Мацьвея 19 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міхася Міцкевіча
Сказаўшы гэтыя словы, Езус пакінуў Галілею і прыбыў у межы Юдэі, на другі бок Ярдана.
І было-ж, калі кончыў Ісус гэтыя словы, тады выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія на другі бок Йордану.
Ішло за Ім вялікае мноства людзей, і Ён аздаравіў іх там.
За Ім ішло многа людзей, і ацаліў іх там.
Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, пыталіся: «Ці дазволена чалавеку з усялякай прычыны разводзіцца са сваёй жонкаю?»
І прыступілі да Яго фарысеі ды, спакушаючы Яго, гаварылі Яму: — ці вольна чалавеку з якой небудзь прычыны разводзіцца з жаною сваёю.
Ён жа, адказваючы, сказаў: «Хіба вы не чыталі, што Стварыцель спачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай?»
Ён-жа ў адказ сказаў ім: — ці вы ня чыталі, што Стварыцель напачатку стварыў іх, як мужчыну і жанчыну.
І сказаў: «Таму пакіне мужчына бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам.
І сказаў: — дзеля таго пакіне чалавек айца свайго і маці і злучыцца з жаною сваёю, і будуць двое ў адно цела.
Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае».
Гэтак, яны ўжо ня двое, але адно цела, от-жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае.
Тады яны сказалі Яму: «Чаму ж Майсей загадаў даць разводны ліст і адпусціць яе?»
Яны кажуць Яму: — як-жа Майсей запавядаў даваць разводны ліст і адпусьціць яе?
Ён адказаў ім: «Майсей праз упартасць вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было.
Ён-жа сказаў ім: — Майсей дзеля жорсткасьці сэрцаў вашых дазволіў вам пакідаць жоны вашыя, а на пачатку гэтак ня было.
А Я кажу вам: хто развядзецца з жонкаю сваёю не з прычыны распусты і ажэніцца з іншай, той чужаложыць».
Але кажу вам: хто разьвядзецца з жаною сваёю, апрача прычыны блудадзеяньня, і ажэніцца з іншаю, той блудадзейнічае, і хто ажэніцца з разьведзенай — блудадзейнічае.
Вучні Ягоныя спыталіся ў Яго: «Калі такія адносіны чалавека з жонкаю, то лепш не жаніцца».
Кажуць Яму вучні Ягоныя: — калі гэтакі абавязак у чалавека да жаны, то лепш не жаніцца.
Ён жа адказаў ім: «Не ўсе разумеюць гэтае слова, але тыя, каму дадзена.
Ён-жа сказаў ім: — ня ўсім дасяжнае разуменьне слоў гэтых, але каму дадзена.
Бо ёсць скапцы, якія нарадзіліся такімі з улоння маці; ёсць скапцы, якіх людзі спаклалі; і ёсць скапцы, якія самі зрабілі сябе скапцамі дзеля Валадарства Нябеснага. Хто можа зразумець гэта, няхай разумее».
Бо ёсьць лягчаныя, якія з улоньня маці радзіліся такімі, і ёсьць лягчаныя ад людзей, і ёсьць лягчаныя, якія самі сябе ачысьцілі дзеля Ўладарства Нябеснага; можа гэта дайходзіць, няхай успрыйме.
Тады прынеслі да Езуса дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні забаранялі ім.
Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён узлажыў на іх рукі і памаліўся; вучні-ж забаранялі ім.
Тады Езус сказаў: «Дазвольце дзецям і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае».
Але Ісус сказаў ім: — пусьцеце дзяцей і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо гэткіх ёсьць Уладарства Нябеснае.
І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.
І ўзлажыўшы на іх рукі, адыйшоў адтуль.
І вось, да Яго падышоў адзін чалавек і сказаў: «Настаўнік, што добрага зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае?»
І вось адзін нехта, падыйшоўшы, сказаў Яму: Вучыцель добры! што дабрае зрабіць мне, каб мець жыцьцё вечнае?
Ён адказаў яму: «Чаму пытаешся ў Мяне пра дабро? Адзін ёсць Добры! Калі хочаш увайсці ў жыццё, захоўвай запаведзі».
Ён-жа сказаў яму: — чаму ты завеш Мяне добрым? ніхто ня добры, апрача Аднаго — Бога; калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, трымайся запаветаў.
Той спытаўся ў Яго: «Якія?» Езус адказаў: «Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы фальшыва,
І той кажа — якіх? Ісус-жа сказаў: — не забівай, не блудадзейнічай, не крадзі, ня сьветчы фальшыва.
шануй бацьку і маці, любі бліжняга свайго, як самога сябе».
Шануй айца і маці і любі бліжняга твайго, як самога сябе.
Юнак сказаў Яму: «Усё гэта я захоўваў, чаго яшчэ нестае мне?»
Кажа Яму юнак: — усяго гэтага я трымаюся ад юнацтва майго, чаго яшчэ мне нестае?
Езус адказаў яму: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах; пасля прыходзь і ідзі за Мною».
Ісус кажа яму: — калі хочаш быць дасканалым, пайдзі, прадай маёмасьць тваю і раздай бедным і будзеш мець скарб у небе, і прыходзь ды йдзі за Мною.
Пачуўшы сказанае, юнак адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць.
І юнак, пачуўшы гэтае слова, адыйшоў у засмучэньні, бо меў вялікую маёмасьць.
А Езус сказаў сваім вучням: «Сапраўды кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсці ў Валадарства Нябеснае.
Ісус-жа сказаў вучням Сваім: — запраўды, кажу вам, цяжка ўвайсьці багатаму у Ўладарства Нябеснае.
І яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае».
І яшчэ кажу вам: — лягчэй вярблюду прайсьці праз ігольчына вушка, чым багатам ўвайсьці у Ўладарства Нябеснае.
Пачуўшы гэта, вучні вельмі здзівіліся і сказалі: «Дык хто ж можа збавіцца?»
Пачуўшы гэтае, вучні Ягоныя моцна зьдзівілся йі гаварылі: — хто-ж тады можа быць збавёны?
Езус паглядзеў і сказаў ім: «У людзей гэта немагчыма, а ў Бога ўсё магчыма».
Узглянуўшы на іх, Ісус сказаў: — у людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма.
Тады Пётр спытаў Яго: «Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою. Дык што мы атрымаем?»
Тады Пётра, адазваўшыся, сказаў Яму: — вось мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою, што-ж будзе нам?
А Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што ў новым жыцці, калі Сын Чалавечы сядзе на троне славы сваёй, таксама вы, якія пайшлі за Мною, сядзеце на дванаццаці тронах, каб судзіць дванаццаць плямёнаў Ізраэля.
Ісус-жа сказаў ім: — запраўды, кажу вам, што вы, пайшоўшы за Мною, у будучым жыцьці, калі Сын Чалавечы сядзе на пасадзе славы Сваёй, сядзеце таксама на дванаццацёх пасадах судзіць дваннаццаць родаў Ізраілевых.
І кожны, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці айцоў, ці маці, ці дзяцей, ці землі дзеля Майго імя, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае.
І кажны, хто пакінуў дом, ці братоў і сёстраў, ці айца, ці маці, ці жану, ці дзяцей, ці землі дзеля Імя Майго, — атрымае стокроць і здабудзе жыцьцё вечнае.
Але шмат першых будзе апошнімі, і апошніх — першымі.
І шмат хто з першых стануцца апошнімі, апошнія-ж першымі.