Марка 10 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І згэтуль, устаўшы, прыходзіць у ме́жы Юдэйскія за Іорданам. і зноў зьбіраецца да Яго народ, і па звычаю свайму Ён ізноў навучаў іх.
 
Адтуль выйшаўшы Езус прыбыў у ваколіцы Юдэі і Заярданьня. І там зноў сабралася вакол Яго многа людзей, а Ён як звычайна пачаў навучаць іх.

І, падыйшоўшы, фарысэі спыталіся, спакуша́ючы Яго: ці можна мужу кінуць жонку сваю?
 
Падышоўшы фарызэі пыталіся Яго зводзячы: "Ці належыцца мужу развадзіцца з жонкаю?"

Ён жа, адка́зваючы, сказаў ім: што запаве́даў вам Майсе́й?
 
Езус у адказ сказаў ім: "А што загадаў Майсей?"

Яны-ж сказалі: Майсе́й дазволіў пісаць разводны ліст і разлучацца.
 
А яны адказалі: "Майсей пазволіў напісаць развод і разьвесьціся".

І, адка́зваючы, Ісус сказаў: дзеля жо́рсткасьці сэрца вашага напісаў ён вам гэтую за́паведзь.
 
У адказ сказаў ім Езус: "Дзеля закамянеласьці сэрца вашага даў ён вам такі загад,

Бо на пачатку тварэньня Бог стварыў іх мужчынай і жанчынай (Быцьцё 1:27).
 
але ад пачатку стварэньня: "Мужчыну і жанчыну ўчыніў іх Бог".

Дзеля гэтага пакіне чалаве́к айца свайго ды матку
 
Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці ды злучыцца з жонкаю сваёю

і прыго́рнецца да жонкі сваёй, і ў двох будуць адно це́ла, дык іх ужо ня двое, але адно це́ла (Быцьцё 2:24).
 
ды будуць двое ў адным целе (Род. 1:27; 2:24).

Вось жа, што Бог злучыў, чалаве́к няхай не разлучае.
 
Што тады Бог злучыў хай чалавек не разлучае (не разьдзяляе).

А дома вучні Яго ізноў спыталіся аб тым жа.
 
Зноў дома пра тое самае пыталіся ў Яго вучні Ягоныя.

І сказаў ім: хто пакіне жонку сваю ды ажэніцца з другою, той блудзіць з ёю;
 
Сказаў ім: "Хто разьвядзецца з жонкаю сваёй, і возьме іншую, адносна яе дапушчаецца чужаложства.

і калі жонка разлу́чыцца з мужам сваім ды вы́йдзе за другога, — блудзіць.
 
А калі б жонка пакінула мужа свайго ды пайшла б за іншага — чужаложыць.

Прыносілі да Яго дзе́так, каб Ён дакрану́ўся да іх: вучні-ж ня пускалі тых, што прыносілі.
 
Было, што прыносілі дзеткі да Яго, каб да іх дакрануўся. Але вучні ругалі (сварыліся), тых, што прыносілі.

Убачыўшы-ж гэтае, Ісус загне́ваўся ды сказаў ім: дайце дзе́ткам ісьці да Мяне́ і не забараня́йце ім, бо гэткіх ёсьць царства Божае.
 
Бачачы гэта Езус, абурыўся на іх і сказаў ім: "Пазвольце дзеткам прыходзіць да Мяне, ды не бараніце ім, бо такіх Каралеўства Божае".

Запраўды́ кажу́ вам: хто ня пры́йме царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў Яго.
 
Сапраўды кажу вам: "Калі хто ня прыме Каралеўства Божага як дзіця — ня ўвойдзе ў яго".

І, абняўшы іх, усклаў на іх рукі і багаславіў іх.
 
І туліў іх да Сябе і ўскладаў на іх рукі свае і багаславіў іх.

І, калі выходзіў у дарогу, падбе́г не́хта, упаў перад Ім на кале́ні і спытаўся ў Яго: Настаўніку добры! што мне́ рабіць, каб унасьле́даваць жыцьцё ве́чнае?
 
Калі Езус выходзіў у дарогу, адзін юнак прыбег і паўшы перад ім на калені — пытаўся ў Яго: "Вучыцелю добры, што маю рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"

Ісус жа сказаў яму: што заве́ш Мяне́ добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
 
Езус сказаў яму: "Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог".

Ведаеш за́паведзі: ня блудзí; не забіва́й: не крадзí; ня сьве́дчы крыва; ня кры́ўдзь; паважа́й бацькоў тваіх (Выхад 20:12−17).
 
Ведаеш прыказаньні: "Не чужалож, не забівай, не крадзі, не гавары фальшывага на пасьведчаньня, не рабі крыўды, паважай бацьку свайго і маці (Вых. 20:12−16).

Той жа, адка́зваючы, сказаў Яму: Настаўнік, усяго гэтага пілнаваўся я змалку дзён сваіх.
 
