Да Габрэяў 11 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003
Вера — гэта зарука таго, на што мы спадзяёмся, і доказ таго, чаго мы не бачым.
Вера — гэта зарука чаканага і пэўнасць у рэчах, якіх не бачым.
Праз яе продкі атрымалі сведчанне.
Дзякуючы ёй продкі атрымалі сведчанне.
Праз веру мы разумеем, што вякі былі ўладкаваныя словам Божым, так што з нябачнага ўзнікла бачнае.
Праз веру пазнаём, што словам Божым наладжаны вякі і што з нябачных паўсталі рэчы, якія мы бачым.
Вераю Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін. Дзякуючы ёй ён атрымаў сведчанне сваёй справядлівасці, таму што Бог засведчыў пра дары ягоныя, і дзякуючы ёй ён прамаўляе нават пасля смерці.
Праз веру Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сведчанне, што ён справядлівы. Бо Бог засведчыў пра яго дары, і праз яе нават памёршы гаворыць.
Вераю Энох быў перанесены, каб не бачыць смерці, і не знайшлі яго, таму што Бог перанёс яго. Бо перад перанясеннем было засведчана яму, што ён спадабаўся Богу.
Праз веру Гэнох перанесены быў, каб не бачыў смерці, і не знайшлі яго, бо забраў яго Бог; бо перад перанясеннем атрымаў сведчанне, што ён мілы Богу.
А без веры немагчыма спадабацца, бо той, хто падыходзіць да Бога, павінен верыць, што Ён існуе і дае ўзнагароду тым, хто Яго шукае.
А без веры немагчыма падабацца. Бо трэба верыць, шукаючы Бога, што Ён ёсць і шукаючым Яго дае ўзнагароду.
Вераю Ной атрымаў перасцярогу наконт таго, што яшчэ не было бачным, і ў Божай боязі пабудаваў каўчэг, каб уратаваць свой дом. Праз веру ён асудзіў свет і стаў спадкаемцам справядлівасці паводле веры.
Праз веру атрымаў Ной аб’яўленне аб тым, што яшчэ было нябачным, і з боязі пабудаваў арку на выратаванне сям’і сваёй. Праз яе асудзіў ён свет і стаўся нашчадкам справядлівасці, якая паводле веры.
Дзякуючы веры пакліканы Абрагам паслухаўся і пайшоў у месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну. Ён выйшаў, не ведаючы, куды ідзе.
Праз веру пакліканы Абрагам паслухаўся пайсці ў месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не ведаючы, куды ідзе.
Дзякуючы веры ён пасяліўся на абяцанай зямлі, як на чужыне, жывучы ў шатрах з Ісаакам і Якубам, сунаследнікамі таго самага абяцання.
Праз веру асеў ён у зямлі абяцанай, як у чужой, у палатках пражываючы з Ізаакам і Якубам, са спадкаемцамі таго ж самага абяцання.
Бо ён чакаў горада, закладзенага на моцным падмурку, дойлідам і будаўніком якога ёсць Бог.
Бо спадзяваўся на горад, які мае моцныя падмуркі, будаўнічы якога і творца — Бог.
Дзякуючы веры і бясплодная Сара, насуперак старому ўзросту, атрымала сілу, каб зачаць патомства, паколькі лічыла годным даверу таго, хто даў абяцанне.
Праз веру тая самая Сара, бясплодная, нягледзячы на ўзрост, атрымала моц на пачацце нашчадка, бо паверыла, што верны Той, Які даў абяцанне.
Таму ад аднаго чалавека, і гэта ад амярцвелага, нарадзілася так шмат, якзорак нябесных і незлічоных пясчынак на беразе мора.
Дзеля таго і ад аднаго, прытым амярцвелага, нарадзілася шмат, як зорак на небе і як пяску незлічонага на беразе мора.
Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцанняў, але ўбачыўшы іх здалёк і прывітаўшы, прызналі, што яны самі вандроўнікі і чужынцы на зямлі.
Усе тыя памерлі ў веры, не атрымаўшы таго, што ім было абяцана, толькі здалёк аглядаючы яго, вітаючы і вызнаючы, што на зямлі яны толькі вандроўнікі і госці.
Бо тыя, хто так кажа, паказваюць, што яны шукаюць айчыну.
Бо якія так кажуць, паказваюць, што шукаюць бацькаўшчыны.
Калі б яны памяталі аб той, з якой выйшлі, то мелі б нагоду вярнуцца.
Калі ж бы тую ўспаміналі, з якой выйшлі, знайшлі б час у яе вярнуцца.
Цяпер жа яны імкнуцца да лепшай, гэта значыць, да нябеснай айчыны. Таму Бог не саромеецца, што яны называюць Яго сваім Богам, бо Ён падрыхтаваў ім горад.
Але яны тужаць па лепшай, гэта значыць па нябеснай. Вось таму Бог не саромеецца называць Сябе іх Богам, бо падрыхтаваў ім горад.
Праз веру Абрагам, калі Бог выпрабоўваў яго, ахвяраваў Ісаака. Той, хто атрымаў абяцанне, прынёс нават адзінароднага сына,
Праз веру ахвяраваў Абрагам Ізаака, калі выпрабоўваўся, і адзінага сына склаў у ахвяру той, які атрымаў абяцанне,
пра якога сказана: «У Ісааку назавецца патомства тваё».
і яму было сказана: «Ад Ізаака будзе названа тваё патомства».
Ён лічыў, што Бог мае моц уваскрасіць, таму і атрымаў яго як правобраз.
Верыў жа ён, што і мёртвага можа Бог уваскрэсіць; таму і атрымаў яго як знак.
