2 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Пана пашыралася і было праслаўлена, таксама як у вас,
 
Нарэшце, маліцеся, браты, за нас, каб Слова Госпада шырылася і выслаўлялася, як і ў вас,

і каб мы ўсцерагліся ад крывадушных і ліхіх людзей, бо не ўсе маюць веру.
 
і каб мы былі збаўлены ад нягодных і благіх людзей, таму што ня ва ўсіх вера.

Верны ёсць Пан, які ўмацуе вас і захавае ад ліхога.
 
Верны ж Госпад, Які ўмацуе вас і зьберажэ ад д’ябла.

Мы ўпэўнены наконт вас у Пану, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы наказваем вам.
 
Мы ж упэўнены аб вас у Госпадзе, што вы спаўняеце і будзеце спаўняць тое, што мы вам загадваем.

Хай жа Пан скіруе сэрцы вашыя да Божай любові і Хрыстовай цярплівасці.
 
Сам жа Госпад хай накіруе сэрцы вашыя да любві Бога і да цярплівасьці Хрыста.

Наказваем вам, браты, у імя Пана нашага Езуса Хрыста, каб вы асцерагаліся кожнага брата, які жыве ў бязладдзі і нязгодна з традыцыяй, якую прынялі ад нас.
 
Загадваем жа вам, браты, Імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб вы ўхіляліся ад кожнага брата, які жыве бясчынна, а ня паводля навукі, якую ён прыняў ад нас.

Вы самі ведаеце, як трэба наследаваць нас, бо мы не лайдачылі сярод вас
 
Бо самі вы ведаеце, як вам належыць насьлядоўваць нас, таму што мы сярод вас ня паступалі нягожа,

і ні ў кога не елі хлеба дарма, але цяжка і ў мазалях працавалі дзень і ноч, каб не абцяжарваць нікога з вас.
 
мы нават хлеба ня елі ні ў кога да́рма, але займаліся дзень і ноч цяжкай працай, каб нікога з вас ня абцяжарыць, —

Не таму, што мы не мелі ўлады, але каб саміх сябе даць вам як прыклад для пераймання.
 
і ня таму, што мы ня маем улады, але каб даць вам нас як узор, каб вы насьлядоўвалі нас.

Калі мы былі ў вас, то наказвалі вам: калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць.
 
Бо калі мы і былі ў вас, дык загадвалі вам гэтак: калі хто ня хоча працаваць, хай і ня есьць.

Але мы чулі, што некаторыя сярод вас жывуць у бязладдзі: нічога не робяць, але займаюцца марнымі справамі.
 
Бо чуем пра нікаторых з вас, якія паступаюць у вас нягожа, нічога ня робяць, але займаюцца бяскарыснымі справамі.

Такім загадваем і заклікаем іх у Пану Езусе Хрысце, каб яны працавалі ў спакоі і елі ўласны хлеб.
 
Гэтакім жа мы загадваем і просім Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, каб яны, моўчкі працуючы, елі свой хлеб.

Вы ж, браты, не пераставайце рабіць дабро.
 
А вы, браты, ня падайце духам, робячы дабро.

Калі хто часам не паслухае словаў паслання нашага, таго асцерагайцеся ды не сябруйце з ім, каб быў асаромлены.
 
Калі ж хто ня паслухаецца нашага слова ў гэтым Пасланьні, таго вазьміце пад заўвагу ды ня сябруйце зь ім, каб ён быў пасаромлены:

Аднак не лічыце яго ворагам, але настаўляйце як брата.
 
але ня лічыце яго за ворага, а ўшчувайце яго, як брата.

Сам Пан спакою няхай ва ўсім і ўсяляк адорвае вас спакоем. Пан з усімі вамі.
 
Сам жа Госпад Міру хай дасьць вам Мір і ва ўсім і ва ўсякім выпадку. Госпад з усімі вамі!

Уласнаручнае прывітанне маё, Паўла, што ёсць знакам у кожным пасланні. Так я пішу.
 
Прывітаньне маёй рукою, Паўлаваю, што ёсьць знакам ва ўсякім Пасланьні; я пішу гэтак:

Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з усімі вамі.
 
Багадаць Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.