2 да Карынфянаў 12 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003
Некарысна мне́ хваліцца; перайду-ж да відзе́жаў і адкрыцьцяў Гасподніх.
Калі выпадае хваліцца, хоць не варта, перайду да з’яў і аб’яў Госпадавых.
Ве́даю чалаве́ка ў Хрысьце́, які чатырнаццаць год назад (ці ў це́ле — ня ве́даю, ці па-за це́лам — ня ве́даю; Бог ве́дае) падхоплены быў да трэцяга не́ба.
Ведаю чалавека ў Хрысце, які чатырнаццаць гадоў таму — ці ў целе — не ведаю, ці па-за целам — не ведаю, Бог ведае — падхоплены быў у трэцяе неба.
І ве́даю гэткага чалаве́ка (ці у це́ле, ці па-за це́лам, ня ве́даю: Бог ве́дае),
І ведаю, што той чалавек — ці ў целе, ці па-за целам, не ведаю, Бог ведае —
што быў узяты ў рай і чуў нявымоўныя словы, якіх чалаве́ку не́льга выгаварыць.
быў узяты ў рай і пачуў таемныя словы, якіх нельга чалавеку сказаць.
Гэтакім магу хваліцца; сабою-ж не пахвалюся, хіба толькі бяссільлем маім.
Гэтым магу хваліцца, але сабой зусім не буду хваліцца, хіба сваімі немачамі.
Калі-ж захачу хваліцца, ня буду дурным, бо скажу праўду; але я стрымліваюся, каб хто не падумаў аба мне́ бале́й, чым у-ва мне́ бачыць або чуе ад мяне́.
Калі і захачу хваліцца, не буду неразумным, бо скажу толькі праўду. Але стрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне больш, чым ува мне бачыць або ад мяне чуе.
І, каб я не вывышшаўся ве́ліччу церазьме́рнай адкрыцьцяў, дадзена мне́ калючка ў це́ла, ангел шата́навы, каб зьняважаці мяне́, каб я не вывышшаўся.
І каб я не выносіўся з-за велічы аб’яў, дадзены мне бадыль для цела, анёл шатанскі, каб мучыў мяне, каб я не выносіўся.
Тройчы маліў я Госпада аб ім, каб адступіўся ад мяне́.
З-за таго тройчы маліў я Госпада, каб адышоў ад мяне,
Але Госпад сказаў мне́: даволі табе́ ласкі Мае́й, бо сіла мая завяршаецца ў слабасьці. Дык ахвотна больш буду хваліцца сваімі слабасьцямі, каб увайшла ў мяне́ сіла Хрыстовая.
але Ён сказаў мне: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц праз слабасць удасканальваецца». Таму найбольш ахвотна буду хваліцца сваімі немачамі, каб абжылася ўва мне магутнасць Хрыстова.
Дзеля гэтага я добрае мысьлі і ў слабасьцях, у крыўдах, у недастатках, у перасьле́даваньнях, у ўціску за Хрыста, бо, калі я слабы́, тады дужы́.
З-за таго падабаюцца мне і мае немачы, знявагі, нястачы, пераследаванні і прыгнёты дзеля Хрыста: бо калі я слабы, тады я дужы.
Я адурэў, хвалячыся; вы мяне́ прымусілі. Бо трэба было, каб вамі быў хва́лены, бо ні ў чым я ня горшы за найпе́ршых Апосталаў, хаця я й нішто.
Я стаўся неразумным, а вы мяне да гэтага давялі! Гэта вам бы належала мяне хваліць, бо нічым я не меншы за вялікіх апосталаў, хоць я нічога не варты.
Знакі Апостала сталіся ў вас у ўсякім цярпе́ньні, знаме́ньнях, цудах і сілах.
Знакі майго апостальства сталіся ў вас ва ўсякай цярплівасці, а таксама ў знаках, і цудах, і моцах.
Бо што ў вас, чым вы горшыя за другія Цэрквы? Хіба тое, што сам я ня быў вам цяжарам. Даруйце мне́ гэткую крыўду.
Ці ж вы меней атрымалі, чым іншыя цэрквы? Хіба адно толькі, што не быў вам цяжарам. Даруйце мне гэтую крыўду!
Вось, трэці раз я гатоў ісьці да вас і ня буду цяжкім для вас, бо шукаю ня вашага, а вас. Бо ня дзеці мусяць зьбіраць багацьце для бацькоў, але бьцькі для дзяце́й.
Ужо трэці раз збіраюся да вас прыбыць і не буду вас абцяжарваць, бо жадаю не вашага, але вас. Бо не дзеці бацькам павінны збіраць скарб, але бацькі дзецям.
Я ахвотна буду траціць сваё і аддаваць сябе́ за душы вашыя, хоць, любячы вас бале́й, я ме́нш карыстаюся вашай любоўю.
Я вельмі ахвотна панясу выдаткі і нават самога сябе аддам за душы вашы. Дык ці чым больш вас люблю, тым менш любові атрымаю?
Няхай так, што сам я не абцяжаў вас; але, як хітрун, мо’ подступа́м браў з вас?
Хай будзе і так, я не абцяжарыў вас, але, можа, калі б быў хітрым, подступам вас здабыў.
Ці-ж карыстаўся я чым ад вас праз не́кага з тых, каго пасылаў да вас?
Дык ці праз кагосьці з тых, каго пасылаў да вас, падмануў я вас?
Я папрасіў Ціта і паслаў з ім аднаго з братоў: ці скарыстаўся чым ад вас Ціт? Ці ня ў тым жа духу мы хадзілі? ня тымі-ж сьлядамі?
Папрасіў Ціта і паслаў з ім брата. Ці Ціт вас падмануў? Ці мы не хадзілі ў тым самым духу? Ці не па тых самых слядах?
Ці мо’ ізноў думаеце, што мы апраўдываемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысьце́ і ўсё, умілаваныя, дзеля вашага збудаваньня.
Вы ўжо даўно думаеце, што мы перад вамі апраўдваемся? На віду Бога ў Хрысце гаворым; а ўсё, найдаражэйшыя, на збудаванне вашае.
Бо баюся, каб, прыйшоўшы, не знайсьці мне́ вас ня гэткімі, як хачу, дый каб і вам не знайсьці мяне́, якім ня хочаце: каб не (знайсьці ў вас) калатні, зайздрасьці, гне́ву, сварак, абмаўляньняў, нагаво́раў, пыхі, бязладзьдзя,
Бо баюся, каб часам, прыйшоўшы да вас, знайсці вас не такімі, якімі хачу вас знайсці, ды ці і вы не знойдзеце мяне такім, якога вы не хочаце, каб часам не было ў вас спрэчак, зайздрасці, гневу, сварак, ачарненняў, абмовы, пыхлівасці, звадкі,
каб, як ізноў прыду, не панізіў мяне́ Бог мой у вас, ды каб не аплаківаў я многіх, якія саграшылі ране́й і не пакаяліся, і ў нячыстасьці, і ў блудзе, і ў распусьце, якую рабілі.
каб, калі прыйду да вас зноў, не ўпакорыў мяне Бог мой перад вамі і каб мне не прыйшлося аплакваць многіх сярод вас, якія раней саграшылі і не ўчынілі навяртання з нячыстасці, распусты ды разбэшчанасці, якую зрабілі.