Праз веру ў будучыя рэчы Ісаак благаславіў Якуба і Эзава.
Праз веру ў будучыню дабраславіў Ізаак Якуба і Эзава.
Праз веру Якуб, паміраючы, благаславіў кожнага з сыноў Юзафа і пакланіўся перад верхам яго кія.
Праз веру Якуб, паміраючы, дабраславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся перад верхам кія свайго.
Праз веру Юзаф, паміраючы, успомніў аб выйсці сыноў Ізраэля і даў даручэнне адносна сваіх касцей.
Праз веру Язэп, паміраючы, успомніў аб выхадзе сыноў Ізраэля і даў даручэнне адносна сваіх касцей.
Праз веру бацькі Майсея ўкрывалі яго на працягу трох месяцаў пасля нараджэння, бо бачылі прыгажосць дзіцяці і не спалохаліся загаду фараона.
Праз веру Майсей быў укрываны бацькамі сваімі на працягу трох месяцаў ад свайго нараджэння, бо бачылі, што прыгожае ёсць дзіцятка, і не спалохаліся загаду фараона.
Праз веру Майсей, калі вырас, не захацеў звацца сынам дачкі фараона.
Вырасшы, Майсей праз веру адмовіўся называцца сынам дачкі фараона,
Больш жадаў пакутаваць разам з Божым народам, чым мець часовую грахоўную прыемнасць.
лепш выбіраючы быць пераследаваным разам з народам Божым, чым мець часовую прыемнасць граху.
Большым багаццем за скарбы Егіпта лічыў знявагі Хрыстовыя, бо памятаў аб узнагародзе.
Бо лічыў за большае багацце знявагі Хрыстовы, чым скарбы Егіпецкія, бо памятаў аб узнагародзе.
Праз веру пакінуў Егіпет, не спалохаўшыся гневу фараона. Вытрываў, як быццам бачыў Нябачнага.
Праз веру пакінуў ён Егіпет, не збаяўшыся злосці царскай; вытрываў, як быццам бачачы Нябачнага.
Праз веру здзейсніў Пасху і акрапленне крывёю, каб не прычыніў ім зло той, хто забіваў першароднае.
Праз веру справіў Пасху і апырскванне крывёй, каб не крануў іх той, які пазабіваў першароднае.
Праз веру яны перайшлі праз Чырвонае мора быццам па сухой зямлі, а калі спрабавалі так зрабіць егіпцяне, патанулі.
Праз веру перайшлі яны Чырвонае мора, як быццам па сухой зямлі; калі ж спрабавалі гэта зрабіць Егіпцяне, патапіліся.
Праз веру ўпалі муры Ерыхона, калі абыходзілі іх вакол сем дзён.
Праз веру паразвальваліся муры Ерыхона, калі абыходзілі іх вакол сем дзён.
Праз веру чужаложніца Рахаб не загінула разам з тымі, хто быў непаслухмяны, бо гасцінна прыняла выведнікаў.
Праз веру блудніца Рагаб не прапала разам з няверуючымі, бо з мірам прыняла выведчыкаў.
Што яшчэ сказаць? Бо не хопіць мне часу, каб расказаць пра Гедэона, Барака, Самсона і Ефтая, пра Давіда, Самуэля і прарокаў,
Ды што яшчэ маю сказаць? Не хапіла б часу расказваць пра Гедэона, Барака, Самсона, Ёфтэ, Давіда, Самуэля і прарокаў,
якія вераю перамагалі валадарствы, здзяйснялі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам,
якія вераю перамагалі царствы, аказвалі справядлівасць, атрымлівалі абяцанні, закрывалі пашчы львам,
гасілі моцны агонь, пазбягалі вастрыя мяча, трывалі, нягледзячы на слабасць, станавіліся моцнымі на вайне, праганялі войскі чужынцаў.
тушылі полымя агню, усцерагаліся смерці ад мяча, ачуньвалі ад немачы, былі стойкімі ў баях, змушаючы ўцякаць дружыны ворагаў;
Жанчыны атрымлівалі сваіх памерлых праз уваскрашэнне. Іншыя, адмовіўшыся ад вызвалення, былі закатаваныя, каб атрымаць лепшае ўваскрашэнне.
жонкі атрымлівалі сваіх памёршых уваскросшымі. Іншыя былі замучаны, не прыняўшы вызвалення, каб атрымаць лепшае ўваскрэсенне;
Яшчэ іншыя спазналі кпіны і бічаванне, а таксама кайданы і вязніцу.
іншыя ж нацярпеліся здзекаў і біцця ды яшчэ кайданоў ды астрогу,
Іх каменавалі, пілавалі, забівалі мячом. Яны туляліся ў авечых і казліных скурах, церпячы нястачу, уціск і знявагу.
каменавалі іх і секлі, гінулі яны ад мяча, туляліся ў авечых і казліных шкурах, жылі ў горы, нястачах і прыгнёце.
Яны, якіх свет не быў варты, блукалі па пустынях і гарах, па пячорах і цяснінах зямлі.
Не варты быў іх свет, а блукаліся па пустынях, па гарах, у пячорах і шчылінах зямлі.
І ўсе яны, хоць і былі прызнаныя дзякуючы веры, не атрымалі абяцанага,
І ўсе гэтыя, атрымаўшы сведчанне праз веру, не атрымалі абяцанага,
таму што Бог прадугледзеў для нас нешта лепшае, каб яны без нас не сталі дасканалымі.
дзеля таго, што Бог прадбачыў для нас нешта лепшае, каб яны не без нас дасягнулі дасканаласці.