюль і не рабіце дом Айца Майго домам гандлю».

І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасць аб доме Тваім паглынае Мяне».
 
І ўзгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасьць пра дом Твой зьядае Мяне».

На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: «Якім знакам пакажаш нам, што так можаш рабіць?»
 
Адказалі тады Юдэі і сказалі Яму: «Які знак пакажаш нам, што гэтак робіш?»

Езус сказаў ім у адказ: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе».
 
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Зруйнуйце гэтую бажні́цу, і Я ў тры дні адбудую яе».

Юдэі сказалі: «Сорак шэсць гадоў будавалася гэтая святыня, а Ты за тры дні ўзвядзеш яе?»
 
Сказалі тады Юдэі: «Сорак шэсьць гадоў будавалася бажні́ца гэтая, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?»

Ён жа казаў пра святыню свайго цела.
 
А Ён гаварыў пра бажні́цу цела Свайго.

І калі Ён уваскрос, успомнілі вучні Ягоныя, што Ён гэта казаў, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.
 
Калі ж Ён уваскрос з мёртвых, узгадалі вучні Ягоныя, што Ён казаў гэтае, і паверылі Пісаньню і словам, якія сказаў Ісус.

А калі Ён быў у Ерузалеме на свята Пасхі, многія паверылі ў імя Ягонае, бачачы знакі, якія Ён чыніў.
 
Калі ж Ён быў у Ерусаліме на Пасху ў сьвяты, многія паверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія Ён чыні́ў.

Але сам Езус не адкрываўся ім; Ён ведаў усіх
 
Але Сам Ісус не даверыўся ім, бо ведаў усіх

і не меў патрэбы, каб хто-небудзь сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.
 
і ня меў патрэбы, каб хто сьведчыў пра чалавека, бо Ён ведаў, што было ў чалавеку.