2 да Карынфянаў 13 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Трэці гэта раз іду да вас: пры вуснах двух сьве́дкаў ці трох умацуецца кожнае слова (Другазаконьне 17:6).
 
Вось я ўжо трэці раз выбіраюся да вас: На вуснах двух або трох сведкаў угрунтуецца ўсякая справа.

Я папераджаў і папераджаю так, як быўшы ў вас другі раз; і цяпе́р, адсутны, пішу пе́рш да саграшыўшых і ўсіх другіх, што, калі зноў прыду, не памілую.
 
Сказаў я ўжо і паўтараю, як быўшы ў вас за другім разам і непрысутны цяпер, тым, што ўжо раней саграшылі, ды ўсім іншым, што, калі зноў прыбуду, не пашкадую анікога,

Вы шукаеце доказу, што ў-ва мне́ гаворыць Хрысто́с, Які не слабы́ для вас, але дужы́ ў вас.
 
бо вы шукаеце доказаў на тое, ці гаворыць ува мне Хрыстос, Які не слабы адносна вас, але моцны ў вас.

Бо хаця-ж Ён і раскрыжаваны ў бяссільлі, але жывы сілаю Божай; і мы таксама, хаця слабыя ў Ім, але будзем жывы з Ім сілаю Божаю ў вас.
 
Хоць Ён быў укрыжаваны з кволасці, аднак жыве з магутнасці Божай. І мы таксама бяссільныя ў Ім, але жыць будзем з Ім праз магутнасць Божую ў вас.

Выпрабуйце самых сябе́, ці вы ў ве́ры? Самых сябе́ дазнавайце. Ці вы ня ве́даеце самых сябе́, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы нягодныя.
 
Самі сябе даследуйце, ці трымаецеся веры; самі сябе выпрабуйце, ці не зведаеце аб саміх сабе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы адкінутыя?

Спадзяюся-ж, вы даве́даецеся, што мы не нягодныя.
 
Спадзяюся, што пазнаеце, што мы не адкінутыя.

Малюся-ж Богу, каб вы не рабілі ніякага зла, не каб нам паказацца годнымі, але каб вы рабілі дабро, мы-ж каб выдаваліся, як-быццам нягодныя.
 
Таму просім Бога, каб вы нічога благога не рабілі, не дзеля таго, каб мы паказаліся годнымі, але дзеля таго, каб вы рабілі дабро, а мы былі быццам бы адкінутыя.

Бо мы нічога ня можам супраць праўды, толькі за праўду
 
Бо не можам нічога рабіць супраць праўды, але для праўды.

Бо мы це́шымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; аб гэтым вось і молімся, аб вашай дасканаласьці.
 
Бо мы цешымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; пры тым і молімся аб вашай дасканаласці.

Дзеля гэтага я і пішу гэтае ў адсутнасьці, каб, прысутны ня ўжыў срогасьці водле ўлады, якая да́дзена мне́ Госпадам на будаваньне, а не на руйнаваньне.
 
Таму вось адсутны я пішу, каб прысутны ў вас не мусіў паступаць больш сурова, па ўладзе, якую даў мне Госпад на збудаванне, а не на руйнаванне.

Урэшце, браты, радуйцеся, рабе́цеся дасканалымі, пацяшайцеся, будзьце аднадумнымі, у згодзе, — і Бог любві і міру будзе з вамі.
 
Урэшце, браты, радуйцеся, будзьце дасканалымі, суцяшайце адзін аднаго, [будзьце] адной думкі, майце супакой, і Бог любові і супакою хай будзе з вамі.

Прывітайце адзін аднаго сьвятым цалаваньнем. Вітаюць вас усе́ сьвятыя.
 
Прывітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе святыя.

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста, і любоў Божая, і лучнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амін.
 
Ласка Госпада Ісуса Хрыста, і любоў Бога, і лучнасць Духа Святога з усімі вамі.