Да Рымлянаў 10 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Браты, жадзенне сэрца майго й гарачая малітва да Бога за іхняе збаўленне.
 
Браты! Жаданне сэрца майго ды гарачае маленне да Бога за іх дзеля  збаўлення.

Я бо ім сьветчу, што яны маюць для Бога руплівасьць, але неразважную.
 
Сведчу я ім, што рупяцца яны пра Бога, але не па розуму.

Не разумеючы справядлівасьці Божай, а намагаючыся ўстанавіць сваю, яны не паддаюцца Божай справядлівасьці.
 
Бо, не разумеючы справядлівасць Божую і спрабуючы ўстанавіць сваю справядлівасць, яны не пакарыліся справядлівасці Божай.

Бо-ж мэтай Закону — Хрыстус на ўсправядліўленне кажнаму веручаму.
 
Бо завяршэнне закону — Хрыстос, для апраўдання кожнага, хто верыць.

Майжэш аб усправядліўленні з Закону піша: чалавек яго выконываючы будзе ў ёй жыць (Лев. 18:5).
 
Майсей вось піша аб справядлівасці, якая з закону: «Чалавек, які выканае, будзе  жыць ім».

А справядлівасьць зь веры гэтак вось кажа: Не гавары ў сэрцы тваім: хтож узыйдзе ў неба? — гэта знача зьвясьці ўніз Хрыстуса —
 
А справядлівасць з веры так кажа: «Не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе ў неба?, — гэта значыць Хрыста звесці,

або: Хтож зыйдзе ў продню? (Паўт. Пр. 30:12−13) — гэта знача: Хрыстуса вывесьці з гробу мяртвых.
 
або: хто спусціцца ў бездань?, — гэта значыць Хрыста вывесці з мёртвых».

Што, восьжа, Пісанне кажа? Блізка цябе Слова, ў тваіх вуснах, у сэрцы тваім (Паўт. Пр. 30:14) — знача слова веры, якое весьцім.
 
Але што яна кажа:  «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх ды ў сэрцы тваім», гэта значыць слова веры, якое абвяшчаем.

Бо калі ты вуснамі тваімі вызнавацімеш Езуса Усеспадара, а ў сэрцы будзеш верыць, што Бог яго збудзіў зь мяртвых, дык збавішся;
 
Бо калі вуснамі тваімі вызнаеш: «Ісус — Госпад», і ў сэрцы тваім уверыш, што Бог Яго ўваскрасіў з мёртвых, будзеш збаўлены.

сэрцам бо верыцца дзеля ўсправядліўлення, а вуснамі вызнаецца на збаўленне.
 
Бо сэрцам верыцца дзеля справядлівасці, а вызнанне вуснамі — дзеля збаўлення.

Пісанне-ж кажа: Хто ў яго верыць, застыджаны ня будзе (Із. 28:16).
 
Пісанне ж кажа: «Усякі, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».

Няма бо рожніцы між Юдэем і Грэкам, адзін-жа Госпад усіх, шчодры для ўсіх, Яго ўзываючых.
 
Няма таму розніцы між Юдэем і Грэкам, адзін бо Госпад усіх, багаты для ўсіх, хто Яго прызывае.

А кажны, хто ўзывае імя Госпадава, будзе збаўлёны. (Ёэль 2:32).
 
Бо кожны, хто прызывае імя Госпада, будзе збаўлены.

Але як узываць таго, ў каго ня ўверылі? Або як уверыць таму, якога ня чулі? Ды як пачуюць без абвяшчаючага?
 
Як жа могуць прызываць Таго, у Каго не паверылі? Або як павераць у Таго, пра Якога не чулі? Але як жа пачуць без прапаведніка?

І як абвяшчаць, калі ня будуць пасланыя? Напісанаж: О, як гожыя ногі дабравесьнікаў, супакой спавяшчаючых! (Із. 52:7).
 
І як жа прапаведаваць, калі не пасылаюць? Як напісана: «Як прыгожыя ногі тых, якія нясуць добрую вестку!»

Адыж ня ўсе паслухалі Эванэліі, бо Ізаяш кажа: Усеспадару, хтож паверыў пачутаму ад нас? (Із. 53:1).
 
Але не ўсе паслухаліся Евангелля. Ісая вось кажа: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас?»

Дык вера ад слухання, а слуханне праз Хрыстовае слова.
 
Таму вера — ад слухання, а слуханне — праз слова Хрыстовае.

Але пытаю: Ціж ня чулі? То-ж: Па ўсёй зямлі разнёсся голас іх, а словы іхнія на край сьвету. (Пс. 18:5).
 
Дык кажу: ці яны не пачулі? Але ж наадварот: «Па ўсёй зямлі загучаў голас іх, і словы іх аж на краі свету».

Ды яшчэ скажу: Ціж Ізраэль ня ведаў? Першы Майжэш гавора: Я праз не народ давяду вас да запаздросьлівасьці, угняўлю вас на народ нецямлівы. (Паўт. Пр. 32:21).
 
Зноў пытаю: ці ж Ізраэль не зразумеў? Першы Майсей кажа: «Я прывяду вас да руплівасці праз ненарод; праз народ неразумны вас паклічу да гневу».

А Ізаяш дабітней кажа: Няшукаўшыя знайшлі Мяне, Я аб’явіўся няпытаўшым Мяне. (Із. 65:2).
 
А Ісая адважыўся сказаць: «Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне; яўна аб’явіўся Я тым, якія пра Мяне не пыталіся».

Аб Ізраэлю-ж кажа: Праз дзень цэлы выцягваў Я рукі Мае да народу непаслухмянага і упорытсага. (Із. 65:1).
 
Да Ізраэля ж так кажа: «Увесь дзень працягваў Я рукі Мае да народа бязвернага і ўпорыстага».