1 да Цімафея 2 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Дык пе́рш за ўсё прашу ўпрашаць, маліцца, умаляць ды дзякаваць за ўсіх людзе́й,
 
Дык, перш за ўсё прашу чыніць прашэньні, малітвы, маленьні, удзячнасьці за ўсіх людзей,

за цароў і за ўсіх, што наве́рсе, каб вясьці нам жыцьцё ціхое і спакойнае ў-ва ўсякай багабойнасьці і чыстасьці,
 
за валадароў і ўсіх начальнікаў, каб нам весьці жыцьцё ціхое і ціхамірнае са ўсёй набожнасьцю і чысьцінёй.

бо гэта добра і прые́мна перад Спасам нашым Богам,
 
Бо гэта добра і прыймальна перад Збаўцам нашым Богам,

Які хоча, каб усе́ людзі збавіліся і да пазнаньня дайшлі.
 
Які хоча, каб усе людзі былі зба́ўленымі і прыйшоўшымі да пазнаньня праўды.

Бо Бог адзін і адзін пасярэднік між Богам і людзьмі — чалаве́к Хрыстос Ісус,
 
Бо адзін Бог і адзін Пасярэднік паміж Богам і людзьмі — Чалавек Хрыстос Ісус,

што аддаў Сябе́ дзеля адкупле́ньня ўсіх, сьвядоцтва сваім часом,
 
Які аддаў Сябе дзеля адкупленьня за ўсіх: гэта (належыць да) сьведчаньня канца часоў (якім Ён гэта прызначыў).

дзеля Якога я пастаўлены зьвястуно́м і Апосталам (праўду кажу ў Хрысьце́, не маню), вучыцелем паганаў у ве́ры і праўдзе.
 
Дзеля гэтага я пастаўлены зьвястуном і Апосталам, — праўду кажу ў Хрысьце, ня лгу, — настаўнікам паганаў у веры і праўдзе.

Дык жадаю, каб на кожным ме́сцы маліліся мужы, узьнімаючы чыстыя рукі бяз гне́ву і сумляваньня;
 
Дык жадаю, каб мужчыны маліліся на ўсякім мейсцы, узьнімаючы чыстыя рукі бяз гневу і сумняваньня;

каб таксама й жанчыны, у прыстойнай вопратцы, са стыдлівасьцяй і мудрасьцяй аздаблялі сябе́ не пляце́ньнем валасоў, ані золатам, ані пэрламі, ані ша́тамі дарагімі,
 
каб таксама і жанчыны ў прыстойнай вопратцы са сьціпласьцю і разумнасьцю, каб упрыгожвалі сябе ні пляцэньнем валасоў, ні золатам, ні пэрламі, ні дарагой вопраткай,

але добрымі ўчынкамі (што прыстойна жанчынам, якія на багабойнасьць сябе́ пасьвяцілі).
 
але, як прыстойна жанчынам, якія спавядаюць багабойнасьць — добрымі ўчынкамі.

Жанчына няхай моўчкі вучыцца ўсякае пакоры,
 
Жанчына хай вучыцца моўчкі са ўсякаю пакораю.

а жанчыне, каб навучала, не дазваляю, ані каб мужам верхаводзіла, але каб у бязмоўнасьці была.
 
А жанчыне вучыць ня дазваляю, ні верхаводзіць над мужчынам, але быць у маўклівасьці.

Бо пе́рш створаны Адам, а пасьля Ева;
 
Бо першым быў створаны Адам, а потым Ева.

і не Адам быў спаку́шаны, але жана́, спаку́шаная, у праступку была,
 
І ня Адам быў спакушаны, але жонка, будучы абманутай, упала ў злачынства;

збаўлёна-ж будзе праз раджэньне дзяце́й, калі будзе трываць у ве́ры й любві ды ў сьвятасьці з мудрасьцяй.
 
але будзе збаўлена праз нараджэньне дзяцей, калі будзе трываць у веры і любові, і сьвятасьці з разумнасьцю.