Марка 15 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І ўраз нара́ніцы зрабіўшы нараду, архірэі з старшы́намі ды кніжнікамі і ўве́сь сынэдрыон, зьвязаўшы Ісуса, завялі ды аддалі Пілату.
 
І зараз нараніцы на нарадзе архісьвятароў з старэйшынамі і кніжнікамі, значыць усяго трыбунала (кангэдрына) зьвязаўшы Езуса павялі і перадалі Пілату.

І спытаўся ў Яго Пілат: Ты — Цар Юдэйскі? Ён жа адказаў яму: ты кажаш.
 
Затым спытаўся ў Яго Пілат: "Ці Ты Кароль Юдэйскі?" А Езус у адказ сказаў яму: "Так як ты кажаш".

І многа ўзводзілі на Яго архірэі.
 
І вінавацілі Яго архісьвятары ў многіх справах.

А Пілат ізноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? Глядзі, колькі сьве́дчаць проці Цябе́.
 
Дык Пілат зноў паўторна спытаўся ў Езуса: "Чаму не адказваеш? Глядзі, як у многіх справах Цябе вінавацяць?"

Але Ісус і на гэта нічога не адказаў, ажно зьдзівіўся Пілат.
 
Але Езус на гэта не адказваў, так што Пілат дзівіўся.

На ўсякае-ж сьвята звальняў ён ім аднаго із вязьняў, за якога прасілі.
 
На сьвята ён меў звычай звальняць ім аднаго з вязьняў, каго захацелі б.

Быў жа ў вязьніцы не́йкі Варавва з сваімі супольнікамі, якія ў часе бунту ўчынілі забойства.
 
Быў жа нейкі адзін імем Барабас, увязьнены разам з бунтаўнікамі, каторы ў час бунту дапусьціліся забойства.

І народ, падняўшы крык, пачаў прасіць Пілата, каб зрабіў ім, як заўсёды.
 
Вось жа сабраўся натоўп людзей і пачаў дамагацца таго, што Пілат звычайна рабіў.

Пілат жа адказаў ім, кажучы: хочаце, звольню вам Цара Юдэйскага?
 
Пілат у адказ спытаўся ў іх: "Хочаце, выпушчу вам Караля Юдэйскага?"

Бо ве́даў, што архірэі дзеля за́вісьці вы́далі Яго.
 
Бо ведаў, што Яго выдалі архісьвятары з завіднасьці.

Але архірэі падбілі народ на тое, каб звольніў ім ле́пей Варавву.
 
Але архасьвятары падбурылі народ, каб ім лепш выпусьціў Бараббу.

І Пілат, азваўшыся ізноў, сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў з Тым, каго называеце Царом Юдэйскім?
 
Дык Пілат у адказ сказаў ім паўторна: "Дык што хочаце, каб я паступіў з Каралём Юдэйскім?"

Яны ж ізноў закрычэлі: распні Яго!
 
Але яны зноў закрычалі: "Укрыжуй Яго!"

Пілат жа сказаў: што-ж благое ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацне́й крычалі: распні Яго!
 
Дык Пілат сказаў ім: "Што вам благога зрабіў Ён?" Але яны тым болей крычалі: "Укрыжуй Яго!"

Тады Пілат, хо́чучы дагадзіць народу, звольніў ім Варавву, а Ісуса аддаў, пасьля бічаваньня, расьпяць.
 
Затым Пілат патураючы народу выпусьціў Бараббу, а ўбічаванага Езуса выдаў на ўкрыжаваньне.

І жаўне́ры завялі Яго ў панадворак, што заве́цца Прэторыя, і склікалі ўсю роту.
 
А жаўнеры ўвялі Яго ў прысенак Прытор'юма, сазвалі ўсю кагорту.

І адзе́лі Яго ў пу́рпур і, сплёўшы з це́рняў вянок, узлажылі на Яго.
 
І адзелі Яго ў пурпур, а сплёўшы карону з церняў (калючніку), усклалі на Яго (на галаву Яму).

