Яна 11 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Быў жа адзін хворы Лазар з Віфані, з сяла Марыі і Марты, сястры Яго.
 
Аднойчы захварэў нейкі Лазар з вёскі Бэтаніі, дзе жыла Мар'я і яе сястра Марта.

Марыя-ж, якой брат Лазар быў хворы, была тая, што пама́зала Ісуса але́ем і абце́рла ногі Яго валасамі сваімі.
 
Мар'я ж была тая жанчына, што намасьціла Госпада пахучым алейкам ды абцёрла ногі Ягоныя сваімі валасамі, яе вось брат Лазар захварэў.

Сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзе! вось той, каго Ты любіш, хворы.
 
Сёстры паслалі да Яго вестку: "Госпадзе, вось жа той, каго мілуеш — хворы".

Ісус, пачуўшы гэта, сказаў: гэтая хво́расць не на сьме́рць, але на славу Божу, каб уславіўся праз яе́ Сын Божы.
 
Пачуўшы гэта Езус сказаў: "Хвароба гэта не на сьмерць, але на хвалу Божую, каб праз яе быў праслаўлены Сын Божы".

Ісус жа любіў Марту і сястру яе́, і Лазара.
 
А Езус пры тым любіў Марту і сястру ейную Мар'ю і Лазара.

Калі-ж пачуў, што той хворы, дык прабыў два дні ў тым ме́сцы, дзе́ знаходзіўся.
 
Калі тады пачуў, што ён хворы, замарудзіў тады яшчэ два дні ў тым месцы.

Пасьля гэтага сказаў вучням: пойдзем ізноў у Юдэю.
 
Потым сказаў вучням Сваім: "Ідзёмце назад у Юдэю".

Вучні сказалі Яму: Равві! ці-ж даўно Жыды шукалі каме́ньмі забіць Цябе́, і Ты ізноў ідзе́ш туды?
 
Сказалі Яму вучні: "Вучыцелю, толькі што хацелі Цябе ўкаменаваць Юдэі, а Ты зноў туды ідзеш?"

Ісус адказаў: ці не дванаццаць гадзін ма́е дзе́нь? Хто ходзіць удзе́нь, не спатыка́ецца, бо бачыць сьве́тласьць гэтага сьве́ту;
 
Адказаў Езус: "Ці не дванаццаць гадзін мае дзень?

калі-ж ходзіць уначы́, спатыка́ецца, бо няма сьвятла ў ім.
 
Калі хто ходзіць у дзень, не спатыкаецца, бо відзіць сьвятло гэта сьвету. Але калі хдзіць ноччу, спатыкнецца, бо няма ў ім сьвятла".

Сказаўшы гэтае, гавора ім пасьля: Лазар, друг наш, заснуў, але Я іду разбудзіць яго.
 
Гаварыў так, а затым сказаў ім: "Лазар, наш прыяцель сьпіць, але Я іду яго абудзіць".

Вучні ж Яго сказалі: Госпадзе! калі заснуў, паздараве́е.
 
Сказалі Яго вучні: "Госпадзе, калі заснуў будзе здаровы",

Гаварыў Ісус аб сьме́рці яго; тыя-ж думалі, што аб сонным супачынку кажа.
 
Але Езус казаў аб сьмерці яго, а яны думалі, што казаў аб заснуцьці.

Дык Ісус сказаў ім проста: Лазар памёр;
 
Дык тады сказаў ім Езус адкрыта: "Лазар памёр".

і Я рад за вас, што ня быў там, каб вы паве́рылі; але пойдзем да яго.
 
Цешуся ж, што там Мяне не было, гэта дзеля вас, каб вы ўверылі. Дык ідзёмце да яго".

Хама́-ж, іначай званы блізьнюк, сказаў таварышам-вучням: пойдзем і мы, каб паме́рці з ім.
 
А Тамаш, званы Дідымус, азваўся да спаўвучняў: "Ідзём і мы разам з ім памерці".

Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.
 
Затым прыйшоў Езус і знайшоў Лазара ўжо чатыры дні лежачага ў гробе.

Віфанія-ж была блізка ад Ерузаліму, нешта з пятнаццаць стадыяў.
 
А Бетанія знаходзілася блізка Ерузаліму, каля пятнаццаць стадыяў.

І многа Жыдоў папрыходзіла да Марты й Марыі паце́шыць іх па браце іхнім.
 
Да Марыі ж і Марты назьбіралася многа Юдэяў пацяшаці іх па памершым браце.

Марта, пачуўшы, што йдзе́ Ісус, пайшла насустрэчу Яму. Марыя-ж асталася ў доме.
 
Як толькі пачула Марта, што Езус ідзе, выскачыла і пераняла Яго, а Мар'я заставалася дома.

Тады Марта сказала Ісусу: Госпадзе! каб Ты быў тут, не паме́р-бы брат мой.
 
Сказала тады Марта Езусу: "Госпадзе, каб быў Ты тут, не памёр бы брат мой,

Але і цяпе́р ве́даю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе́ Бог.
 
