Марка 9 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

І сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Божага Валадарства, якое прыйдзе ў магуцці».
 
I сказаў ім: «Запраўды, гавару вам, ёсьць некаторыя з прысутных тут, што не зазнаюць сьмерці, як ужо ўбачаць Уладарства Божае, яўленае ў сіле».

Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару, і перамяніўся перад імі.
 
Па шасьцёх днёх узяў Ісус Пятра, Якуба і Яна ды узьвёў на гару высокую асобна іх адных, і перамяніўся перад імі.

Адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць.
 
Вопратка Яго стала зіхатлівай, белай, як сьнег, як на зямлі бялільнік ня можа выбелець.

І з’явіўся ім Ілля з Майсеем, і размаўлялі з Езусам.
 
I зьявіуся ім Ільля з Майсеем, і размаўлялі зь Ісусам.

Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі».
 
Тады азваўся Пётра й сказаў Ісусу: «Вучыцель! Добра нам тут быць; зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну й адну Ільлі».

Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся.
 
Гаварыў, ня ведаючы, што сказаць, бо былі яны перастрашаныя.

І з’явілася воблака, якое закрыла іх, а з воблака пачуўся голас: «Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце».
 
I спусьцілася хмара, ахінаючы іх; і пачуўся голас з-за хмары: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце».

Адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, толькі аднаго Езуса.
 
I раптам, азірнуўшыся навокал, нікога больш з сабою ня ўбачылі, апрача Ісуса й сябе самых.

Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім нікому не казаць, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне.
 
Калі-ж зыходзілі яны з гары, Ён загадаў ім нікому не расказваць пра бачанае тут, пакуль Сын Чалавечы не уваскрэсьне зь мёртвых.

Яны захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».
 
І яны ўспрынялі ў сябе гэтае слова й разважалі між сабою, пытаючы адзін аднаго, што азначае — уваскроснуць зь мёртвых.

І пыталіся ў Яго, кажучы: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?»
 
I спыталіся ў Яго, кажучы: «Як-жа кніжнікі гавораць, што перш належыць прыйсьці Ільлі».

Ён сказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе першым і адновіць усё; як і напісана пра Сына Чалавечага, што будзе Ён шмат цярпець і будзе прыніжаны.
 
Ён-жа ў адказ сказаў ім: «Так, Ільлі належыць прыйсьці перш і прыгатаваць усё; і Сыну Чалавечаму, як напісана пра Яго, належыць шмат адцярпець і быць пагарджанаму.

Але кажу вам, што Ілля прыйшоў і зрабілі з ім, што хацелі, як напісана пра яго».
 
Але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і зрабілі зь ім, як захацелі, як і напісана пра яго.»

Калі Езус прыйшоў да вучняў, Ён убачыў каля іх вялікі натоўп і кніжнікаў, якія спрачаліся з імі.
 
I, прыйшоўшы да вучняў, убачыў многа народу вакол іх і кніжнікаў, якія спрачаліся зь імі.

Адразу ўсе людзі, калі ўбачылі Яго, спалохаліся і, падбягаючы, віталі Яго.
 
I раптам увесь народ, убачыўшы Яго, зумеўся, і ў боязьні падбягалі й віталі Яго.

Ён спытаўся ў іх: «Пра што спрачаецеся з імі?»
 
Ён-жа спытаўся ў кніжнікаў: «Пра што спрачаецеся зь імі?»

Адзін з натоўпу адказаў Яму: «Настаўнік, я прывёў да Цябе свайго сына, які мае духа нематы.
 
Адзін-жа з народу, азваўшыся сказаў: «Вучыцель! Я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.

Дзе ні схопіць яго, кідае, і той пускае пену, скрыгоча зубамі і дранцвее. Я сказаў тваім вучням, каб выгналі яго, але яны не змаглі».
 
I дзе ні схопіць яго, кідае яго на зямлю, і ён пеніць і скрыгоча зубамі сваімі ды пруцянее; я гаварыў вучням Тваім, каб выгналі яго, і не змаглі.»

Адказваючы, Езус сказаў ім: «О пакаленне нявернае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне».
 
Ісус у адказ сказаў яму: «О, родзе няверны! Дакуль буду з вамі, дакуль буду цярпець вас? Прывядзеце яго да Мяне».

Тады прывялі яго да Езуса. А калі дух убачыў Яго, адразу скалануў хлопца, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
 
I прывялі яго да Ісуса; убачыўшы Яго, дух страсянуў нямога, і той упаў на зямлю й валяўся, спускаючы пену.

Езус спытаўся ў ягонага бацькі: «Як даўно гэта здараецца з ім?» Той адказаў: «З дзяцінства.
 
І спытаўся ў бацькі яго: «Колькі часу прайшло, як гэта сталася зь ім?» Той-жа адказаў: «Зь дзяцінства.

Дух часта кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго. Але калі Ты што можаш, змілуйся над намі і дапамажы нам».
 
І шмат разоў дух кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго; але калі што можаш, зьлітуйся над намі й памажы нам.»

Езус сказаў яму: «”Калі можаш!” Усё магчыма для таго, хто верыць».
 
Ісус сказаў яму: «Калі крыху можаш верыць, усё магчыма для таго, хто верыць».