І пачалі вітаць Яго: Радуйся, Цар Юдэйскі!
 
Ды пачалі Яго вітаць (паздараўляць): "Вітай, Кароль Юдэйскі!"

І білі Яго па галаве́ трысьцінай, і плявалі на Яго, і, становячыся на кале́ні, пакланяліся Яму.
 
І трысьцінай білі Езуса па галаве, плявалі на Яго і кленчылі, пакланяліся Яму.

І, як насьмяяліся з Яго, зьнялі пу́рпур ды адзе́лі Яго ў уласную вопратку, і павялі Яго, каб расьпяць Яго.
 
А калі ўжо панаругаліся з Яго, зьнялі з Яго пурпур, ды зноў адзелі яго ў Сваё адзеньне, ды павялі Яго на ўкрыжаваньне.

І прымусілі не́йкага Сымона Кіранэйца, бацьку Аляксандра й Руфа, які йшоў з поля, каб нёс крыж Ягоны.
 
Праходзячага міма нейкага Сымона Цырэнейца, ідучага на поле, бацькі Аляксандра і Руфа — прымусілі несьці крыж Езусаў.

І прывялі Яго на Галгофу, ме́сца, якое называецца Ме́сца Чарапоў.
 
Затым прывялі Яго ў Гальготу, значыць: месца Галавы Трупа.

І давалі Яму піць віно з сьмірнаю, але Ён ня ўзяў.
 
Далі Яму выпіць віно зьмяшане з міррай, але не прыняў.

І, расьпяўшы Яго, падзялілі вопратку Ягоную, кíдаючы жэрабе, каму што ўзяць.
 
А па ўкрыжаваньні Яго падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, хто мае яго ўзяць.

Была трэцяя гадзіна, і расьпялі Яго на крыжу.
 
А была гадзіна трэцяя, калі Яго ўкрыжавалі.

І быў надпіс віны Ягонае напісаны: Цар Юдэйскі.
 
І была надпісь віны Ягонай: "Кароль Юдэйскі".

І з Ім расьпялі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога з ле́вага боку Яго.
 
Укрыжавалі таксама двух злачынцаў (лотраў): Аднаго па правай, а другога па левай Яго старане (аднаго з правага, а другога з левага боку Яго).

І збылося пісаньне, што гаварыла: і да злачы́нцаў залíчаны (Ісая 53:12).
 
Так споўнілася Пісаньне: "Быў залічаны да злачынцаў" (Із. 53:12).

І праходзячыя міма зьневажалі Яго, ківаючы галавамі сваімі ды кажучы: о, Ты, што цэрквы руйнуеш і ў тры дні адбудоўваеш!
 
Праходзячыя блявузгалі на Езуса, ківалі галовамі і наругаліся: "Во, Ты, Што разваляеш (бурыш) сьвятыню Божую ды зноў узнаўляеш у тры дні,

Спасі Сябе́ Самога і зыйдзí з крыжа!
 
ратуй Сябе Самога, сыходзячы з крыжа".

Падобна-ж і архірэі, насьмяхаючыся, гаварылі з кніжнікамі адзін да аднаго: другіх спасаў, Сябе́-ж спасьці ня можа!
 
Таксама і архісьвятары з знаўцамі Пісаньня шыдзілі з Яго, кажучы адзін аднаму: "Іншых ратаваў (спасаў), а Сам Сябе ўратаваць ня можа.

Хрыстос, Цар Ізраіляў, няхай зыйдзе цяпе́р з крыжа, каб мы бачылі ды паве́рылі! І расьпятыя разам з Ім зьневажалі Яго.
 
Хрыстус, Кароль Ізраеліцкі хай Сам цяпер сыйдзе з крыжа, каб мы відзелі і паверылі". Такжа і з Ім укрыжаваныя зьневажалі Яго.

І а шостай гадзіне настала це́мра па ўсёй зямлі ажно да дзявятае гадзіны.
 
А калі настала гадзіна шостая ўсю зямлю ахутала цемра ажно да гадзіны дзевятай.

