Да Рымлянаў 12 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Дык прашу вас, браты, на міласьць Боскую, аддавайце вашае цела ў ахвяру жывую, сьвятую, мілую Богу, на разумную службу вашу.
 
Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасць Божую, аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, святую, мілую Богу на разумнае служэнне вашае.

А не ўпадабняйцеся гэтаму сьвету, але пераіначцеся аднаўленнем розуму, каб дазналіся якой ёсьць воля Божая: што водле яе ёсьць добрае, што мілае, што дасканальнае.
 
І не ўпадабняйцеся гэтаму веку, але перамяняйцеся праз аднаўленне розуму, каб пазналі, якая ёсць воля Божая, што добрае і прыемнае ды дасканалае.

Кажу бо, данаю мне лаксаю, ўсім з вас: ня думайце болей як трэба, але думайце ўмеру, водле надзеленага кажнаму ад Бога дару веры.
 
Дадзенаю мне ласкаю кажу кожнаму з вас, каб не думалі аб сабе вышэй, чым належыцца, але каб думалі цвяроза, паводле той меры веры, якую вызначыў Бог.

Бо як у вадным целе шмат маем складовых частак, а яны ня тую самую выконваюць дзейнасьць,
 
Бо як у адным целе маем многа членаў, а ўсе члены не тую самую работу маюць,

гэтак усе мы зьяўляемся адным целам у Хрыстусе, а паасобку — адзін другога сустаўныя часьціны.
 
так і мы многія ёсць адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены.

А паводле надзеленай нам ласкі маем розныя дары: ці-то прароцтва ў дзялянцы веры,
 
А паводле дадзенай нам ласкі маем розныя дары: калі дар прароцтва — то згодна з верай,

ці-то службовасьці ў выконванні ўраду, ці-то навуковасьці ў навучанні, ці-то напаміну ў настаўлянні;
 
калі служэнне — то для служэння, калі хто навучае — для навучання,

і гэтак вось: калі абдарваеш (субожынай), дык — у прастаце; калі старшынюеш, дык — рупліва; калі міласэрдзішся, дык — пагодна.
 
калі хто заахвочвае — для заахвочвання; калі хто раздае — у прастаце сэрца, калі хто старшынствуе — дык рупліва, калі хто мілуе — дык з ахвотаю.

Любасьць ваша хай будзе бяз прытворства; брыдзьцеся благога, а гарнецеся якмага да дабра;
 
Любоў [хай будзе] без крывадушнасці. Адварочвайцеся ад ліха, прыгартайцеся да дабра;

ўзаемна любецеся па-брацку, ў ветлівасьці адзін другога апераджайце;
 
шчыра любіце адзін аднаго братняю любоўю, у пашане адзін аднаго апераджаючы;

у руплівасьці не слабейце, духам палайце; Усеспадару служэце;
 
у рупнасці не слабейце,  духам палаючы, Госпаду служачы,

пацяшайцеся надзеяй, будзьце ў горы цярплівымі, ў маліцьве вытрывалымі;
 
у надзеі будзьце радасныя, у горы цярплівыя, у малітве сталыя,

ў патрэбе сьвятых успаможнікамі, ў гасьціннасьці сусьціжнікамі.
 
бярыце ўдзел у патрэбах святых, не забывайцеся пра гасціннасць.

Дабраслаўляйце прасьледуючых вас, багаслаўляйце, а не клянеце.
 
Бласлаўляйце пераследавальнікаў сваіх; бласлаўляйце, а не кляніце!

Радуйцеся з радуючыміся, плачце з плачучымі.
 
Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача.

Будзьце міжсобку аднадумнымі, ня мудруючыся завысока, а хінецеся да пакорных; ня мройце надта аб самамудрасьці.
 
Будзьце між сабой аднадумцамі, не сягайце думкамі высока, але ідзіце ўслед за пакорлівымі. Не будзьце мудрымі самі з сабой.

Нікому злом за зло не адплачвайце, але дбайце аб дабры ня толькі перад Богам, але і перад усімі людзьмі.
 
Не аддавайце злом за зло. Дбайце пра добрае перад усімі людзьмі.

Калі магчыма ды калі гэта залежыць ад вас, будзьце з усімі людзьмі ў згодзе.
 
Наколькі магчыма ды наколькі ад вас залежыць, жывіце з усімі людзьмі ў згодзе.

Ня мсьцеце, мілыя, самы за сябе, а пакіньце гэта гневу Божаму, напісана бо: Мне належыць помста і я адплачу — кажа Госпад. (Паўт. Пр. 32:35).
 
Не помсціце, умілаваныя, самі за сябе, але дайце месца гневу, як напісана: «Мне помста, Я аддам», — кажа Госпад.

Але, каліб вораг твой быў галодны, накармі яго; каліб меў смагу, напаі яго: гэта бо робячы, ты вугальлё гарачае зьбярэш яму на голаў. (Прып. 25:21−22).
 
Але калі будзе галодны вораг твой, накармі яго; калі будзе засмяглы, дай яму піць. Так вось робячы, вуголле гарачае насыпаеш яму на галаву.

Не дайся злу перамагчы сябе, але зло дабром паконывай.
 
Не дайся, каб цябе перамагло зло, але перамагай зло дабром.