Марка 2 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Праз некалькі дзён Езус зноў прыйшоў у Кафарнаум, і разышлася вестка, што Ён у доме.
Праз колькі дзён Ён ізноў прыйшоў у Капэрнаум; і стала ведамым, што Ён у доме.
Адразу сабралася столькі народу, што ўжо не было месца каля дзвярэй. І Ён прамаўляў да іх.
Хутка зыйшлося столькі народу, што ўжо ня было месца й каля дзьвярэй, і прамаўляў ім слова.
Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі паралізаванага.
I прыйшлі да Яго, нясучы спараліжаванага ўчатырох.
Не змогшы прынесці яго да Езуса праз натоўп, разабралі страху, дзе Ён быў, і праз адтуліну спусцілі насілкі, на якіх ляжаў паралізаваны.
Калі-ж не маглі данясьці яго да Ісуса з-за народу, яны раскрылі страху над месцам, дзе Ён быў і, зрабіўшы атворыну, спусьцілі пасьцель, на якой ляжаў спараліжаваны.
Убачыўшы іх веру, Езус сказаў паралізаванаму: «Сыне, адпускаюцца твае грахі».
Ісус, бачачы веру іхную, кажа спараліжаванаму: «Сыне, адпускаюцца табе грахі твае».
Там жа сядзелі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў і, седзячы, размысьлялі ў сэрцах сваіх.
«Чаму Ён так кажа? Ён блюзнерыць! Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?»
Што гэта Ён так блюзьнерыць? Хто можа адпускаць грахі, апрача самога Бога?
Езус, адразу пазнаўшы духам сваім, што яны так разважаюць, сказаў ім: «Чаму так разважаеце ў сэрцах вашых?
Ісус, адразу спасьцярогшы Духам Сваім, што яны гэтак думаюць, сказаў ім: «Нашто гэтак памысьляеце ў сэрцах вашых?
Што лягчэй? Сказаць паралізаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі?”
Што лягчэй сказаць спараліжаванаму: адпускаюцца табе грахі твае, ці сказаць: устань, вазьмі пасьцель сваю й хадзі?
Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму:
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, кажа спараліжаванаму:
«Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго».
Кажу табе, устань, вазьмі пасьцель тваю ды йдзі ў дом твой».
Той адразу ж устаў і, узяўшы насілкі, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Ніколі мы такога не бачылі!»
I той ураз устаў, узяў пасьцель сваю й выйшаў прад усімі; усе-ж дзівіліся, славячы Бога, і гаварылі: «Ніколі нічога такога мы ня бачылі».
Езус зноў выйшаў да мора. Усе людзі прыходзілі да Яго, а Ён навучаў іх.
Ісус-жа выйшаў да мора, і ўвесь народ пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.
Праходзячы, Ён убачыў Левія, сына Алфея, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім.
А, праходзячы, убачыў Левія Алфеевага, які сядзеў пры падатковай зборніцы, і кажа яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў сьледам за Ім.
Калі Езус быў за сталом у доме ягоным, шмат мытнікаў і грэшнікаў было разам з Ім і вучнямі Ягонымі, бо шмат было тых, хто ішоў за Ім.
І вось, калі Ісус сядзеў за сталом у доме ягоным, разам зь Ім сядзелі й вучні Ягоныя й шмат мытнікаў і грэшнікаў, бо многа іх было, і яны хадзілі разам зь Ім.
Кніжнікі з ліку фарысеяў, убачыўшы, што Ён есць з грэшнікамі і мытнікамі, казалі вучням Ягоным: «Чаму Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі?»
Кніжнікі-ж і фарысеі, убачыўшы, што спажывае яду разам з мытнікамі й грэшнікамі, гаварылі вучням Ягоным: «Як гэта Ён есьць і п’е з мытнікамі й грэшнікамі?»
Пачуўшы гэта, Езус сказаў ім: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым; Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў».
Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя; і Я прыйшоў паклікаць ня праведнікаў, але грэшнікаў да пакаяньня».
Вучні Янавы і фарысеі пасцілі. Яны прыйшлі і сказалі Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысеяў посцяць, а Твае вучні не посцяць?»
Тады вучні Янавы й фарысейскія пасьцілі, і вось падыходзяць і кажуць Яму: «Чаму вучні Янавы й фарысейскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?»
Езус адказаў ім: «Ці могуць пасціць госці на вяселлі, калі з імі жаніх? Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць.
I сказаў ім Ісус: «Ці-ж могуць пасьціць сыны бяседы вясельнае, пакуль зь імі жаніх? У часе калі жаніх зь імі, ня могуць пасьціь.
Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць у той дзень.
Але прыйдуць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць у дні тыя.
Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо новая лата адарвецца ад старога, і дзіра робіцца яшчэ горшай.
I ніхто не прыстаўляе латкі з суравога палатна да старое вопраткі, бо новая латка адарвецца ад старога, і дзірка зробіцца яшчэ большая.
І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш віно парве мяхі, і прападуць віно і мяхі. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі».
I ніхто ня ўлівае сьвежага віна ў старыя мяхі, бо інакш, сьвежае віно прарве старыя мяхі, і віно выцеча, і мяхі зглумяцца, але сьвежае віно трэба наліваць у мяхі новыя».
Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы.
I было-ж, калі праходзіў Ён у сыботу праз поле, між збожжа, і вучні Ягоныя, праходзячы пачалі зрываць калосьсе.
Тады сказалі Яму фарысеі: «Глядзі, чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?»
I сказалі Яму фарысеі: «Глядзі, што яны робяць у сыботу, чаго не павінны рабіць». Ён-жа сказаў ім:
Ён адказаў ім: «Вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў з ім?
«Няўжо вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу, згаладаў сам і ўсе, што зь ім былі?
Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?»
Калі ўвайшоў ён у дом Божы пры архісьвятару Авіяфару й еў хлеб ахвярны, які не належала есьці нікому, апрача ярэяў, і даў тым, якія былі зь ім».
І сказаў ім: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату.
I кажа ім: «Сыбота для чалавека, а не чалавек для сыботы.
Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату».
А таму, Сын Чалавечы — гаспадар і сыботы».