але і цяпер ведаю, калі аб што папросіш Бог, а дасьць Табе Бог".

Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.
 
Сказаў ёй Езус: "Уваскрэсьне брат твой".

Марта сказала Яму: ве́даю, што ўваскрэсьне ў дзе́нь уваскрасе́ньня, у апошні дзе́нь.
 
Кажа Яму Марта: "Ведаю, што ўваскрэсьне ў уваскрасеньні ў апошні дзень".

Ісус сказаў ёй: Я ёсьць уваскрасе́ньне і жыцьцё; хто ве́руе ў Мяне́, хоць і памрэ, жыць будзе.
 
Сказаў ёй Езус: "Я — уваскрасеньне і жыцьцё, хто верыць у Мяне, хоць бы ён і памёр — жыць будзе.

І ўсякі, хто жыве́ й ве́руе ў Мяне́, не памрэ даве́ку. Ці ве́рыш гэтаму?
 
А кожын, хто жыве дый верыць у Мяне, не памрэ павек. Верыш у гэта?"

Яна кажа Яму: так, Госпадзе! Я ве́ру, што Ты Хрыстос, Сын Божы, што йдзе́ ў сьве́т.
 
Кажа Яму: "Сапраўды, Госпадзе, я ўверыла, што Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога, Які прыйшоў на гэты сьвет".

І, сказаўшы гэтае, пайшла і цішком паклікала Марыю, сястру сваю, і кажа ей: Настаўнік тут; кліча цябе́.
 
Гэта сказаўшы, яна пайшла і ціха паклікаўшы сястру сваю, Мар'ю, сказала: "Вучыцель прыйшоў і кліча Цябе".

Яна, як толькі пачула, борзда ўстала і пайшла да Яго.
 
Пачуўшы гэта яна скора паднялася із пайшла да Езуса.

Ісус жа яшчэ ня быў увайшоў у вёску, але быў там, дзе́ Яго Марта сустрэла.
 
Бо Езус ня быў яшчэ ўвайшоўшы ў сяло, але затрымаўся на тым месцы, дзя Яго пераняла Марта.

Жыды-ж, што былі з ёю ў доме і пацяшалі яе́, бачучы, што Марыя бордза ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, кажучы, што йдзе́ на магілу плакаць.
 
А Юдэі, што былі з ёй у доме і пацяшалі яе, убачыўшы, што Мар'я хутка ўстала і выбегла, пайшлі за ёй, бо казалі: "Ідзе да гроба, каб там плакаць".

Марыя-ж, прыйшоўшы туды, дзе́ быў Ісус, і ўгле́дзіўшы Яго, упала да ног Яго і сказала Яму: Госпадзе! каб Ты быў тут, не паме́р бы брат мой.
 
Мар'я жа, калі прыйшла да месца, дзе стаяў Езус, увідзеўшы Яго, пала Яму да ног ды казала Яму: "Госпадзе, каб Ты быў тут, недапусціў бы, каб брат мой памёр".

Ісус, угле́дзіўшы, што яна плача і што плачуць прыйшоўшыя з ёю Жыды, Сам затужыў духам і ўзварушыўся,
 
А калі Езус увідзеў яе плачучую, і Юдэяў, што з ёй прыйшлі, плачучых, разжаліўся ў духу і ўзварышаны

ды сказаў: дзе́ вы палажылі яго? Адказалі Яму: Госпадзе! пайдзі й паглядзі.
 
спытаўся: "Дзе яго палажылі, пахавалі?" Кажуць Яму: "Госпадзе, пайдзі і паглядзі".

Ісус заплакаў.
 
Дый Езус заплакаў.

Тады Жыды казалі: глядзі, як Ён любіў яго.
 
Дык казалі Юдэі: "Во як яго Ён любіў",

А некато́рыя з іх сказалі: ці ня мог Ён, расчыніўшы вочы сьляпо́му, зрабіць, каб і гэты ня ўмёр?
 
А некаторыя з іх казалі: "Ня мог жа Ён, што слепанароджанаму вярнуў зрэньне, зрабіць, каб і той не памёр?"

Ісус жа, ізноў ту́жачы ў душы, ідзе́ да магілы; была-ж гэта пячо́ра, зава́леная ка́мнем.
 
А Езус разжалены зноў прыйшоў да гробу. А была гэта пячора і камень быў на ёй паложаны.

Кажа Ісус: вазьміце ка́мень! Сястра ўме́ршага, Марта, кажа Яму: Госпадзе, ўжо сьмярдзіць, бо ўжо чацьве́рты дзе́нь.
 
Сказаў Езус: "Адыміце камень!" Дык сказала Марта, сястра памёршага: "Госпадзе, ужо чуваць ад яго (сьмярдзіць), бо ўжо чатыры дні ў гробе".

Ісус кажа ёй: ці не казаў Я табе́, што, калі будзеш ве́рыць, угле́дзіш славу Божую?
 
Кажа ёй Езус: "Ці ж Я табе не казаў, калі ўверыш, убачыш хвалу Божую?"