А ён у адказ сказаў: "Вучыцелю, я гэта ўсё спаўняў ад маленства свайго".

Ісус жа, глянуўшы на яго, упадабаў яго і сказаў яму: аднаго табе́ не хапа́е: пайдзі, усё, што ма́еш, прада́й ды раздай убогім, і будзеш мець скарб на не́бе; і прыходзь, ідзі за Мною. узяўшы крыж.
 
А Езус узглянуўшы на яго, умілаваў яго ды сказаў яму: "Аднаго табе не хапае, ідзі , прадай, што маеш і раздай убогім, і будзеш мець скарб (багацьце) у небе, а тады вярніся і ідзі за Мною.

Той жа, зьбянтэжаны гэтым словам, адыйшоўся засмучо́ны, бо ме́ў вялікую мае́масьць.
 
А ён засмучаны такой прапановай — адыйшоўся сумны, бо меў вялікія маёмасьці.

І, паглядзе́ўшы наўкола, Ісус кажа вучням Сваім: як цяжка багатым увайсьці ў царства Божае.
 
А Езус разглядаючыся вакруг сказаў сваім вучням: "Як трудна тым, што маюць багацьці, увайсьці ў Каралеўства Божае".

Вучні здуме́ліся ад слоў Яго. Але Ісус ізноў сказаў ім у адказ: дзе́ці! як цяжка ўвайсьці ў царства Божае тым, хто ўскладае надзе́ю на багацьце.
 
Вучні дзівіліся дзеля слоў Ягоных. Але Езус зноў паўтарыў ім: Сынкі, як трудна ўвайсьці ў Каралеўства Божае.

Зручне́й вярблюду прайсьці праз го́лчынае ву́ха, чымся багатаму ўвайсьці ў царства Божае.
 
Лягчэй вярблюду праціснуцца вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Каралеўства Божае".

Яны-ж бале́й зьдзівіліся ды гаварылі між сабою: Хто-ж можа спасьцíся?
 
А яны тым болей дзівіліся, гаворачы між сабою: "Ды хто можа быць збаўлены?"

Ісус, паўзіраўшыся на іх, кажа: у людзе́й гэта нёмагчы́ма, але ня ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.
 
А Езус паглядзеўшы на іх, сказаў: "У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма".

І пачаў Пётр гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою.
 
Дык Пётр пачаў гаварыць Яму: "Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой".

Ісус жа, адка́зваючы, сказаў: запраўды́ кажу́ вам: няма́ нікога, хто пакінуў бы дом, ці братоў, ці сёстраў, ці бацькоў, ці дзяце́й, ці зе́млі дзеля Мяне́ і Эва́нгельля.
 
Езус у адказ сказаў: "Сапраўды кажу вам няма ані кога, хто б дзеля Мяне і дзеля Эвангеліі пакінуў дом, або братоў, або сясьцёр, або матку, або бацьку, або сыноў, або поля,

і не атрымаў бы цяпе́р, у гэты час, сярод перасьле́даваньня ў сто разоў бале́й дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і ма́так, і дзяце́й, і зе́мляў, а ў будучыне — жыцьця ве́чнага;
 
каб ён не атрымаў у сто раз больш цяпер, у гэты час дамоў і братоў і сясьцёр і матак, дзяцей ды палёў сумесна з прасьледаваньнямі, ды жыцьцё вечнае ў будучым веку.

бо многія пе́ршыя будуць апошнімі, а апошнія — пе́ршымі.
 
І многія першыя будуць апошнімі, а апошнія — першымі.

Калі яны былі ў дарозе, ідучы ў Ерузалім, Ісус ішоў напе́радзе іх, а яны жа́халіся і, ідучы за Ім, былі ў страху. І, узяўшы ізноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць аб тым, што з Ім ма́е стацца.
 
У дарозе ў Ерузалім Езус ішоў перад імі, а яны за Ім ідучы і дзівіліся і баяліся. Ён пазваў зноў Дванаццаць ды пачаў выясьняць (тлумачыць), што мае стацца (што будзе).

Вось, мы ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалаве́чы будзе вы́даны архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьме́рць і вы́дадуць Яго паганам;
 
"Вось жа ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзен архісьвятарам і кніжнікам (вучоным па сьв. Пісаньні). І асудзяць Яго на сьмерць і выдадуць паганам.

і назьдзе́куюцца над Ім, і будуць біць Яго і плява́ць на Яго, ды заб’юць Яго; і на трэці дзе́нь уваскрэсьне.
 
І будуць з Яго наругацца, і пляваць на Яго, будуць бічаваць Яго ды заб'юць Яго, але па трох днях Ён уваскрэсьне".

Тады падыйшлí да Яго Якаў і Іоан, сыны́ Завядзе́явы, ды сказалі: Вучыцель! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім.
 
Аднойчы падыйшлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Забэдэевы, кажучы: "Вучыцелю, хочам, каб споўніў, аб што будзем прасіць Цябе".