Бацька хлопца адразу ўсклікнуў, кажучы: «Веру, памажы майму бязвер’ю».
 
I ўраз загаласіўшы, бацька юнака сказаў праз сьлёзы: «Веру, Госпадзе, памажы майму недаверству».

Убачыўшы, што збягаюцца людзі, Езус прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: «Нямы і глухі дух, Я загадваю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго».
 
Тады Ісус, бачачы, што зьбягаецца народ, загразіў Духу нячыстаму, кажучы яму: «Дух нямы й глухі: Я загадваю табе, выйдзі зь яго й больш не ўваходзь у яго».

І той, закрычаўшы, моцна скалануў хлопца і выйшаў. А хлопец зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: «Ён памёр!»
 
I, моцна закрычаўшы й скалануўшы яго, выйшаў; і ён стаўся, як няжывы, а многія гаварылі, памёр.

Але Езус узяў яго за руку, падняў, і ён устаў.
 
Ісус-жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

Калі Езус увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго сам-насам: «Чаму мы не змаглі выгнаць яго?»
 
I калі Ісус увайшоў у дом, вучні Ягоныя пыталіся ў Яго: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»

А Ён сказаў ім: «Такога духа нельга выгнаць нічым, як толькі малітвай».
 
I сказаў ім: «Род гэты інакш ня можа выйсьці, як толькі ад малітвы й посту».

Выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею, але Езус не хацеў, каб нехта ведаў.
 
I, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся.

Бо вучыў сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі людзей, што Яго заб’юць, і што забіты ўваскрэсне праз тры дні.
 
Бо навучаў вучняў Сваіх, гаворачы ім, што Сын Чалавечы выданы будзе ў рукі чалавечыя, і заб'юць Яго, і быўшы забітым, на трэйці дзень уваскросьне.

Але яны не разумелі гэтых словаў, а спытацца ў Яго баяліся.
 
Яны-ж не разумелі сказанага, але баяліся ў Яго спытацца.

Калі прыйшлі ў Кафарнаум і былі ў доме, спытаўся ў іх: «Пра што вы разважалі па дарозе?»
 
I прыйшлі ў Капэрнаум; а калі быў у доме, папытаўся ў іх: «Пра што вы ў дарозе разважалі між сабою?»

Яны маўчалі, бо ў дарозе разважалі паміж сабою, хто большы.
 
Яны-ж маўчалі, бо разважалі ў дарозе між сабою, хто зь іх большы.

Сеўшы, Ён паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, няхай будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх».
 
I, сеўшы, падклікаў дванаццацёх і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім і для ўсіх слугою».

Потым узяў дзіця, паставіў сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
 
I, узяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх, ды абняўшы яго, сказаў ім:

«Хто прымае адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, той не Мяне прымае, але таго, хто паслаў Мяне».
 
«Хто прыйме адно з гэткіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыйме, а хто Мяне прыйме, той не Мяне прыймае, але Таго, хто паслаў Мяне».

Ян сказаў Яму: «Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі».
 
Пры гэтым Ян, азваўшыся, сказаў: «Вучыцель, мы бачылі чалавека, які Імём Тваім выганяе злыдухаў, але ня йдзе за намі; і мы забаранілі яму, бо ён ня йдзе за намі».

А Езус сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу зласловіць на Мяне.
 
Ісус-жа сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, стварыўшы цуд Імём Маім, ня будзе зараз зласловіць.

Бо хто не супраць нас, той за нас.
 
Бо хто ня супраць вас, той за вас.

А хто напоіць вас кубкам вады дзеля таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды.
 
Хто напоіць вас чашаю вады ў Імя Маё, дзеля таго, што вы Хрыстовы, — запраўды, кажу вам, ня страціць узнагароды свае.

Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора.
 
А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, верных Мне, лепш было-б яму, каб завесілі яму жарновы камень на шыю і ўкінулі ў мора.

Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны.
 
I калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе; лепш табе калекам увайсьці ў жыцьцё, чым зь дзьвюма рукамі йсьці у геену, у агонь незгасальны.

[отсутсвует]
 
Дзе й чарвяк іх ня ўмірае й агонь не згасае.

І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену.
 
I калі нага твая спакушае цябе, адсячы яе: лепш табе увайсьці ў жыцьцё кульгаваму, чым зь дзьвюма нагамі быць укінутым у геену, у агонь незгасальны.

[отсутсвует]
 
Дзе й чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае.

І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе аднавокім увайсці ў Божае Валадарства, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену,
 
I калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго: лепш табе аднавокаму увайсьці ў Уладарства Божае, чым з двума вокамі быць укінутым у геену агнявую.

дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне.
 
Дзе чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае.

Бо кожны будзе пасолены агнём.
 
Бо кожны агнём асоліцца, і ўсякая ахвяра сольлю асоліцца.

Соль — добрая рэч, але калі соль стане несалёнай, чым прыправіце яе? Майце ў сабе соль і жывіце між сабою ў спакоі».
 
Соль — добрая рэч; але калі соль несалёнай стане, чым яе асоліш? Мейце-ж соль у сабе, і мір мейце між сабою.»