І а дзявятай гадзіне загаласіў Ісус моцным голасам: Элоі, Элоі! ламма сабахтані! што абазначае: Божа Мой, Божа Мой! на што Ты Мяне́ пакінуў?
 
А ў дзевяць гадзін Езус закрычаў моцным голасам: "Элёі, элёі, лямам сабактані", значыць: "Божа Мой, Божа Мой, чаму Мяне пакінуў?"

І некаторыя із стаяўшых наўкола, пачуўшы, казалі: вось Ільлю кліча.
 
Дык некаторыя бліжэй стоячыя, чуючы гэта казалі: "Ён заве Гальяша".

Адзін жа, пабе́гшы й набраўшы ў губку воцату ды насадзіўшы яе́ на трысьціну, паіў Яго, кажучы: чакайце! паглядзімо, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго?
 
А адзін, прыбег, памачыў губку воцатам, усклаў яе на трысьціну і падаў Яму піць, гаворачы: "Пачакайце, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш зьняць Яго".

Ісус жа, загаласіўшы моцным голасам, скана́ў.
 
Езус жа закрычаўшы моцным голасам — аддаў Духа.

І заслона ў царкве́ разьдзе́рлася надвое ад ве́рху да нізу.
 
Затым завеса (заслона) у сьвятыні разьдзёрлася на двое з верху аж у ніз.

Сотнік жа, што стаяў насупраць Яго, угледзіўшы, што так загаласіўшы скана́ў, сказаў: запраўды́, чалаве́к гэты быў Сын Божы.
 
Сотнік, жа што стаяў напроціў, бачачы, што Езус, клічучыся сканаў, сказаў: "Сапраўды, гэты чалавек быў Сынам Божым".

Былі тут і жанчыны, што глядзе́лі здалёк; між імі была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава ме́ншага ды Есіі, і Салямэя,
 
А былі там жанчынкі з далёка паглядаючы, між імі: Мар'я Магдалена, і Марыя, Маці Якуба меншага і Юзэфа і Салёмэ.

якія і тады, як быў у Галіле́і, ішлі за Ім ды служылі Яму; і многа іншых, што прыйшлі з Ім у Ерузалім.
 
Калі Езус быў у Галілеі, хадзілі з Ім і паслугавалі Яму. Ды многа іншых, што разам з Ім прыйшлі ў Ерузалім.

І, як ужо настаў вечар, (а была параске́ва, значыць перадсуботнік),
 
А калі настаў вечар (зьвечарэла), быў жа гэта дзень Прыгатаваньня, які выпадае перад Шабатам,

прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны раднік, які й сам ждаў Царства Божага, і сьме́ла ўвайшоў да Пілата, і прасіў це́ла Ісусавага.
 
прыйшоў Язэп (Юзэф) з Арыматэі, дастойны член Рады, каторы сам чакаў прыходу Каралеўства Божага і адважна ўвайшоў да Пілата і прасіў цела Хрыстовае.

І Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр, і, клікнуўшы сотніка, спытаўся ў Яго, ці даўно памёр?
 
Але Пілат сумніваўся, ці ўжо памёр, таму паклікаў сотніка і спытаўся ў яго, ці ўжо памёр?

І, даве́даўшыся ад сотніка, аддаў це́ла Язэпу.
 
А даведаўшыся ад сотніка (аб сьмерці Езуса), аддаў цела Язэпу.

І, купіўшы сіндон ды зьняўшы Яго, абвіў сіндонам і палажыў Яго ў магілу, што была вы́сечана ў скале́, ды прываліў камень да дзьве́раў магілы.
 
Язэп (Юзэф) жа купіў палатно, зьняў цела з крыжа, улажыў у палатно ды палажыў у гроб, каторы быў высечаны ў скале. Затым завярнуў уваход каменем.

А Марыя Магдаліна і Марыя Есіява глядзе́лі, дзе́ Яго палажылі.
 
Марыя ж Магдалена і Марыя, маці Язэпа наглядалі, дзе Езуса пахавалі (палажылі).