Да Рымлянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

У чым жа перавага юдэяў, ці якая карысць ад абразання?
 
Дык якая перавага іудзея, ці якая карысць ад абразання?

Вялікая ва ўсіх адносінах. Перадусім у тым, што ім давераны словы Бога.
 
Вялікая ва ўсіх адносінах. Перш за ўсё ў тым, што ім былі даручаны словы Божыя.

Бо калі некаторыя і сталіся нявернымі, то ці іхняе нявер’е знішчыць Божую вернасць?
 
Бо што? Калі некаторыя не ўверавалі, хіба іх нявер’е знішчыць веру Божую?

Канешне, не! Бог праўдзівы, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: «Каб ты апраўдаўся ў словах Тваіх і перамог, калі будзеш асуджаны».
 
Зусім не2. Бог жа праўдзівы, а кожны чалавек ілгун, як напісана: «Праведны ў Тваіх словах і пераможаш у Тваім судзе».

Калі ж нашая несправядлівасць адкрывае Божую справядлівасць, дык што скажам? Ці ж Бог, — кажучы па-чалавечы, — несправядлівы, калі гневаецца?
 
Калі ж наша няправеднасць паказвае праведнасць Божую, што скажам? Няўжо няправедны Бог, што наводзіць гнеў? Я кажу па-чалавечы.

Канешне, не! Бо як жа можа Бог асудзіць свет?
 
Зусім не. Бо як Бог будзе судзіць свет?

Калі ж праўда Бога праз мой падман узрастае на Яго славу, за што ж яшчэ мяне судзяць, як грэшніка?
 
А калі маёю маною праўда Божая ўзвышаецца для Яго славы, за што яшчэ я асуджаюся як грэшнік?

І ці не рабіць нам дрэннае, каб вышла дабро, як некаторыя абгаворваюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Такіх чакае справядлівы прысуд.
 
І хіба не зневажаюць нас, і як некаторыя сцвярджаюць, што мы кажам: «Давайце рабіць зло, каб выйшла дабро». Суд над такімі справядлівы.

Дык што ж? Ці маем перавагу? Зусім не, бо мы ўжо сцвердзілі, што і юдэі, і грэкі — усе пад грахом,
 
Дык што? Ці маем мы перавагу? Ніколькі. Бо мы ўжо высветлілі раней, што і іудзеі, і эліны — усе пад грахом,

як напісана: «Няма ніводнага справядлівага,
 
як напісана: «Няма ніводнага праведнага,

няма разумнага, няма таго, хто шукаў бы Бога.
 
няма нікога, хто разумее, няма нікога, хто шукае Бога.

Усе заблукалі, усе разам сталі нягоднымі; няма таго, хто рабіў бы дабро, няма ніводнага.
 
Усе збіліся з дарогі, усе разам зрабіліся нягодныя; няма нікога, хто робіць дабро, няма ніводнага.

Горла іх — адчыненая магіла. Языкамі сваімі гавораць падступна. Яд змяіны на іхніх вуснах;
 
Горла іх — раскрытая магіла, сваімі языкамі яны ашуквалі, змяіны яд пад іх губамі;

поўныя праклёну і злосці іх вусны.
 
іх вусны поўныя пракляцця і гаркоты;

Іх ногі хуткія да праліцця крыві,
 
іх ногі хуткія на праліццё крыві;

знішчэнне і мучэнне на шляхах іхніх;
 
руйнаванне і няшчасце на іх дарогах,

яны не пазналі дарогі спакою.
 
а дарогі міру яны не пазналі.

Няма Божай боязі перад іх вачыма».
 
Няма страху Божага перад іх вачыма».

Мы ж ведаем, што тое, што кажа Закон, адносіцца да тых, хто пад Законам, каб кожныя вусны былі закрытыя і каб увесь свет прызнаў віну перад Богам,
 
Але мы ведаем, што ўсё, што гаворыць закон, ён гаворыць да тых, хто пад законам, каб усе вусны змоўклі і ўвесь свет стаў падсудны Богу;

бо справамі Закону не апраўдаецца перад Ім ніякае цела, таму што праз Закон пазнаецца грэх.
 
бо са справаў закона не будзе апраўданы перад Ім ніякае цела: бо праз закон пазнаецца грэх.

Цяпер незалежна ад Закону выявілася Божая справядлівасць, пра якую сведчаць Закон і Прарокі.
 
Але цяпер, незалежна ад закона, з’явілася праведнасць Божая, пра якую сведчаць закон і прарокі;

Справядлівасць Божая ўдзяляецца праз веру ў Езуса Хрыста ўсім веруючым без розніцы.
 
а праведнасць Божая праз веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх [і на ўсіх] вернікаў. Бо няма розніцы,

Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены Божай славы,
 
бо ўсе саграшылі і пазбаўлены3 славы Божай,

але атрымліваюць апраўданне дарма, паводле Ягонай ласкі, праз адкупленне ў Езусе Хрысце.
 
і апраўдваюцца дарма Яго ласкай праз выкуп, што ў Ісусе Хрысце;

Яго ўстанавіў Бог як уміласціўленне ў Ягонай крыві праз веру, каб паказаць сваю справядлівасць у адпушчэнні грахоў, учыненых раней,
 
Якога Бог паставіў у ахвяру прымірэння ў Яго крыві праз веру, каб выявіць Сваю праведнасць праз дараванне раней учыненых грахоў,

у час цярплівасці Божай, каб выявіць сваю справядлівасць ў цяперашні час, бо Ён справядлівы і апраўдвае таго, хто верыць у Езуса.
 
у цярплівасці Божай: для доказу Сваёй праведнасці ў цяперашні час, каб быць Яму праведнымі апраўдваць таго, хто веруе ў Ісуса.

Дык дзе ж пахвальба? Адкінута. Якім законам? Учынкаў? Не, але законам веры.
 
Дык дзе ж пахвальба? Яна была выключана. Праз які закон? Закон учынкаў? Не, праз закон веры.

Бо мы лічым, што чалавек апраўдваецца праз веру незалежна ад учынкаў Закону.
 
Бо мы лічым, што чалавек апраўдваецца вераю, незалежна ад учынкаў закона.

Ці ж Бог ёсць толькі юдэяў, а язычнікаў не? Так, і язычнікаў,
 
Хіба Ён Бог іудзеяў толькі? Ці не Ён і Бог язычнікаў? Так, і язычнікаў,

таму што адзін ёсць Бог, які апраўдвае абрэзанага з веры і неабрэзанага праз веру.
 
бо сапраўды адзіны Бог, Які апраўдвае абрэзаных з веры і неабрэзаных праз веру.

Дык ці Закон лічым непатрэбным з прычыны веры? Канешне, не! Наадварот, умацоўваем Закон.
 
Дык мы адмяняем закон праз веру? Зусім не, але мы закон сцвярджаем.