І вось узялі ка́мень, дзе́ ляжаў нябожчык. Ісус жа ўзьвёў вочы ўве́рх і сказаў: Ойча, дзякую Табе́, што пачуў Мяне́.
 
Дык аднялі камень. Езус жа падняўшы вочы Свае ў неба сказаў: "Ойча, дзякую Табе, што Мяне выслухаў.

Я ве́даў, што Ты заўсёды чуеш Мяне́, але сказаў дзе́ля народу, што тут стаіць, каб паве́рылі, што Ты паслаў Мяне́.
 
Я бо ведаў, што Мяне заўсёды выслухоўваеш, але Я сказаў гэта дзеля народу, які стаіць кругом, каб уверылі, што Ты Мяне паслаў".

І, сказаўшы гэтае, крыкнуў моцным голасам: Лазар! выйдзі!
 
Гэта сказаўшы, закрычаў моцным голасам: "Лазару, выйдзі з гроба!"

І выйшаў уме́ршы з абкручанымі палатном нагамі й рукамі, і аблічча яго было абвязана хусткаю. Ісус кажа ім: разьвяжыце яго і дайце хадзіць.
 
І адразу выйшаў той, што быў памёршы, маючы рукі і ногі зьвязаныя павязкамі, а твар ахутаны хусткай, сказаў ім Езус: "Развяжыце яго і пусьціце хадзіць".

Тады многія з Жыдоў, што прыйшлі да Марыі, бачучы, што ўчыніў Ісус, уве́равалі ў Яго.
 
Дык многа Юдэяў, што былі прыйшоўшы да Марыі і Марты, ды бачылі, што ўчыніў Езус, уверыла ў Яго.

А іншыя з іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што зрабіў Ісус.
 
Некаторыя ж з іх пайшлі да фарызэяў і разказалі ім, што ўчыніў Езус.

Тады архірэі й фарысэі склікалі раду і кажуць: што нам рабіць? Гэты чалаве́к робіць многа цудаў.
 
Затым сабралі перадавыя сьвятары і архірэі Раду (сангэдрын) і казалі: "Што нам рабіць? Бо чалавек гэты робіць многа цудаў.

Калі пакінем Яго гэтак, дык усе́ ўве́руюць у Яго, і прыйдуць Рымляне й забяруць ме́сца нашае і народ.
 
Калі так Яго пакінем, дык усе ўвераць у Яго, і прыдыць Рымляне і забяруць наш край і народ".

Адзін жа з іх, не́хта Кайяфа, які быў той год архірэем, сказаў ім: вы нічога ня ве́даеце
 
Дык адзін з іх Каіфа, які быў у тым годзе найвысшым сьвятаром (архісьвятарам), сказаў ім: "Вы ня ведаеце,

і не падумаеце, што ле́пей нам, каб адзін чалаве́к паме́р за людзе́й, чымся каб уве́сь народ загінуў.
 
ані ня думаеце, што лепш, каб адзін чалавек памёр за народ, чым увесь народ меў прападаць".

Гэтае-ж ён сказаў не ад сябе́, але, быўшы той год архірэем, прарочыў, што Ісус памрэ за людзе́й,
 
А не гаварыў гэтага ад сябе, але як архісьвятар у гэным годзе праракаваў, што Езус меў уміраць за народ.

дый ня толькі за людзе́й, але каб і расьцярушаных дзяце́й Божых сабраць у вадно.
 
Ды не толькі за народ, але каб сабраць у адно сыноў Божых, што былі разсеяны.

Ад гэтага дня пастанавілі забіць Яго.
 
Ад таго дня думалі толькі як Яго забіць.

Дык Ісус ужо не хадзіў яўна між імі, а пайшоў адтуль у краіну ля пустыні ў ме́ста, званае Эфраім, і там аставаўся з вучнямі Сваімі.
 
Таму Езус не хадзіў ужо яўна сярод Юдэяў, але адыйшоў у мясцовасьць блізкую пустыні, у горад званы Эфрэм і там прабываў са Сваімі вучнямі.

Блізка-ж была Пасха жыдоўская, і з усяго краю многа папрыходзіла ў Ерузалім перад Пасхай, каб ачы́сьціцца.
 
А надыходзіла Юдэйская Пасха і многа людзей з той мясцовасьці выбралася ў Ерузалім перад Пасхаю, каб ачысьціцца.

Дык шукалі Ісуса і, стоючы ў царкве́, гаварылі між сабою: як вы думаеце, ці ня прыйдзе Ён на сьвята?
 
Дык шукалі Езуса і казалі адны другім, стоячы ў сьвятыні: "Што думаеце? Чаму не прыйшоў на сьвята?"

Архірэі-ж і фарысэі далі загад, каб кожны, хто даве́даецца, дзе́ Ён, данасіў бы, каб Яго ўзяць.
 
А архісвятары і фарызэі загадалі, каб кожны, хто даведаецца пра Яго, дзе Ён прабывае, паведаміў аб Ім, каб Яго ўзяць.