Ён жа сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?
 
А Езус у іх спытаўся: "Што хочаце, каб Я вам зрабіў?"

Яны-ж сказалі Яму: дай нам се́сьці ля Цябе́, аднаму з правага боку, а другому з ле́вага, у славе Тваёй.
 
Яны сказалі: "Дай нам, каб у хвале Тваёй сядзець аднаму па правым у Цябе баку, а другому па левым".

Але Ісус сказаў ім: ня ве́даеце, чаго просіце; ці-ж мо́жаце піць ча́ру, якую п’ю Я, і хрысьцíцца хрышчэньнем, якім Я хрышчу́ся?
 
Езус адказаў ім: "Ня ведаеце аб што просіце. Ці ж можаце піць чашу (келіх), якую Я п'ю, або хрысьціцца хростам, якім Я хрышчуся?"

Яны адказалі: можам. Ісус жа сказаў ім: ча́ру, якую п’ю Я, піць будзеце;
 
Яны адказалі Яму: "Можам". Езус сказаў ім: "З чашы, з якой Я п'ю, будзеце, праўда піць, ды хростам, якім Я хрышчаны, будзеце ахрышчаны.

але се́сьці ў Мяне́ з правага боку і з ле́вага — ня Мне́ дава́ць, але каму прыгато́вана.
 
Але сядзець з правага боку Майго або з левага, ня Мне даваць вам, але каторым прыгатавана".

І, пачуўшы, дзе́сяць пачалі злава́ць на Якава і Іоана.
 
Чуючы ж гэта дзесяць (Апосталаў) пачалі абурацца на Якуба і Яна.

Ісус, прыклікаўшы іх, сказаў ім: ве́даеце, што тыя, што лічацца князямі народаў, пануюць над народамі; і вялікія валадаюць імі;
 
Езус аднак паклікаўшы іх, сказаў ім: "Ведаеце, што тыя, каторыя ўважаюцца за валадароў народаў, пануюць над імі, ды князі іхнія маюць уладу над імі.

у вас жа хай будзе ня гэтак: але хто хоча стацца вялікшым між вамі, няхай будзе вам служкаю,
 
Ня так будзе паміж вамі. Хто хацеў бы быць сярод вас большым (важнейшым) будзе вашым слугою.

і хто хоча ста́цца пе́ршым між вамі, хай будзе слугою ўсіх.
 
А хто хацеў бы ў вас быць першым — будзе слугою ўсіх.

Бо і Сын Чалаве́чы прыйшоў не́ каб Яму служылі, але каб паслужы́ць і аддаць душу Сваю на выкупле́ньне многіх.
 
Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб служылі Яму, але каб служыць і даць душу сваю (у водкуп) на адкупленьне многіх".

І прыходзяць у Ерыхон. І, калі Ён выходзіў з Ерыхону з вучнямі Сваімі і множствам народу, сьляпы́ Варціме́й, сын Ціме́яў, сядзе́ў ля дарогі, жабру́ючы.
 
Калі па быцьці ў Ерыха, выходзілі з Ерыха раз з вучнямі Сваімі і вялікай грамадой, сьляпы Бартымей, сын Тымотэя сядзеў пры дарозе, жабраваў.

І, пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычэць і казаць: Ісу́се, сы́не Давідаў! зьмілуйся нада мною!
 
Пачуўшы, што гэта Езус з Назарэту, пачаў крычаць і прасіць: "Езусе, сыне Давідаў, зжалься надо мной!"

І многія свары́ліся на яго, каб замоўк, але ён яшчэ больш стаў крычэць: Сын Давідаў! зьмілуйся нада мною!
 
Дык сварыліся многія на яго, каб маўчаў. Але ён тым мацней крычаў: "Сыне Давідаў, пашкадуй мяне!"

І Ісус, затрымаўшыся, сказаў паклікаць яго. І клічуць сьляпога, і кажуць яму: ня бойся, уставай, кліча цябе́.
 
Езус астанавіўся і казаў яго паклікаць. Дык паклікалі сьляпога і сказалі яму: "Будзь добрай надзеі, устань, кліча цябе".

Ён жа, скінуўшы з сябе́ вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса.
 
Ён пакінуўшы плашч свой, падняўся і пабег да Езуса.

І, адка́зваючы яму, Ісус сказаў: што хочаш зрабіць табе́? Сьляпы́ сказаў Яму: Настаўнік, каб мне́ ізноў відзець.
 
Езус спытаўся ў яго: "Што хочаш каб Я табе ўчыніў?" Сьляпы адказаў Яму: "Вучыцелю (Раббоні), каб мне відзець".

Ісус жа сказаў яму: ідзі, ве́ра твая зба́віла цябе́. І ён за́раз пачаў відзець і пайшоў за Ісусам па дарозе.
 
Тады Езус сказаў яму: "Ідзі, вера твая аздаравіла цябе". І зара ж стаў відзець (празрэў) і пайшоў за Ім дарогаю.