Да Рымлянаў 10 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003
Браты! жаданьне майго сэрца і малітва да Бога аб Ізраілю на збаўле́ньне.
Браты! Жаданне сэрца майго ды гарачае маленне да Бога за іх дзеля збаўлення.
Бо сьве́дчу ім, што маюць руплівасьць Божую, ды не па розуму.
Сведчу я ім, што рупяцца яны пра Бога, але не па розуму.
Бо, не разуме́ючы праведнасьці Божае і стараючыся паставіць уласную праведнасьць, яны не пакарыліся праведнасьці Божай;
Бо, не разумеючы справядлівасць Божую і спрабуючы ўстанавіць сваю справядлівасць, яны не пакарыліся справядлівасці Божай.
бо кане́ц закону — Хрытос, дзеля праведнасьці кожнаму ве́руючаму.
Бо завяршэнне закону — Хрыстос, для апраўдання кожнага, хто верыць.
Майсе́й піша аб праведнасьці, што ад закону: выпаўніўшы яго, чалаве́к жыць ім будзе (Лявіт 18:5).
Майсей вось піша аб справядлівасці, якая з закону: «Чалавек, які выканае, будзе жыць ім».
А праведнасьць з ве́ры гэтак кажа: не гавары ў сэрцы тваім: Хто ўзыйдзе на не́ба? — гэта ёсьць Хрыста зьвясьці ўніз (Другазаконьне 30:12);
А справядлівасць з веры так кажа: «Не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе ў неба?, — гэта значыць Хрыста звесці,
або: хто зыйдзе ў бяздоньне? — гэта ёсьць Хрыста з мёртвых узьвясьці ўве́рх (Другазаконьне 30:13).
або: хто спусціцца ў бездань?, — гэта значыць Хрыста вывесці з мёртвых».
Але што кажа Пісаньне? Блізка да цябе́ слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім,— гэта ёсьць слова ве́ры, якое абвяшчаем (Другазаконьне 30:14),
Але што яна кажа: «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх ды ў сэрцы тваім», гэта значыць слова веры, якое абвяшчаем.
каб ты, як вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса Госпадам і ў сэрцы тваім ве́рыць, што Бог ускрасіў яго з мёртвых, быў бы спасён,
Бо калі вуснамі тваімі вызнаеш: «Ісус — Госпад», і ў сэрцы тваім уверыш, што Бог Яго ўваскрасіў з мёртвых, будзеш збаўлены.
бо сэрцам ве́рыцца дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнае́цца дзеля збаўле́ньня.
Бо сэрцам верыцца дзеля справядлівасці, а вызнанне вуснамі — дзеля збаўлення.
Бо Пісаньне кажа: Кожын, хто ве́руе ў Яго, ня будзе асаромлены (Ісая 28:16).
Пісанне ж кажа: «Усякі, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».
Тут няма розьніцы між Юдэем і Грэкам, бо Ён — Госпад усіх, багаты для ўсіх, што клічуць Яго.
Няма таму розніцы між Юдэем і Грэкам, адзін бо Госпад усіх, багаты для ўсіх, хто Яго прызывае.
Бо кожын, хто пакліча імя Госпада, спасён будзе (Іоіль 2:32).
Бо кожны, хто прызывае імя Госпада, будзе збаўлены.
Але я́к клікаць Таго, у Каго ня ўве́равалі? Як ве́рыць у Таго, аб Кім ня чулі? Як чуць без абвяшчаючага?
Як жа могуць прызываць Таго, у Каго не паверылі? Або як павераць у Таго, пра Якога не чулі? Але як жа пачуць без прапаведніка?
І як абвяшчаць, калі ня будуць пасланыя? Водле напісанага: Як прыгожыя ногі абвяшчаючага мір, прапаве́дываючага добрае! (Ісая 52:7.)
І як жа прапаведаваць, калі не пасылаюць? Як напісана: «Як прыгожыя ногі тых, якія нясуць добрую вестку!»
Але ня ўсе́ паслухалі Эвангельля, бо Ісая кажа: Госпадзе! Хто паверыў чутаму ад нас? (Ісая 53:1.)
Але не ўсе паслухаліся Евангелля. Ісая вось кажа: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас?»
Дык ве́ра — ад слуханьня, а слуханьне — ад слова Божага.
Таму вера — ад слухання, а слуханне — праз слова Хрыстовае.
Але кажу: ці-ж яны ня чулі? Наадварот: на ўсю зямлю разыйшоўся голас іх, і да ме́жаў сусьвету словы іх (Псальм 18:5).
Дык кажу: ці яны не пачулі? Але ж наадварот: «Па ўсёй зямлі загучаў голас іх, і словы іх аж на краі свету».
Але кажу: ці-ж Ізраіль ня ве́даў? Пе́ршы Майсе́й кажа: я збуджу ў вас рупнасьць не праз народ, узлую вас праз народ бязглузды (Другазаконьне 32:21).
Зноў пытаю: ці ж Ізраэль не зразумеў? Першы Майсей кажа: «Я прывяду вас да руплівасці праз ненарод; праз народ неразумны вас паклічу да гневу».
А Ісая адважыўся ды кажа: Мяне́ знайшлі тыя, што ня шукалі, абявіўся Я тым, што ня пыталіся Мяне́ (Ісая 65:1).
А Ісая адважыўся сказаць: «Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне; яўна аб’явіўся Я тым, якія пра Мяне не пыталіся».
Да Ізраіля-ж кажа: уве́сь дзе́нь працягваў я рукі Мае́ да народу непаслухмянага і ўпартага (Ісая 65:2).
Да Ізраэля ж так кажа: «Увесь дзень працягваў Я рукі Мае да народа бязвернага і ўпорыстага».